Электронныя звароты чыноўнікі друкуюць і разглядаюць як папяровыя

З 22 студзеня ў Беларусі афіцыйна можна звярнуцца да чыноўнікаў не толькі на паперы, але і праз інтэрнэт. На афіцыйных сайтах выканкамаў і міністэрстваў з'явіліся адмысловыя старонкі.


"У нас ужо пачаліся праблемы, — кажуць у Міністэрстве ЖКГ, куды звяртаюцца хіба часцей за ўсё. Там электронныя звароты пачалі прымаць даўно, яшчэ да ўвядзення закона. — Усё гэта робіцца на адным камп’ютары. Вельмі складана. Людзей шмат звяртаецца и з кожным днём усё больш. Невядома, як мы далей будзем спраўляцца. Хаця мы так думаем, што хутка ў нас усё будзе ў электронным выглядзе".


Пакуль, акрамя электронных зваротаў, захаваліся і звычайныя, таму на службы па працы са зваротамі гэта дадатковая нагрузка. Падобная сітуацыя склалася ў паліклініках пасля ўвядзення электроннай рэгістратуры. Але ж папяровую не адмянілі, таму даводзіцца адстаяць дзве чаргі замест адной.


Напісаць электронны зварот можна праз сайты міністэрстваў, камітэтаў і выканкамаў. Адказаць на яго павінны на працягу 15 дзён на электронную пошту ці на адрас заяўніка ў пісьмовым выглядзе. Але гэта толькі ў тым выпадку, калі бланк запыту запоўнены правільна і накіраваны па адрасе. У іншым выпадку зварот перанакіруюць ці напішуць прычыны адмовы.


"Паводле закона, мы павінны перанакіраваць у 5-дзённы тэрмін. Зараз мы для сябе прынялі новую форму. Калі ў звароце не запоўненыя ўсе графы, якія патрабуе закон, то мы пішам адказ, што ён не прыняты па такой-то прычыне".


У Гомельскім аблвыканкаме праграма не дазволіць даслаць зварот, калі там не запоўненыя ўсе пункты, таму адмоваў там яшчэ не было.


Але праца з электроннымі зваротамі не зусім да канца пераведзеная ў электронны фармат. Паведамленні, якія прыйшлі па электроннай пошце, раздрукоўваюць! А далей яны разглядаюцца, як звычайныя звароты на паперы.

Такі ж прыём заяваў пачалі весці і райвыканкамы, і Мінскі гарвыканкам. Апошні, дарэчы, адказваў на звароты праз форумы на афіцыйным сайце ўжо даўно. Але цяпер гэта будзе рэгулявацца законам, таму адказаў у форме: "Шаноўны Crazy Doctor", больш не будзе. Але ж і адказаць будуць абавязаныя на ўсе паведамленні, складзеныя правільна.


"Зваротамі праз электронную форму будуць займацца адміністратары раёнаў. Ёсць форумы, там непасрэдна будуць разглядацца ў гарвыканкаме. Трэба зарэгістравацца і пісаць пытанне", — тлумачаць Еўрарадыё ў гарвыканкаме.


За тры дні дзеяння закона ў Мінгарвыканкам праз інтэрнэт звярнулася больш за 50 чалавек.



Адправіць электроннае паведамленне можна на e-mail, у адмысловую рубрыку на афіцыйным сайце, а таксама на форум Мінгарвыканкама. Але на паведамленні на іншых форумах чыноўнікі не абавязаныя адказваць. У заяве павінна быць напісаныя: назва і адрас дзяржоргана, ваша прозвішча, імя, імя па бацьку, адрас, сутнасць звароту, адрас электроннай пошты. Калі чагосьці няма, то на працягу 5 дзён вам мусяць паведаміць, што заява не будзе разглядацца. Не будуць разглядаць таксама ананімныя паведамленні.


Адказ можа прыйсці: на e-mail ці на адрас, пазначаны ў заяве. Прычым на мове звароту (беларускай ці рускай). Адказ мусіць прыйсці на працягу 15 дзён з дня рэгістрацыі паведамлення.  Калі патрабуецца больш часу, то на працягу месяца, калі патрэбны запыт за мяжу, то на працягу 6 месяцаў, але пра гэта вам мусяць паведаміць. Пісьмовы адказ накіроўваецца, калі вы на гэтым настойваеце, ці паводле рашэння кіраўніка дзяржоргана. Адказ не даецца, калі ў паведамленні змяшчаецца падзяка ці няма нейкіх рэкамендацый, паведамленняў аб парушэннях.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі