Дэпутат-урач: Мой самы важны законапраект — “Аб санітарным дабрабыце”

18 медыкаў балатаваліся на мінулых выбарах, толькі палова стала дэпутатамі (і ўсе — галоўныя лекары!). Чаму ўрачы ідуць у палітыку?

"Толькі таму, што лічыць гэта сваім абавязкам. Хоча зрабіць лепш сваёй краіне і малой радзіме", — гаворыць галоўны ўрач Маладзечанскай цэнтральнай раённай бальніцы Сяргей Савіцкі. Яго намесніца Таццяна Шамодзі ідзе ў дэпутаты.

"З добрым работнікам, цікавым чалавекам і прыгожай жанчынай заўсёды цяжка расставацца. Урач, якая прайшла шлях ад санітаркі да намесніцы галоўнага ўрача. Але яна застаецца ў горадзе. Калі пройдзе далей, будзем ганарыцца знаёмствам. Я мяняю не ўрача — а намесніка, гэта рознае. Педыятрамі мы ўкамплектаваныя адносна нядрэнна", — адказвае галоўны ўрач на нашае пытанне, ці не будзе сыход у парламент кадравай праблемай для бальніцы.

Іван Шэга — урач-траўматолаг. У дэпутаты яго вылучыла Партыя БНФ. У выпадку абрання будзе сумяшчаць, займацца кансультацыямі, гаворыць, што медыцыну не кіне:

"Калі б нармальныя выбары, я думаю, абраўся б і быў бы вельмі нядрэнным парламентарыем. Але там, хутчэй за ўсё, звычайных дактароў сярод іх няма, а людзі ад пасады — загадчыкі і галоўныя ўрачы".

На выбарах-2008 у парламент ішлі 18 чалавек з медыцыны. Галоўныя ўрачы, урачы хуткай дапамогі, фельчар, неўролаг, траўматолаг, кардыёлаг... У парламент прайшлі толькі 8 — галоўурачы і галоўны акушэр-гінеколаг Міністэрства аховы здароўя. Чацвёра ідуць у парламент паўторна.

Цяперашні дэпутат, а да абрання галоўны ўрач БелАЗа Васіль Люцікаў вяртаецца ў медыцыну:

"Назад на сваю пасаду. Толькі цяпер яна называецца не галоўны ўрач, а па-іншаму".

А галоўны ўрач Гомельскага абласнога клінічнага кардыялагічнага дыспансера Ганна Лапаціна толькі спрабуе стаць дэпутатам. Цяпер яе замяняе намеснік:

"Тут ёсць два бакі. Шкада, калі добры кіраўнік можа сысці з установы, якая дэманструе добрыя вынікі ў лячэнні людзей. З іншага боку, чалавек сыходзіць, каб людзі маглі атрымаць больш магчымасцяў у юрыдычных правах, гэта таксама правільна. Чалавек умее працаваць, ведае магчымыя перспектывы ў галіне медыцыны і не толькі".

Траўматолаг Іван Шэга лічыць, што ўрачы ў парламенце — гэта не кепска. Але ці будзе карысць для медыцыны?

"Я не бачу зрухаў і вялікага толку ад таго, што там дактары. Будзе такая пасіўная маса, якая будзе чакаць, каб далі каманду рабіць рэформу. Людзі службовыя, начальнікі, я думаю, не здольныя нешта ініцыяваць самі".

Еўрарадыё цікавіцца ў дэпутата-медыка Васіля Люцікава, ці не шкадуе ён аб праведзеным часе ў парламенце і які закон лічыць самым галоўным.

"Вы не ў час трошкі патэлефанавалі", — дэпутат адказвае, што не гатовы зараз гаварыць на гэтую тэму, але дадае, што самы важны яго законапраект — "Аб санітарна-эпідэміялагічным дабрабыце насельніцтва"…

Фота: belarus.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі