Дзяржаўныя прэміі: шматдзетнай маці — 2,5 мільёны, камбайнёру — 9

120113 Martin Premii.mp3

“Гэта прэмія ў галіне мастацтва, даецца раз у два гады. Нам далі за помнік Купалу ў Маскве”, — распавядае пра прэмію Саюзнай дзяржавы беларускі скульптар Сяргей Гумілеўскі, - Па грошах гэта вялікая сума, каля 100 тысяч долараў. Нам далі на 5 чалавек”.


Прэмія Саюзнай дзяржавы — больш за 5 мільёнаў расійскіх рублёў ці 1,5 мільярды ў беларускіх.

Як даведалася Еўрарадыё, скульптар Сяргей Гумілеўскі атрымаў каля 20 тысяч долараў. Грошы пайшлі на скульптуры, прызнаецца ён.

“Шмат творчых прац гэта ў першую чаргу, бо цяпер гэта дорага. Назбіралася шмат твораў, якія хацелася адліць”.

Прэміраваным лекарам такія сумы і не сніліся. Ад Мінгарвыканкама ў якасці прэмій яны атрымаюць толькі 1,8 мільёнаў. Затое цэлых 150 чалавек супрацоўнікаў медустановаў ва ўсім Мінску. А “чалавек году” ў Ляхавіцкім раёне і таго менш — 350 тысяч рублёў.

Прэмія кіраўніка краіны дзеячам культуры і мастацтва за 2011 год меней расійскай — крыху больш за 12 мільёнаў. Столькі ж атрымоўваюць спартоўцы ў выглядзе прэміі “Беларускі спартовы алімп”.

Летась гэтую ўзнагароду атрымаў трэнер каманды па грэблі на байдарках і каноэ Уладзімір Шантаровіч. Куды патраціў, сказаць не можа, бо тая сышла незаўважна.

“Я нават не памятаю, колькі там даюць. Нейкія там грошы. Прыемна прэзідэнт уручае. Гэтая прэмія неяк улілася ў агульны заробак, я і не заўважыў, куды патраціў. Здаецца, на гаспадарку”.


Выхавацельніца сямейнага дзіцячага дому ў Нясвіжы Галіна Бушмакіна прэмію за “Духоўнае адраджэнне” наадварот — заўважыла. 12 мільёнаў пойдуць на рамонт кватэры прыёмнай дачкі.

Муж вырашыў гэтае пытанне кардынальна. Прыёмная дачка будуе кватэру. Там трэба грошы на балкон. Потым яшчэ канапу ёй трэба набыць”, — падлічвае Галіна.


Пераможца “Дажынак 2011” — камбайнёр Уладзімір Корсак атрымаў прэмію ў 9 мільёнаў і камп’ютар. Узнагароду патраціў на гаспадарку, камп’ютар аддаў сыну.

“Была прэмія 9 мільёнаў і камп’ютар. Прэмія пайшла на хатнія справы усё для дома. Камп’ютар адзін у мяне ёсць, дык той аддаў сярэдняму сыну”.


Настаўніца замежнай мовы Інэса Зубрыліна летась стала настаўнікам году. Прэмія ў яе менш за камбайнёрскую, затое падарунак каштоўнейшы: машына “Лада” 12-ай мадэлі.

“На працу пешшу хаджу, бо блізка. А так, езджу, дзякуй на колах цяпер. У мяне “Лада” 12-ая мадэль. Там яшчэ прэмія была невялікая каля мільёну”.


Маці-гераіні, якія нарадзілі 5 і больш дзяцей атрымліваюць ордэн і грашовую ўзнагароду, якая ў тры разы менш за камбайнёрскую. Крыху больш за 2,5 мільёны рублёў.

Фота: ivanteevka.org

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі