Experty.by: “Адбываецца сур’ёзная змена пакаленняў. Рэвалюцыя!”

Музычны год зноў выдаўся насычаным: 67 альбомаў следам за 63-ма у 2011-м. Але справа, як заўжды, не ў колькасці. Кіраўнік праекта Experty.by Зміцер Безкаравайны распавядае Еўрарадыё, што галоўная інтрыга сёлета ствараецца вакол двух музычных “пакаленняў”:

Зміцер Безкаравайны: “Вынікі атрымаліся даволі нечаканымі, бо, калі глядзець на ацэнкі штатных экспертаў, у лідарах Зміцер Вайцюшкевіч, Палац і “Серебряная свадьба”. І думалася, што яны паміж сабой падзеляць усё ўзнагароды. Але калі прыйшлі анкеты замежных экспертаў, беларускіх журналістаў, якія дадаткова ўваходзяць у вялікае журы, ды народных экспертаў, дык высветлілася, што сітуацыя значна больш складаная. Моладзь паказвае зубы і нармальна так угрызаецца! Фактычна, адбываецца сур’ёзная змена пакаленняў. Рэвалюцыя!”

З цікавай моладзі Зміцер Безкаравайны адразу ж называе Clover Club, Akute, Sang Sattawood, Morfe, Shaman Jungle.

Лепшыя альбомы года традыцыйна вызначаць па 4-х незалежных версіях: штатных экспертаў (4 сталых аўтара сайта), вялікага журы (12 беларускіх крытыкаў), у якасці “народных экспертаў” свой выбар робяць наведвальнікі сайта. І самая экзатычная намінацыя — “замежнае журы”, у якое аб’ядналіся эксперты з пяці краін, з якімі мяжуе Беларусь.

Дарэчы, склад замежнага журы змяняецца кожны год. Беларускія альбомы 2012 слухалі: Аляксандр Філімонаў (Lenta.ru, Расія), Юлія Каламіец (Rock.kiev.ua, Украіна), Ярэк Шубрыхт (T-Mobile Music PL), Караліс Вішняўскас (Delfi.lt, Літва) і Каспарс Завілейскіс (Riga2014.org, Латвія).

Паслухаць усе беларускія альбомы 2012 года можна на сайце Experty.by

Пятая цырымонія музычных узнагарод Experty.by адбудзецца ў фармаце зачыненага прэс-мерапрыемства пры падтрымцы інтэрнэт-правайдэра Атлант Тэлекам"

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі