Егіпцяне: Мы шчаслівыя, што нарэшце можам выбіраць

Махамад Салем, суддзя, сябра выбарчай камісіі ў жаночай школе Аль Канна: "Канешне, гэтыя выбары вельмі адрозніваюцца ад папярэдніх, але я вельмі стаміўся: раней выбары былі толькі дзень, а цяпер - два дні, і гэтую ноч мне трэба правесці на выбарчым участку. А яшчэ вельмі шмат людзей сталага веку, незразумела чаму – можа, яны не хочуць плаціць гэты штраф у 500 фунтаў за няўдзел у выбарах, можа, хочуць паўдзельнічаць у лёсе краіны, але ім усім патрэбная дапамога ў працэсе, гэта выматвае. А яшчэ некаторыя жанчыны ня ведаюць, як чытаць і пісаць, і мне пастаянна прыходзіцца ім дапамагаць і ўсё тлумачыць. Але я шчаслівы, што цяпер у нас ёсць выбар!"


Ахмар Лутві, суддзя, сябра выбарчай камісіі ў мужчынскай школе Эль Фарма : "З моманту адкрыцця ўчастка ўжо паспела прагаласаваць каля 100 чалавек, з іх 3 ці 4 - інваліды ці вельмі старыя людзі. Пад участкам стаіць чарга. На папярэдніх выбарах людзей было мала, а на гэтых - вельмі шмат. На апошніх выбарах у 2010 я толькі назіраў, цяпер я непасрэдна кірую працэсам і адказваю за галасы." 


Ібрагім Абдэль Хані, дырэктар школы Аль Фарма: "Так, натуральна, выбары зусім іншыя! Напрыклад, раней паліцыянты стаялі проста ва ўчастках, зараз іх няма ці яны звонку. Раней яны маглі стаяць на ўваходзе і выбіраць, каго прапускаць для галасавання, а каго не. А цяпер прыходзяць шчаслівыя людзі, з адкрытай душой, з прагай дэмакратыяй і верай у тое, што яны могуць змяніць сваю краіну. Гэтыя людзі ўнутры - дасведчаныя настаўнікі, яны, і таксама я, суддзя, мы ўсе будзем лічыць галасы, звонку нас будуць ахоўваць міліцыя і ваенныя, таму мы ўпэўненыя ў празрыстасці і сумленнасці вынікаў."


Старшыня камісіі Саід Аль Маср (галоўны суддзя ў палітычнай партыі) адказвае на пытанне, чаму урны не запячатаныя, а проста замкнёныя на замочкі: "Я адказваю галавой за гэтыя скрыні, ніхто не мае права іх адчыняць, акрамя мяне, ці нешта туды дакідваць, нават іншы суддзя, нават ваенныя. Я гарантую гэта, бо я суддзя і мне давярае народ"

Падзяліліся думкамі і выбарцы, што прыйшлі прагаласаваць у школы Эль Фарма і Аль Канна. Часам складвалася ўражаньне, што выбары арганізуюць мужчыны і для мужчын, але Ціна Сікорская адшукала і некалькі выбарніц, якія з малымі дзецьмі выбраліся на выбары. Аказваецца, раней ім указвалі, за каго і як трэба галасаваць. Многія жанчыны ў Егіпце ўвогуле непісьменныя. Егіпцянкі, у адрозненне ад егіпцянаў, прадстаўляліся толькі па імёнах. Дый увогуле, калі б карэспандэнтка Еўрарадыё была карэспандэнтам, яна не мела б права гутарыць з «чужымі» жанчынамі на вуліцах.

Дзіна, студэнтка: "Гэта мае першыя выбары, гэта для мяне свята! Я вельмі рада і задаволеная ўсім: і арганізацыяй, і атмасферай!"


Дуайя і Марыям, дамашнія гаспадыні: "Нам вельмі падабаецца! Мы адчуваем, што ўжо больш дэмакратыі, не так, як у папярэднія выбары! Мы ўпэўненая, што ўсё падлічаць сумленна: суддзя дазволіў мне выбіраць, за каго галасаваць, ніякага кантролю, ніякіх складанасцяў і поваду ня верыць  ім, я адчуваю сябе свабоднай!"


Фатхі Махмуд Ахмед Асмар, кансультант па агрыкультуры: "Я адчуваю вялікую розніцу паміж гэтымі выбарамі і папярэднімі! Па-першае, цяпер вельмі бяспечна галасаваць, а па-другое, з'явілася магчымасць набыць паслугі чалавека, які можа прагаласаваць за цябе, калі ты хворы ці не ў стане прагаласаваць."


Самахір, студэнт, галасуе ўпершыню: "Я вельмі шчаслівы, гэта былі мае першыя выбары! Усё вельмі выдатна арганізавана, асабліва бяспека."


Калед Закір, інжынер-электрык: Вы бачыце, як шмат тут людзей, з самай раніцы: мужчыны і жанчыны з дзецьмі стаяць у чэргах, каб адсвяткаваць дэмакратыю сваёй краіны, людзі шчаслівыя, паглядзіце! Усе людзі паўсюль гатовыя на ўсё дзеля рэвалюцыі!

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі