Добраахвотным дружыннікам магілёўскай ДАІ быў раней асуджаны?

Больш за паўгода таму студэнт Андрэй Кухараў скардзіўся ў Магілёўскую абласную пракуратуру на збіццё супрацоўнікамі ДАІ. Хлопец сцвярджаў, што яны пераследвалі яго аўтамабіль на машыне добраахвотнага дружынніка Каравацкага без апазнавальных знакаў. Пра гэты выпадак летась пісала Еўрарадыё.

Пасля таго, як хлопец азнаёміўся з вынікамі пракурорскай праверкі, яму стала вядома, што дружыннік мае судзімасць за крадзеж і некалькі адміністратыўных пакаранняў. Пры гэтым патрулюе на ўласным аўтамабілі вуліцы горада разам з супрацоўнікамі ДАІ. Андрэй Кухараў кажа, што гэтыя факты ён пабачыў у дакументах.

Згодна з яго словамі, там таксама паведамляецца, што ў красавіку 2009 года Каравацкі атрымаў за крадзеж 2 гады абмежавання свабоды без накіравання ў калонію. Але ўжо 6 лістапада 2009 года быў вызвалены ўмоўна-датэрмінова. У гэты ж самы дзень ён атрымаў пасведчанне Беларускага таварыства аўтааматараў.

Ва ўсіх афіцыйных адказах пракуратуры грамадзянін фігуруе як добраахвотны дружыннік. Але ж, паводле закону, у дружыну забаронена прымаць раней судзімых асобаў.

"Іх правяраюць, і судзімыя людзі туды не дапускаюцца. Толькі годных грамадзян нашай супольнасці туды прымаюць", — кажа кіраўнік прэс-службы ДАІ Мінска Жанна Трайно.

Пасля запыту Еўрарадыё пракуратура Магілёўскай вобласці абвергла інфармацыю пра тое, што Каравацкі з'яўляецца дружыннікам. Цяпер аказваецца, што ён дапамагаў супрацоўнікам ДАІ ў прыватным парадку. Нягледзячы на тое, што раней у выніках праверкі ўсё той жа пракуратуры высвятлілася, што добраахвотны дружыннік Каравацкі заступіў на дзяжурства разам з інспектарамі ДАІ згодна з планам!

Рэч у тым, што прымаць судзімага чалавека у дружыну — гэта злачынства. А вось у Таварыства аўтааматараў — можна.

"Праз УУС праходзяць усе кандыдаты, іх там правяраюць па базе. Калі ўсё нармальна, ён піша заяву і афармляецца ў добраахвотную дружыну. Існуе Беларускае таварыства аўтааматараў, яны таксама апранаюцца ў форму і на мерапрыемствах дапамагаюць супрацоўнікам ДАІ. Таварыства аўтааматараў такую дэтальную праверку не робіць", — патлумачылі Еўрарадыё ў ДАІ Бабруйска.

Але такога, каб на машыне дружынніка, а тым больш сябра Таварыства аўтааматараў, інспектары патрулявалі вуліцы, у бабруйскай ДАІ не дапускаюць.

"Патрулявання на машыне дружынніка я не памятаю за ўвесь час. Яны могуць на сваёй машыне прыехаць і пакінуць яе. Але ў асноўным яны працуюць разам з супрацоўнікамі ДАІ. Мы стараемся іх адных не пакідаць".

Але, паводле Андрэя Кухарава, яго аўтамабіль супрацоўнікі ДАІ пераследвалі менавіта на грамадзянскай машыне. Калі малады чалавек прыехаў да люднага месца, там яго пачалі збіваць. Прытым, адзначае, збівалі і інспектары, і меркаваны дружыннік: маўляў, ёсць паказанні сведкаў і медычная экспертыза. Але пракуратура не бярэ гэта да ўвагі.

"У пракуратуры кажуць, што не было крыві — значыць не было збіцця. Экспертыза паказала збіццё, гематомы на руках, нагах, целе і патыліцы. Апошняя сустрэча з следчым была, я прыехаў разам з маці. Яна кажа: "Ну, як так? Былі ж там факты збіцця зафіксаваныя". Следчы кажа: "Ну, што было, то было", — распавядае Андрэй Кухараў.

Сведкі бачылі, як у машыне супрацоўнікі размахвалі рукамі, але не маглі пабачыць саміх удараў, бо ўсё адбывалася ў салоне аўто, кажа Кухараў.

"У салоне было цёмна і нічога не бачна, акрамя таго, што супрацоўнікі ўнутры".

Але ж пракуратура не пабачыла фактаў злачынства і ў выніку праверкі распачынаць справу адмовіліся. Андрэй Кухараў падаў у суд, але там справу разглядаюць ужо амаль два месяцы. Цяпер малады чалавек будзе запісвацца на прыём да генпракурора.

Але які б ні быў вынік судовага разбіральніцтва, застаюцца пытанні: ці быў раней асуджаны грамадзянін дружыннікам, і, калі так, дык хто дапусціў гэта? А калі не быў, дык чаму Каравацкі — шараговы сябра Таварыства аўтааматараў — дзяжурыў, згодна з планам ДАІ, на сваёй машыне разам з інспектарамі?

У якім выпадку звесткі, якія дала абласная пракуратура, праўдзівыя?

Фота з фільма "Аперацыя "Ы" ды іншыя прыгоды Шурыка"

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі