Эксперт: Дэ-факта адбываецца нацыяналізацыя прыватнага прадпрыемства

На думку эканамістаў, сітуацыя з “Пінскдрэвам” супярэчыць Дырэктыве аб лібералізацыі, а на прыкладзе холдынгу ўлада дэманструе, як ставіцца да прыватнай уласнасці. На самім заводзе са звальненнем дырэктара не згодныя.

На “Пінскдрэве” ставяць пад сумнеў рашэнне мінскіх чыноўнікаў аб звальненні генеральнага дырэктара прыватнага холдынгу Ларана Арыніча.

 Пра гэта ў размове з Еўрарадыё заявіў кіраўнік дэпартамента па абслугоўванні кліентаў і сувязях са СМІ “Пінскдрэва” Дзмітрый Яковіч.

Дзмітрый Яковіч: “Генеральны дырэктар быў абраны Саветам акцыянераў на пэўны тэрмін — гэты тэрмін яшчэ не скончыўся. І зняць генеральнага дырэктара можа толькі той жа самы Савет акцыянераў. Не “Беллеспаперпрам”, які і раней спрабаваў рабіць нейкія намаганні ў гэтым плане, а менавіта Савет акцыянераў. Альбо можа Назіральны савет падтрымаць асабістае прашэнне аб адстаўцы”.

 

Нагадаем, позна ўвечары 5 студзеня дзяржаўны канцэрн “Беллеспаперпрам” вырашыў звольніць гендырэктара прыватнага прадпрыемства “Пінскдрэў” Ларана Арыніча. Заняць яго месца ўжо 10 студзеня мусіць новы чалавек — Аляксандр Суднік.

Дзмітрый Яковіч нагадаў, што дзяржава не мае ніводнай акцыі ў холдынгу. У склад канцэрна “Пінскдрэў” некалі ўвайшоў з ўласнай ініцыятывы і працягваў самастойна вырашаць усю сваю эканамічную, вытворчую, інвестыцыйную і кадравую палітыку. Аднак сітуацыю ўскладніў Указ №2, падпісаны кіраўніком краіны 3 студзеня. Згодна з ім, дзяржаўны “Беллеспаперпрам” будзе кіраваць прыватным холдынгам “Пінскдрэў”.

Дзмітрый Яковіч: “У адпаведнасці з Указам №2 мы зараз бясспрэчна падпарадкоўваемся кожнаму загаду канцэрна: як у кадравай палітыцы, так і ў камерцыйнай палітыцы. І калі мы кажам пра інвестыцыйныя праекты, пра замежныя інвестыцыі — то ў дадзеным выпадку як можна казаць аб прыцягненні інвестыцый, калі прыватны бізнес не застрахаваны ад умяшання дзяржавы? Прычым у гэтым дакуменце амаль слова ў слова паўтараецца адменены ў 2008 годзе ўказ аб “залатой акцыі”.

 

Эканаміст Сяргей Чалы ўпэўнены, што рашэнне па “Пінскдрэве” супярэчыць асноўнай логіцы Дырэктывы №4 аб лібералізацыі эканомікі. На яго думку, дэ-факта адбываецца нацыяналізацыя прыватнага прадпрыемства.

Сяргей Чалы: “Фактычна, гэта нават не вяртанне да інстытута “залатой акцыі”, а нават яшчэ горш: прыкрываючыся інтарэсамі выканання працоўнага заканадаўства, дэ-факта адбываецца нацыяналізацыя прадпрыемства. Альбо — прызначэнне адміністрацыі. А яна ўжо далей зможа рабіць што заўгодна, што несумненна супярэчыць асноўнай логіцы Дырэктывы №4 у пункце абароны правоў уласніка”.

 

Гендырэктар “Пінскдрэва” Ларан Арыніч пакуль выконвае свае абавязкі. Але ўжо 10 студзеня збяруцца акцыянеры холдынгу, і можа быць прызначаны новы кіраўнік. На думку эканаміста Леаніда Заікі, сход 10 студзеня яскрава праэкзаменуе дырэктыву аб лібералізацыі: будзе яна працаваць ці застанецца толькі на паперы.

Леанід Заіка: “Само пасяджэнне і вынікі Назіральнага савета будуць цікавымі з пункту гледжання абароны права ўласнасці ў Беларусі. Ёсць Дырэктыва №4. Прайшло пяць дзён — і адразу такі тэст. Тэст на намер улады паважаць прыватную ўласнасць, на тое, як людзі, якія задзейнічаныя ў эканамічнай сферы, успрымаюць сваю ўласнасць. І гэта будзе вельмі паказальна для таго, што ў нас называецца працоўнымі калектывамі. Калі ўсё пройдзе паводле сцэнара канцэрна, то можна будзе сказаць, што для Дырэктывы №4 пастаноў прымаць неабходнасці няма — усё і так зразумела”.

 

Асабліва заўважна, кажа эксперт, гэта адаб’ецца на замежных інвестыцыях: на прыкладзе “Пінскдрэва” ўлада прадэманструе, як ставіцца да прыватнай уласнасці.

Еўрарадыё пацікавілася ў канцэрне “Беллеспаперпрам”, як яны ставяцца да таго, што дзяржава сваім рашэннем бярэцца кіраваць прыватным прадпрыемствам. Але ў прыёмнай старшыні канцэрна нас накіравалі чытаць адпаведны прэзідэнцкі ўказ.

Супрацоўнік “Беллеспаперпрама”: “Быў апублікаваны ўказ прэзідэнта №2 ад

 

3 чысла. Пачытайце, параўнайце — і вам усё адразу стане зразумела”.

 

Еўрарадыё: “А калі раптам Савет акцыянераў пойдзе на канфрантацыю з канцэрнам?”

 

Супрацоўнік “Беллеспаперпрама”: “Пачытайце ўважліва ўказ №2”.

 

Еўрарадыё: “Канфрантацыя, на ваш погляд, немагчымая”?

Супрацоўнік “Беллеспаперпрама”: “Так”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі