У Мінску прэзентавалі адроджаную "Песню пра долю" Песняроў

120420 Ma6a Dolja.mp3

Пасля амаль
40-гадовага перапынку на сцэне сталічнай філармоніі зноў загучала песняроўская “Песня пра долю”. Рок-опера, якая была
напісаная Ўладзімірам Мулявіным на
вершы Янкі Купалы, набыла новае,
аркестравае гучанне. Аднак для аднаўлення забытага шэдэўра спатрэбіліся добрыя
вушы і не адзін месяц працы.

“Па-першае, нот не было. Захаваўся запіс кепскай якасці з
нейкага канцэрту, дзе чуваць і тупат па сцэне, і як высокая нота ў Кашапарава
гучыць ці апладысменты, дык не чуваць увогуле таго, што граецца,
- распавядае гісторыю рэінкарнацыі твора музыка і
аранжыроўшчык народнага аркестра імя Жыновіча Аляксандр Крамко. - І гэта
ўсё трэба было расшыфраваць. Адразу мне давялося ўсё гэта зняць, а потым ужо я
рабіў партытуру, захоўваючы задумы Ўладзіміра
Мулявіна
- але гэта ж аркестр! – і дадаючы сваё. Але я намагаўся пакінуць
дух таго часу”.

maci maja maci 1.mp3


Галоўныя героі “Песні пра долю” – беларускі мужык і
ягоны цяжкі шлях ад нараджэння да смерці. У арыгінальнай версіі ролю Сына і Мужыка
выконвалі Леанід Барткевіч і Анатоль Кашапараў. У адноўленай - вобразы
былі аб’яднаныя і шыкоўна пададзеныя спеваком Янам Жанчаком.

“Сапраўды, роля – цэласная. І тое, што яе гралі ў арыгінальнай
“Песні пра долю” два чалавекі, мне здаецца, тады яна была разбітая. А зараз я
сабраў гэтую ролю ў адно ўвасабленне, і мне падабаецца так нашмат больш. Так
што, мне падабаецца і роля Сына, і роля Мужыка, і проста роля гэтая, і сам твор
таксама”,
- дзеліцца
ўражаннямі ад працы над роляй Ян Жанчак.

kasa 1.mp3

elf1.mp3

У вобразе Маці-Жонкі на сцэне з’явілася артыстка
тэатра музычнай камедыі Кацярына Дзегцярова.
Ролю Янкі Купалы, якую Ўладзімір Мулявін напісаў для сябе, у
новым варыянце “Песні пра долю”
выканаў Пётр Ялфімаў. Перад спеваком
стаяла няпростая задача – паказаць сутнасць і прызванне Паэта, быць тым прарочым голасам, які жыве ў вяках.

“Калі шчыра, мне хацелася б сыграць гэтую ролю яшчэ,
яшчэ, яшчэ і яшчэ, -

кажа Пётр Ялфімаў. - Таму што тут галоўнае не вакальныя дадзеныя,
а менавіта акцёрскае майстэрства, якое трэба кожны божы дзень удасканальваць.
Наколькі я паспеў, наколькі я прасякнуўся гэтым творам? Я паспрабаваў данесці.
Мне хацелася б думаць, што ўсё атрымалася. Але заўсёды можна лепш і глыбей”.


Ідэя ўваскрэсення “Песні пра долю”, яе рэінкарнацыя і
пастаноўка належаць мастацкаму кіраўніку і дырыжору народнага аркестра імя
Жыновіча, прафесару Міхаілу Казінцу
і артысту аркестра Аляксандру Крамко.
У выкананні аркестра твор Мулявіна
набыў цікавую, падкрэслена фолькавую інтэрпрэтацыю дзякуючы цымбалам. Рэжысёрам
праекту выступіла Ларыса Сімаковіч, адсюль
– глыбіня, сімвалічнасць і яскравасць вобразаў. Але галоўнае, цяпер “Песня пра долю” можа быць выкананая
кім заўгодна: ёсць жа ноты!

“Я думаю, што гэта музыка не з’яўляецца сучаснай ці
несучаснай. Гэта музыка, якая ёсць музыкай. Яе можна перакласці для любога
інструменту і нават у хэві-метал – у нешта больш цяжкое – і ўсё роўна “Песня пра долю” будзе вельмі добрым,
вельмі цікавым, па-філасофску насычаным музычным творам”,
- мяркуе Ян
Жанчак
.

Аўтары і музыкі
праекту спадзяюцца, што “Песня пра долю”
патрапіць у сталы рэпертуар філармоніі і будзе ні раз паказаная беларускай
публіцы. А Аляксандр Крамко абяцае, што працягне свае “археалагічныя раскопкі”
песняроўскай спадчыны.

Аляксандр Крамко

 

“Так цікава было! Усё роўна як гісторыкі ці археолагі
залазяць у зямлю , адкопваюць нешта – таксама і я ў нейкім сэнсе падобнае
зрабіў, узнавіў,
- смяецца Аляксандр Крамко. - І дай Божа, ужо застануцца ноты, і няважна,
хто будзе граць, у якім складзе – аркестр ці ансамбль – але будзе ўжо ад чаго
адштурхнуцца”.

Кацярына Дзегцярова ў ролі Маці-Жонкі

Фальклорны тэатр "Госьціца"

 

dolia jan 1.mp3


 

viaselle 1.mp3

 

 

final 1.mp3