Дызайнер — пра сукенку Ланской са стразамі: "Гэта будзе кальчуга"!

130417_savich_lanskaja.mp3

Паводле слоў Алёны Ланской, яе сукенка на "Еўрабачанне" будзе расшыта 70 тысячамі стразаў Свароўскі. Прадзюсар спявачкі Дзмітрый Баранаў сукенку яшчэ не бачыў, “яна толькі робіцца”.

Еўрарадыё вырашыла ўразіць беларускіх дызайнераў.

“70 тысяч стразаў?! Гэта будзе вельмі цяжкая сукенка. Кілаграмаў 7-10”, — кажуць вядомыя віцебскія дызайнеры Таццяна Яфрэмава і Тамара Гарыдавец.

“Думаю, будзе нязручна, калі танец. Такая сукенка больш для подыума, для выхаду. Танцаваць у ёй будзе немагчыма. Мо яе скінуць падчас выступу, як гэта зрабіла Агурбаш на сваім выступе некалькі гадоў назад”, — мяркуюць дызайнеры.


Кошты на каменьчыкі вагаюцца ад 600 да 7300 рублёў, а на каменьчыкі са спецыяльным пакрыццём з адмысловым бляскам якраз для сцэны — ад 850 да 1600 рублёў за штучку. Паводле самых сціплых падлікаў, сукенка абыдзецца прыкладна ў 14 тысяч долараў.

На пытанне, якую сукенку можна пашыць за такую суму, дызайнеры кажуць, што за падобныя грошы — сукенкі ў членаў каралеўскіх сем'яў, не інакш.

"Гэта вельмі дарагія тканіны, французскія карункі, адмысловая вышыўка кшталту як на вясельнай сукенцы англійскай прынцэсы. Такія сукенкі шыюць топ-дызайнеры".


Мастацкі кіраўнік рэспубліканскага фестывалю "Млын моды" дызайнер Святлана Гнядзёнак не ўяўляе бландынку Ланскую ў стразах.

"Такая колькасць стразаў — гэта можа быць на парчы, і гэта, вядома, болей для брунеткі, такой смуглай, не для бландынкі, бо на брунэтцы гэта будзе выглядаць элітна і прыгожа".

Святлана таксама лічыць, што такая колькасць стразаў — гэта перабор.

"Можна зрабіць россып каменьчыкаў, і гэта было б вельмі прыгожа і глядзелася б. Я думаю, гэта будзе кароткая сукенка, уся ў стразах, але яна павінна быць дастаткова эластычнай, каб можна было танчыць. Такі від кальчугі са стразамі".


Як будзе Ланская спраўляцца з такой цяжкай сукенкай, невядома, але спявачка Гюнэш колькі гадоў таму таксама выступала ў сукенцы, вышытай камянямі. Яе строй важыў каля двух кілаграмаў. Спявачка кажа, што вага — гэта справа вопыту, і спадзяецца, што ў Алёны Ланской на "Еўрабачанні" ўсе атрымаецца.

Фота: ctv.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі