Дзяржава выдае службовую кватэру... святару

120420 Martin Kvartira.mp3

Дзіўна, але за подпісам прэм’ер-міністра Мясніковіча кватэру ў Гродне атрымлівае святар Аляксандр Грыб. На час, пакуль ён будзе служыць (!) у жаночым манастыры. А як жа… царква асобна ад дзяржавы!?


“Гэта я вам хачу сказаць!... У жаночым манастыры ёсць ігумення Гаўрыыла, ён дзякуючы ёй атрымаў жыллё. Не сам ён атрымаў, а хай моліцца за яе, яна паклапацілася. Яна ўваходзіць ў дзяржаўныя структуры, бо яна ў нас адна такая. Тым больш манастыр праводзіць вялікую працу, многія там прытулак знаходзяць, а доўг плацяжом добры. А улады знайшлі магчымасць, знайшлі жыллё… але гэта адзінкавы выпадак”, - тлумачаць Еўрарадыё ў аддзеле па рэлігіі і нацыянальнасцях Гродзенскага аблвыканкама.


Тое, што царква асобна ад дзяржавы, нікога не турбуе. Чыноўнікі на гэта адказваюць цытатамі кіраўніка краіны… Маўляў, ён забараніў аддзяляць адно ад другога.


“У нас падпісанае пагадненне аб супрацоўніцтве між дзяржавай і праваслаўнай царквой. І наш прэзідэнт казаў, каб не ўзгадвалі, што царква асобна ад дзяржавы. Мы з царквой супрацоўнічаем ва ўсіх накірунках”, - тлумачаць у аблвыканкаме.


Пакуль кватэру клірыку храма святога благавернага Аляксандра Неўскага яшчэ не далі. Пра выдзеленую жылплошчу ён прыгадвае неахвотна. Бо чакае засялення.


“Выдзеліць кватэру – выдзелілі, але яшчэ не выдалі. Калі дадуць, паведамяць у аблвыканкаме”, - распавядае Аляксандр Грыб.


Засялення ў кватэру на 80 квадратаў святар чакае на здымнай. Жыве разам з жонкай, хутка ў іх народзіцца трэцяе дзіця. А кватэру ім здымае... ігумення манастыра.


“Я ў Гродна ўжо 1,5 гады. Пакуль кватэру здымаю, матушка ігумення дапамагае”, - кажа святар.


Дарэчы, кошт такой кватэры ў Гродна складае ад 40 да 80 тысяч долараў.

Фота: hilm.ru, pravo.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі