Эканаміст: Курс долара вырас з-за росту заробкаў

110804 Rugain Kurs.mp3

Пасля часовага зацішша курс долара на "чорным" наяўным рынку імкліва пайшоў уверх, на сайце prokopovi.ch курс усталяваўся на мяжы 6735 рублёў. Еўрарадыё запыталася ў эканамістаў, што такое адбываецца ў эканоміцы, што долар расце?

На думку фінансавага аналітыка Сяргея Чалага, насельніцтва пачало здаваць менш валюты, бо знаходзіцца ў дэвальвацыйным чаканні.

"Тэхнічна гэта звязана з тым, што менш пачалі прадаваць. Таму, каб збалансаваць попыт і прапанову, курс расце. А менш прапановаў стала таму, што відавочна з'явіліся дэвальвацыйныя чаканні зыходзячы з апошніх прызначэнняў і заяваў аб тым, што ў другой палове жніўня могуць прыняць нейкія канчатковыя рашэнні па курсе".

На думку аналітыка Вадзіма Іосуба рост долара звязаны з тым, што людзям паднялі заробкі і адбылося павялічэнне попыту на долары, а прапанова не змянілася.

"Хутчэй за ўсё гэта можна звязаць з індэксацыяй заробкаў і пенсій, якая адбывалася пачынаючы з ліпеня. Зноў адбываецца рост грашовай масы і пры нязменнай прапанове долараў, рост грашовай масы вядзе да росту курса. Гэта стандартная дэвальвацыйная спіраль. Яна можа быць дэвальвацыйнай і інфляцыйнай. Гэта ўжо праходзілі ў 90-х, калі ў адказ на рост коштаў павышалі заробкі, што зноў прыводзіла да росту коштаў. Выхад з гэтай сітуацыі — жорсткая грашова-крэдытная палітыка, трэба перастаць павялічваць грашовую масу, але палітычна гэта непрымальна".

Калі ж адбудзецца чарговая дэвальвацыя, валюта ўсё адно можа не з'явіцца ў абменніках пакуль будуць захоўваюцца абмежаванні.

"Прызначыць курс у 10 тысяч, надрукаваўшы кучу грошай, відавочна, гэтыя 10 тысяч будуць тут жа пераплюнутыя. Адзінае выйсце гэта курс вызваляць і рабіць яго рынкавым. Каб ён вызначаўся на біржы, ці дадатковай сесіі за кошт попыту і прапановы. Адміністратыўна прызначыць нейкую лічбу, каб яна была рынкавай, немагчыма, бо рынак так не працуе", — кажа Вадзім Іосуб.

Калі банкі і далей не змогуць набываць валюту на біржы для абменнікаў, то дэвальвацыя праблемы не вырашыць, бо валюта там не з'явіцца, распавядае Сяргей Чалы.

"Калі па-ранейшаму будзе забарона на адхіленне у 2 працэнты, і камерцыйныя банкі не будуць мець магчымасці пакупаць валюту на біржы, то падрасце і чорны курс. Тут сэнс у тым, што дастаткова будзе паставіць курс крыху больш чым у камерцыйных банках, то валюты там зноў не будзе. Які сэнс яе туды несці".

Калі казаць пра безнаяўны курс, які ўжо усталяваўся ў раёне 7 тысяч, то ён можа застацца нязменным, лічыць Вадзім Іосуб.

"Мы бачым рост наяўнага агрэгата менавіта за кошт індэксацыі заробкаў і пенсій. Пры гэтым, нібыта, адбываецца скарачэнне эмісійнага фінансавання дзяржпраграм, менавіта таму безнаяўны курс апошнія 2 месяцы больш менш стабільны. Калі ўлады сарвуцца і зноў пачнуць крэдытную экспансію, то ён зноў пачне расці".

Сяргей Чалы лічыць, што безнаяўны курс заўсёды будзе вышэйшым за наяўны, пакуль захаваецца абавязковы продаж 30% валютнай выручкі па курсе Нацбанка. Прадпрыемствы будуць прадаваць іншую валюту даражэй, каб у сярэднім атрымаўся выгадны курс.

За кошт росту курса на "пракаповічы" могуць вырасці і кошты на тавары ў прадпрымальнікаў, якія там набываюць валюту.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі