Дзе размесцяцца новыя пункты пропуску на літоўскай мяжы? (мапа)

“Я думаю, што тое, што цяпер адбываецца на мяжы, асабліва з Беларуссю, не робіць гонару нам усім, а перавозчыкаў не вельмі задавальняюць тыя ўмовы, якія ёсць. Зразумела, што за дзень-два немагчыма вырашыць сітуацыю, патрэбныя стратэгічныя рашэнні", — заявіў журналістам міністр замежных спраў Літвы Лінас Лінкявічус, які раней, дарэчы, працаваў амбасадарам у Беларусі.

121221_pilecki_litva.mp3

І дадаў, што Літва плануе адкрыць на беларускай мяжы яшчэ два міжнародныя пункты пропуску. У Памежным камітэце Беларусі праблему таксама прызнаюць. І нават гавораць, што першымі прапанавалі літоўцам павялічыць колькасць пунктаў перасячэння мяжы.

“Ініцыятыва, так скажам, не літоўскага боку. Гэта беларуская прапанова. Мы накіроўвалі ноту літоўскаму боку, дзе прапаноўвалі перавесці пункты пропуска Відзы-Тварачус, Мольдзевічы-Адуцішкіс і Лоша-Шумскас у лік міжнародных. Яны ўжо некалі такімі былі”.

Міжнароднымі яны былі да траўня 2004 года — да моманту ўступлення Літвы ў Еўрасаюз. Потым змяніліся нормы і большасць пунктаў пропуску (а іх агулам было 16) ператварыліся ў пункты са спрошчаным пропускам. Ездзіць там могуць толькі жыхары з мясцовай рэгістрацыяй. Няма на такіх пунктах і мытнікаў — увесь дагляд праводзяць памежнікі.

Цяпер міжнароднымі лічацца толькі чатыры пункты пропуску — Прывалка ля Друскенікаў, пераход у Беняконях, Каменны Лог і Катлоўка. Адкрыццё яшчэ двух-трох значна палепшыла б сітуацыю на мяжы (шматкіламетровыя чэргі на ёй даўно не навіна). Але ёсць праблема. Літоўцы плануюць спачатку падпісаць дамову аб так званым “спрошчаным памежным руху”, якая б дазволіла беларусам ездзіць у Літву без візы. Праўда, у зону гэтага руху літоўцы не хочуць уключаць Вільню, Гэта беларусам недаспадобы. У дадатак, Мінск настойвае, што спачатку трэба пабудаваць неабходную інфраструктуру.

“Беларускі бок прапаноўваў спачатку стварыць інфраструктуру, пункты пропуска абустроіць. Бо і так ёсць з гэтым праблемы. А калі мы спачатку адкрыем новыя ПП, то гэта будзе нелагічна”, — тлумачаць у Памежным камітэце.

Выглядае гэта, насамрэч, лагічна. Калі не ведаць, што Беларусь хоча атрымаць грошы на рэканструкцыю памежных пераходаў ад ЕС. Аб гэтым кіраўнік Мытнага камітэта Беларусі Аляксандр Шпілеўскі 20 снежня размаўляў са сваім літоўскім калегам Антанасам Шыпавічусам падчас сустрэчы ў Каменным Логу. Наступны раунд перамоваў пройдзе ў лютым.

Зялёным колерам пазначаныя старыя міжнародныя пераходы, чырвоным - магчымыя будучыя.

“Ініцыятыва, так скажам, не літоўскага боку. Гэта беларуская прапанова. Мы накіроўвалі ноту літоўскаму боку, дзе прапаноўвалі перавесці пункты пропуска Відзы-Тварачус, Мольдзевічы-Адуцішкіс і Лоша-Шумскас у лік міжнародных. Яны ўжо некалі такімі былі”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі