Эканаміст: Заробак у 700 долараў непад’ёмны для Беларусі

120829 Martynovi4 Zarobak.mp3

На думку экспертаў, каб павышаць зарплату далей, прыйдзецца прадаваць прадпрыемствы.

Старшыня Мінгарвыканкама Мікалай Ладуцька абяцае мінчукам заробак у 700 долараў ужо ў наступным годзе. Цяпер жа, па словах чыноўніка, жыхары сталіцы атрымліваюць па 580.

Ідзем на вуліцу ў пошуках людзей з такім заробкам.

Настаўніца нямецкай мовы Кацярына не мае і паловы ад агучанай гарадскімі ўладамі сумы. Вымушаная эканоміць…

Кацярына: “Стаж невялікі, таму атрымоўваецца крыху больш за 2 мільёны ў месяц. За такія грошы можна толькі хадзіць у краму за прадуктамі. І кошты абганяюць заробак, вялікая інфляцыя”.

Апошні раз заробак ёй падымалі ў жніўні.

Наталля працуе эканамістам на пошце. Атрымлівае на 150 долараў менш, чым сярэдні заробак па сталіцы. Грошай на годнае жыццё таксама не хапае, кажа Наталля.

Наталля: “Год таму я вяла больш дастойны лад жыцця. Цяпер даводзіцца адмаўляць сабе ў вопратцы, у культурнай праграме. Дзіцяці яшчэ атрымліваецца вопратку набываць, сабе – не”.

У выніку, сустракаем бармэна Юлію, якая зарабляе больш за 500 долараў. Пашанцавала! Юлія здымае кватэру і… баіцца, што заробку неўзабаве ўжо не будзе хапаць.

“Я б зменшыла кошты, а заробак бы наадварот падняла — дае сваю параду па паляпшэнні дабрабыту Юля.Калі ў канцы года кошты ўзрастуць, а заробак – не, то будзе зусім нявыгадна здымаць кватэру”.

Сярод дзясятка апытаных толькі двое бармэнаў і адна выкладчыца ўніверсітэта атрымліваюць сярэдні заробак па сталіцы.

Не дзіўна… Мінэканомікі падлічвае, што сярэдні заробак па краіне атрымлівае толькі 40% камерцыйных работнікаў. Астатнія – менш.

А ці не нашкодзіць павышэнне заробкаў эканоміцы? На думку эканаміста Леаніда Заікі, гэта дрэнна паўплывае на прыток грошай у Беларусь і курс рубля.

Як мяркуе эканаміст Леанід Злотнікаў, грошы на павышэнне заробкаў з’явіліся, бо Нацбанк штучна стрымлівае інфляцыю. А каб павышаць зарплату далей, прыйдзецца прадаваць прадпрыемствы.

Леанід Злотнікаў: “Нацбанк штучна стрымлівае інфляцыю. Калі б не гэтае стрымліванне — заробак так моцна не вырас бы. Але доўга так нельга стрымліваць. Заробак быў 345, стаў 500. А як падтрымліваць гэты высокі ўзровень у наступным годзе, адкуль браць рэсурсы? Можна пазычыць, але шмат нам цяпер не дадуць. Можна прадаць “Беларуськалій” і на адзін год павысіць заробак, а што далей? Вядома, тое што цяпер робіцца — непад’ёмна для Беларусі”.

Павышэнне зарплаты па краіне, як і на любым прадпрыемстве, выклікае праблемы.

“Як толькі цябе прымушаюць павышаць заробак на прадпрыемстве, значыць, ты мусіш аддаць больш з таго, што ты зарабіў. Значыцца, пагаршаецца эканамічны стан самога прадпрыемства, зніжаецца прыбытак”, — тлумачыць эканаміст Сяргей Чалы.

А вось акадэмік Пётр Нікіценка вітае рост заробкаў і… не баіцца скачкоў курсу.

Пётр Нікіценка: "Заробак мусіць быць не ніжэйшы, чым у Польшчы, Прыбалтыцы, Расіі, тады ўсё стане на месца. Для нашай эканомікі цвёрды рубель не дасць быць канкурэнтаздольным на рынку. Нельга жыць у марах, што ў нас не будзе інфляцыі, дэвальвацыі, а заробак не будзе абясцэньвацца”.

Пётр Нікіценка прарочыць новыя грошы па ўсім свеце. А перад гэтым “сусвет абрынецца і мы за ім”, — прадракае эксперт.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі