Да Minskas Deep рэпутацыя мінскіх дыджэяў у Вільні была ніжэйшай за плінтус

120502 Kotka Deep.mp3

Дарэчы, а хто вам сказаў пра “ніжэй за плінтус?” – пацікавілася Еўрарадыё ў Русі, якая толькі адспявала дзесятак песень пад рытмы Diamos Roll і выйшла патрашчаць з сябрамі на прыступках новага клуба Studio 9, дзе і праходзіла вечарына Minskas Deep

“Сцёпа Бітус, арганізатар гэтай вечарыны, нам сказаў, што рэпутацыя музычнай Беларусі ў Вільні вельмі “нізкая і хізкая””, – адказала Руся.

Такім жа меркаваннем падзяліўся і мінскі дыджэй I.F.U., які дзе толькі ні граў за сваю дыджэйскую кар'еру, але вось у Вільні... 

“Я ў Літве, у сяброўскай суседскай краіне апошні раз граў 7-8 год таму, – сказаў I.F.U.І то, я сюды прыязджаў як лонданскі дыджэй... бо жыў тады ў Лондане”.

Верагодна, арганізатару Сцяпану Бітусу, былому бубначу Drum Ecstasy, які ўжо некалькі год жыве ў Вільні, моцна надакучыла такая несправядлівасць, і ён вырашыў дзейнічаць: дамовіўся з новым стылёвым клубам Studio 9, запрасіў сяброў-электроншчыкаў з Мінску, ды даволі моцна распіярыў мерапрыемства ў літоўскіх медыа.

“Тут грашыма не пахне, добра калі ў ноль выйду, – пацвердзіў “высокія матывы” Сцяпан. – Гэта мой характар, напэўна. Я беларус, я ганаруся – нешта ёсць унутры такое.”


Вось так па ўзмаху чароўнай беларускай палачкі “звычайная” электронная вечарына ператварылася ў місіянерскую і суперадказную. 

Гонар беларускай электронікі абаранялі пад лёгкія сэксі рытмы ад уласнага праекту Сцяпана і Тані з Tanin JazzMoonson Sexy Season. Падчас выступлення, праўда, Таня выканала толькі дзве песні, астатнія ладна спяваў камп’ютар пад жывыя драм-рытмы Сцяпана.

Разагравалі і астуджалі публіку дыджэі Induss і Gaamer. А кульмінацыя з апладысментамі прыйшлася на Diamos Roll з Русяй, ды дыджэя I.F.U.

Руся з Даймасам, апроч уласнай праграмы, выдалі свежыя рэміксы на Emika і Unkle, а I.F.U. сыграў вельмі басовы і супертанцавальны сэт.

“Усе такія хваляваліся, – працягвала дзяліцца ўражаннямі Руся. – Бо для нас гэты канцэрт быў вельмі адказным... Усе думалі, што граць, а-а-а-а, якую музыку, што за чым”.

Перажывала нават Еўрарадыё, і часткова супакоілася толькі калі падслухала некалькі каментарыяў наведвальнікаў, кшталту: “Ну ніфіга сабе музло! Цікава, адкуль гэта?”. Часткова – таму што “ніфіга сабе музло” тыя наведвальнікі з Мінскам усё адно не звязалі. 

“Канцэпцыя Minskas Deep не была распрацаваная, на мой погляд, – выказала меркаванне спявачка Кася Камоцкая (дарэчы, не адзіная беларуская “сэлебрыці”, якая прысутнічала ў клубе). – Мне падаецца, трэба было акцэнтаваць на гэтым увагу, уводныя словы сказаць хаця б. Таму што, шчыра кажучы, паслухаўшы ўсё гэта, я не разумею розніцы паміж дыджэямі і краінамі. То бок нічога беларускага я не пачула – не ў сэнсе, на беларускай мове. Проста электронная музыка настолькі касмапалітычная, што, атрымліваецца, пляваць, з якой краіны музыка стаіць на сцэне”.

“Ну, гэта даўняя тэма, – сказаў дыджэй I.F.U.. – На жаль, Усходняя Еўропа ніяк сябе не паказвае на электроннай сцэне. Пагадзіцеся, калі б мы сюды прыехалі і гралі электронную музыку пад “Песняры”, то гэта было б смешна. Няма такога прадукту, які быў бы брэндавым гучаннем для нашых краін”.

“Будзе ў “Шуме”! – смела паабяцала Руся. І дадала, што фірмовае гучанне ў беларусаў усё ж ёсць:

“На жаль, уся беларуская музыка спазняецца за музыкай свету. Таму яна такая, больш наіўная, шчырая, не такая камерцыялізаваная, і ў гэтым, я лічу, і ёсць адметнасць мінскай культуры. Такія мы непрадажныя, але шчырыя”.

Ці будзе прадавацца шчырасць – пакажуць наступныя вечарыны, якія Сцяпан Бітус збіраецца працягваць ладзіць у Вільні.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі