Akute параілі прыхільнікам Marilyn Manson слухаць Стаса Міхайлава

На “народнае інтэрв’ю” Рома і Стас не спазніліся. Падчас яго пілі чорную гарбату і сырую фільтраваную ваду. А потым падаліся на фотасесію. А пакуль вы чытаеце інтэрв’ю, музыкі ўжо паспелі даехаць да Магілёва і схадзіць на працу.

Ёлка: Пра сэкс пытаюцца, а пра асабістае жыццё — не)))) Ці ёсць у хлопцаў дзяўчыны, і як яны ставяцца да іх музыкі, ну, і наогул, ці ўдзельнічаюць як-небудзь?)))))

Стас Мытнік: Дзяўчыны ёсць, і добра ставяцца, і разумеюць, што музыка для нас — гэта не апошняя справа, а першая. Яны таксама ўдзельнічаць, але ў зусім іншых вымярэннях з музыкай. То бок, іх нельга параўноўваць.

Еўрарадыё: Але, у любым выпадку, яны вам дапамагаюць….

Раман Жыгараў: Дапамагаюць. У розных выпадках дапамагаюць.

Ганна: Добры дзень! Рома і Стас, цікава, як Вы пішаце свае тэксты? Патрэбная муза, уражанне, ці Вы заўсёды знаходзіцеся ў патрэбным для стварэння музыкі настроі ? Дзякуй. 

Раман Жыгараў: Гэта пра наркотыкі пытанне? (смяюцца) Я магу сказаць, што гэта абсалютна некантралюемы працэс. І тэкст можа прыйсці ў самы нечаканы момант. Зразумела, што можна ў аўтобусе нешта прыдумаць, ці, напрыклад, гэта можна здарыцца падчас сну. Я не магу сказаць, што канкрэтна з’яўляецца муза. Такога няма прадмета ці чалавека.

Стас Мытнік: Вось аўтобус — гэта і ёсць муза, яна не заўсёды прыгожая.

Вера: Прывітанне, Akute! 1) Скажыце, калі ласка, ці не надакучыла вам чуць памылковае вымаўленне вашай назвы? І, нарэшце, чаму яна павінна гучаць менавіта акУтэ, а не, нібы па-ангельску, ак'Ют ? 2) Ці было для вас чакана, што пасля Placebo у сацыяльнах сетках з'явіцца столькі каментаў накшталт "услышала впервые на Placebo. понравились:)"? Дзякуй)

Стас Мытнік: Наконт вымаўлення назвы. Яна не памылковая ні ў якім разе. Таму што, калі чытаюць яе па-англійску, яны таксама не робяць памылку.

Раман Жыгараў: Тут ёсць такая справа. Проста калі, я так разумею, нехта ў школе вывучаў англійскую, той вымаўляе на англійскі манер “Эк’ют”. А хто нямецкую — вымаўляе “Акутэ”. Я, напрыклад, 2 мовы вывучаў, таму мне ўсё роўна, як нас называюць. І можна сказаць, што назва пачынае мець яшчэ нейкі сэнс. “Эк’ют” — вы разумееце, хочацца, каб было ўсё “к’ют”.

Еўрарадыё: Ну, а наконт “услышала впервые на Placebo. Понравились” — чакалі вы такіх водгукаў?

Стас Мытнік: Так. Таму што мы добра адыгралі, я лічу. Гэта адзін з нашых лепшых канцэртаў. Мы ганарымся ім.

Еўрарадыё: Дарэчы, пра што вы дамовіліся з Placebo?

Раман Жыгараў: Гэта сакрэт. Проста мы паабяцалі Брайну, што мы не будзем распавядаць пра гэта.

Еўрарадыё: Але “пра гэта” калі-небудзь стане вядома ці не?

Раман Жыгараў: Калі ён сам раскажа, можа, і стане. А мы дык паабяцалі, што не будзем. Ну, там такія, жыццёвыя пытанні…

Еўрарадыё: Палітычныя?

Раман Жыгараў: Не.

Стас Мытнік: Там нейкія фоткі ў інтэрнэце з’яўляюцца (смяецца).

Раман Жыгараў: Усё. Харэ (тут Рома грозна паглядзеў на Стаса).

Пытанне: Падчас свайго выступу перад Placebo вы ўпершыню з’явіліся на сцэне ў аднолькавых кашулях. Цяпер становіцца ў нас модным выходзіць на сцэну ў аднолькавай вопратцы. Нехта распрацоўваў ваш знешні выгляд? У вас з’явіўся дызайнер? Ці чакаць зменаў у вашым выглядзе?

Раман Жыгараў: Гэта здарылася выпадкова. Проста былі дзве кашулькі, якія падышлі і Стасу і мне адначасова. Мы вырашылі так паэксперыментаваць. Але я не бачу ў гэтым ніякай тэндэнцыі, тым больш, беларускай.

Еўрарадыё: А будзеце працягваць такія эксперыменты?

Стас Мытнік: Мабыць, не заўсёды, але будзем.

Еўрарадыё: А 3 лістапада на канцэрце?

Раман Жыгараў: А 3-га паглядзім — прыходзьце і самі ўсё ўбачыце. Можа, у нас там некалькі камплектаў будзе?

Юлія Калодкіна: Вы калі мыецеся ў душы, спяваеце песні? Свае? Калі не свае, то чые? Каго з музыкаў вы любіце?

Стас Мытнік: Я Фрэнка Сінатру спяваю — “I love You baby”.

Раман Жыгараў: Я Стаса Мытніка пяю.

Еўрарадыё: І якую песню?

Раман Жыгараў: Мне ўсе яго песні падабаюцца.

Вольга: Што вы робіце пасля таго, як адыгралі канцэрт, і якім чынам расслабляецеся?

Стас Мытнік: Бухаем! (смяюцца)

Раман Жыгараў: Не, ну гэта, вядома, Стас перабольшвае. Бо чамусьці ён заўсёды ў нас за рулём. То бок, ён кіроўца наш адзіны. Адзіны драйвер. Ведаеце, як у фільме “Драйв”? Вось ён такі драйвер… Неяк расслабляемся, але звычайна ў нас няма ніякіх сіл нешта рабіць пасля канцэртаў. Калі выкладваешся на ўсе сто, то проста не застаецца ніякага нават жадання недзе там тусіць. Мы шчыра граем і аддаём поўнасцю ўсю энергію яшчэ на сцэне.

Андрэй: Ці ёсць у вас куміры ў беларускай музыцы і каго вы слухаеце, ўвогуле?

Раман Жыгараў: Мне вельмі падабаецца тое, што засталося пасля гурта Уліс. Усе іх альбомы, вядома, можна лічыць эталонам. Я б нават параіў маладым музыкам звярнуць пільную ўвагу на першыя альбомы гэтага гурта. Там сапраўды яны ўжо ўсё сыгралі — увесь той пост-рок, які цяпер намагаецца рабіць моладзь. Насамрэч, ён ужо быў сыграны і спеты па-беларуску!

Стас Мытнік: А ў мяне няма такіх фаварытаў. Мабыць, у адных некалькі песень падабаецца, у іншых — некалькі песень. “Троіца” мне вельмі падабаецца, асабліва апошні альбом.

Раман Жыгараў: Трэба разумець, што гэта вялікі пласт музыкі, які знаходзіцца ў галаве ўвесь час. Ён робіць адбітак на ўсю нашу творчасць. І падзяліць яго на менавіта нешта беларускае мы проста не можам. З’яўляюцца, я кажу пра магілёўскія гурты, каторыя нам падабаюцца. Але нам хацелася б, вядома, каб гэта гучала па-беларуску. І цяпер мы можам анансаваць выхад свайго новага сінглу, які будзе называцца “Іголкі”, у якім бяруць удзел музыкі з іншых гуртоў, з іншых праектаў, якія перарабляюць нашы трэкі на свой манер. І прыемна, што рускамоўныя, нават адкрыта рускамоўныя праекты, пераходзяць на беларускую мову. Таму што мы прывабілі іх гэтым. Мы хочам прымусіць усіх размаўляць і спяваць па-беларуску.

Міхась: Якая наступная прыступка пасля разагрэву Placebo? З якім яшчэ сусветна вядомым гуртом вы марыце сыграць?

Стас Мытнік: Пра гэта нас часта пытаюць… Не было ў нас канкрэтнай мэты, сыграць з Placebo. З’явіўся такі выпадак — чаму яго не выкарыстаць? Ёсць вялікая колькасць гуртоў, з якімі мы не супраць адыграць.

Раман Жыгараў: Ці якія з намі не супраць адыграць. Я не бачу ніякіх праблем для гэтага.

Еўрарадыё: Напрыклад?

Стас Мытнік: Я вось чуў, што арганізатары канцэрту Placebo у двух словах абмовіліся пра мару прывезці Kasabian. То чаму не? Будзем спадзявацца, што яны хутка да нас даедуць.

Каця з Брэста: Калі ў вас ёсць бытавы райдар, то што ў ім? А калі няма, то якія пункты вы б туды у першую чаргу ўключылі?

Раман Жыгараў: Там кветкі, кан’як і вінаград.

Дзіма з Гомеля: Куды схадзіць у Магілёве на выхадныя?

Раман Жыгараў: У “Кубу”, зразумела. Мы і граем там часта, і проста заходзім у госці.

Васіліса: Ці не пагадзіліся б вы прадацца на дабрачынным аўкцыёне, і як прапанавалі б бавіць час разам з чалавекам, які вас набудзе?

Раман Жыгараў: Мы пагодзімся, вядома. Нам ужо дасылалі такія запрашэнні. Пагодзімся і дапаможам сабой. А чым займацца? Ну, можам на нейкі канцэрт схадзіць, патусіць, напрыклад, разам.

Стас Мытнік: На сцэне сябе падарыць.

Валянціна: Ці слухаеце вы сябе дома ці ў машыне?

Стас Мытнік: Натуральна. Асабліва падчас працэсу стварэння альбома, напрыклад.

Раман Жыгараў: Вось як бы гэта дзіўна ні гучала, наш другі альбом мне самому падабаецца. Я не магу сказаць, што з’яўляюся вялікім прыхільнікам сваёй творчасці, але ёсць нейкія песні, да якіх проста вяртаешся сам. Калі ты іх запісваеш, яны існуюць асобна ад цябе. Гэта ты ўжо выпусціў. Гэта тое, што слухаюць людзі. Гэта іх ужо маёмасць. Таму я не лічу іх ужо асабістымі, толькі сваімі, толькі акутаўскімі.

Еўрарадыё: А ў вас ёсць свае любімыя песні?

Раман Жыгараў: Мне падабаецца наша новая песня. Яна называецца “Бегчы”.

Марына: У вас усё добра ў творчасці. Да якога ўзроўню вы марыце дарасці і ці станеце вы круцейшымі за Пола Макартні?

Раман Жыгараў: Мы яшчэ не спыніліся. Мы спадзяемся, што яшчэ паспрабуем знайсці сваё шчасце.

Стас Мытнік: ...што нам не надакучыць, і што мы будзем вельмі доўга ісці да Пола Макартні.

Марына: Доўга ці не?

Стас Мытнік: Доўга, таму што гэта цікавей.

Раман Жыгараў: Проста рух да самой мэты — гэта і ёсць мэта.

Віталь: Ці ходзяць музыкі на выбары?

Раман Жыгараў: Я не памятаю. У нас нейкае мерапрыемства было. Я не памятаю, калі я апошні раз галасаваў. Напэўна, гэта было так даўно, што немагчыма ўспомніць.

Стас Мытнік: Пасля таго, як мне споўнілася 18 гадоў, былі толькі адны прэзідэнцкія выбары. А парламенцкія я не ўспрымаю, як сур’ёзныя выбары.

Вераніка: Вы займаецеся толькі музыкай ці сумяшчаеце яе з працай? Калі працуеце, то дзе?

Стас Мытнік: Ну, працуем усе, таму што пакуль мусім працаваць, каб існаваць. Працуем на дзяржаўных працах. Праца — гэта як сродкі для дасягнення галоўнай мэты. Мы хочам займацца музыкай і не думаць пра фінансавы бок пытання. То бок, хочацца хадзіць лепш на рэпетыцыі, чым на працы.

Еўрарадыё: Рома, а ты працуеш?

Раман Жыгараў: (сумна) Працую, калі гэта можна так назваць (ужо смяецца).

Еўрарадыё: У цябе нейкая камічная праца?

Раман Жыгараў: (рагочуць) У мяне творчая праца. Я творца.

Еўрарадыё: Творчыя прафессіі — самыя цікавыя прафесіі ў свеце.

Раман Жыгараў: І самыя нервовыя.

Еўрарадыё: Такое адчуванне, што ты працуеш у дзіцячым садку…

Раман Жыгараў: Амаль што…

II.

Каця Ка: Праслізнула навіна, што вы збіраецеся ўзяць яшчэ аднаго ўдзельніка ў гурт. Чаму вы адмовіліся ад гэтай ідэі?

Раман Жыгараў: Мы яшчэ не адмовіліся. Проста не надышоў той час, каб паказаць нашы напрацовачкі новыя. Пакуль што мы будзем граць новую песню “Бегчы”, пра якую я гаварыў, без чацвёртага ўдзельніка. Але ён будзе.

Стас Мытнік: Трэба, каб яно само неяк атрымалася. Не адмыслова.

Раман Жыгараў: Проста мы не гаварылі пра нейкія там тэрміны, у межах якіх мы абавязкова яго пакажам… Ведаеце, гэта не тое, што склад гурта будзе пашыраны. Проста будзе чалавек, які з іншага боку будзе падыходзіць да нашай творчасці. Бо мы падыходзім да яе гітарна. А новы чалавек будзе гэта ўсё бачыць асабіста, уласна і прыўнясе нешта цікавае ў гучанне.

Анастасія: Калі плануецца выхад новага альбому?

Раман Жыгараў: Плануецца. Альбом плануе нас. Мы не ведаем, што ён з намі зробіць, як не ведалі, што з намі зробіць, напрыклад, другі альбом “Не існуе”. Я чуў, што ў народа ёсць адчуванне, што гэта проста працяг першага альбому “Дзевачкі і космас”, у які мы не здолелі ўціснуць некаторыя песні. Што мы паспяшаліся выдаваць яго менш чым праз год. Але я лічу яго ўвогуле асобным і вельмі цікавым. Цікавы працэс быў яго стварэння, бо мы адмовіліся ад любых рэкамендацый нашаму гукарэжысёру Жэні Сухавею. Ён усё рабіў сам, на свой густ, і ў гэтым быў эксперымент з альбомам “Не існуе”.

Стас Мытнік: Для мяне было відавочна, што ён не адразу зойдзе. І калі мне казалі, што другі альбом горшы за “Дзевачкі і космас”, я адказваў, што варта пачакаць, паслухаць некалькі разоў і тады зусім зменіцца яго адчуванне. Потым так і адбылося.

Раман Жыгараў: Трэці альбом можа быць праз месяц, можа быць — праз год. Як атрымаецца. Але ў нас ужо ёсць, што паказаць. І на ўсіх далейшых канцэртах мы будзем граць па адной новай песні. Адна з іх прагучыць ужо 3 лістапада ў “Рэпабліку”.

Валянціна: Ці ёсць у вас татуіроўкі?

Стас Мытнік: У мяне няма. Я лічу, што адной тату гэта не скончыцца — гэта бясконцы працэс. Адна надакучыла — хочацца іншую і так далей. Навошта?

Раман Жыгараў: У мяне таксама няма. Але я не ведаю. Можа і хацеў там нешта сабе набіць… непрыемна гучыць так гэтае “набіць”…

Валянціна: Ці не баіцеся, што вас забароняць?

Раман Жыгараў: Складана сказаць. Гэта адбываецца незалежна ад таго хочуць гэтага музыкі ці не. Гэта проста як такая рэчаіснасць. Ну, вось, забаранілі таго, таго і таго. А чаму — ніхто не ведае.

Стас Мытнік: Мы нічога для гэтага не робім…

Еўрарадыё: Спяваеце па-беларуску…

Раман Жыгараў: Увогуле падаецца, што хутка ААН трэба будзе абараняць не эскімосаў, а беларусаў ад вынішчэння.

Дзяніс: Як вы ставіцеся да аднаполага кахання і ці здольныя пакахаць мужчыну?

Стас Мытнік: Я стаўлюся да гэтага роўна. Але пакуль не адчуваю ў сабе імпульсаў да гэтага.

Раман Жыгараў: А я не буду адказваць на гэтае пытанне.

Пытанне ад мінскіх фанатаў Мэрліна Мэнсана: што раіце паслухаць акрамя сябе?

Раман Жыгараў: Паслухайце Стаса Міхайлава, напрыклад (смяюцца).

Аля ляля: Ці любіце вы жартаваць?

Раман Жыгараў: Можа падацца праз нашу музыку, што мы хмурыя, змрочныя. Ну, гэта не так. Мы даволі простыя хлопцы ў плане жартаў. Мы можам і пажартаваць. І пасмяяцца нават.

Кошка, Мінск: Ці не збіраецеся кінуць Магілёў і пераехаць жыць у Мінск?

Стас Мытнік: Час пакажа. Пакуль што такіх размоваў не было.

Раман Жыгараў: Я не збіраюся… Ды не, не збіраемся! Нармальна! Мы ўжо вывучылі, напрыклад, усе населеныя пункты на трасе Магілёў-Мінск. Мы кожны тыдзень амаль што ў Мінску, і нам нармальна вяртацца дадому.

Каця Ка: Чаму вы ніколі не бярэце з сабой на інтэрв’ю бубнача?

Раман Жыгараў: А ён заняты вельмі. Ён бізнесмэн. У яго проста не атрымоўваецца. Але мы яго вельмі любім. Прывітанне, Паша, калі ты нас зараз чуеш!

Наташа, Мінск: Ці клічуць вас граць на навагоднія карпаратывы? І колькі вы будзеце каштаваць?

Раман Жыгараў: Калі ласка, [email protected].

Пытанне ад Яны: Ці не звярталіся да вас фанаткі з прэтэнзіямі, што маюць ад вас дзяцей?

Раман Жыгараў: Там нехта крычыць увесь час, што хоча ад мяне менавіта дзяцей. Але пакуль не, не звярталіся. Можа яшчэ час не надышоў.

Аліна: Ці не плануеце аздабляць вашы канцэрты выступамі стрыптызёрак і гумовымі жанчынамі?

Раман Жыгараў: Калі ласка! Выходзьце на сцэну, аздабляйце нашы выступы. Мы не будзем вам замінаць. Проста падыходзьце да нас перад выступам і паведамляйце калі і на якой песні вас чакаць на сцэне.

Аня, 15 гадоў, Магілёў: Як вы ставіцеся да хатніх жывёл? Ці ёсць у вас коцікі і сабачкі?

Стас Мытнік: У мяне ёсць Дарлі — сабака пароды чао-чао.

Еўрарадыё: І штораніцу як добры гаспадар ты яе выгульваеш?

Стас Мытнік: Ну, (смяецца) выгульвае маці ці тата. А я ўвечары магу.

Раман Жыгараў: А ў мяне толькі расліны. Перыядычна яны паміраюць — іх паліваць трэба ці што…

Еўрарадыё: Пальмы?

Раман Жыгараў: Пальма ёсць адна.

Еўрарадыё: Лімоны?

Раман Жыгараў: Не, лімонаў няма. Ёсць фікус. Ну, я не ведаў, што гэта фікус. Нехта прыйшоў да мяне і “О, глядзі, у цябе фікус!”

Павел: Ці не збіраецеся апрацоўваць народныя песні?

Раман Жыгараў: Калі пішуцца тэксты, а я так разумею, што не я іх пішу, а яны мной пішуцца, у іх ёсць такія абароты, якія я асабіста лічу фальклорнымі. То бок, гэта паўторы нейкіх фраз. Але мы проста іншы гурт. Навошта нам нешта ўціскаць, што не наша?

Аня: Як дзяўчыне зняцца ў вашым кліпе?

Раман Жыгараў: [email protected].

Алёна: Нешта там казалі пра кліп яшчэ ўвесну:) Ці ўбачым яго нарэшце?

Стас Мытнік: Пакуль нічога пэўнага сказаць наконт гэтага не можам. Спадзяемся, вельмі хутка ўбачым.

Віка: Што трэба зрабіць, каб вы запрасілі да сябе ў грымёрку? Ці ў госці на каву?

Раман Жыгараў: Ды нічога асаблівага. Паспрабуйце папрасіцца. Ці проста трэба гучней за ўсіх крычаць!

Кекс: Калі прапануюць вам выгадны кантракт у Расіі з умовай заспяваць па-руску — заспяваеце?

Раман Жыгараў: Ну, гэта будзе ўжо не “Акутэ”. А нам не цікава займацца не “Акутэ”. У нас ёсць свая генеральная лінія, якой мы прытрымліваемся. І адыходзіць ад яе мы не збіраемся. У нас яшчэ шмат сілаў каб зрабіць яшчэ 10 альбомаў.

Крысціна: Стас, я чула, што вы працуеце метролагам. А хіба ў Магілёве ёсць метро?

Стас Мытнік: ( рагочуць) Метралогія — гэта такая навука…

Раман Жыгараў: Стас, усе ведаюць, што гэта такое. У Магілёве ёсць цэлых 2 метро. Адно вялікае — гэта начны клуб, другое — маленькае. Яно называецца “Маленькае метро”. Таму мы ведаем, што такое метро.

Пытанне: Чаму на вашых канцэртах няма ніякага шоў?

Раман Жыгараў: Мы не бачым сэнсу ў нейкіх танцах ці…

Стас Мытнік: Нейкіх жартах… Мы ж не гумарысты, каб жартаваць… Усё ўжо зроблена да нас.

Дзяніс: Які ў вашым жыцці быў самы вялікі ганарар?

Раман Жыгараў: Ён яшчэ ў нас наперадзе. Пакуль што можам сказаць, што гурт адчувае сябе добра, гурту ёсць на што існаваць. Таму чакайце новых песень, новых запісаў і кліпаў!

Волька: Добры дзень, хлопцы! Калі б вы былі невідзімкамі, куды б вы пайшлі?)

Раман Жыгараў: Цішыня ў эфіры (смяецца).

Стас Мытнік: У хату да прэзідэнта — паглядзець, як ён жыве.

Раман Жыгараў: Я не ведаю. Гэта вельмі складанае для мяне пытанне. Я ўвогуле не люблю нікуды хадзіць. Я ўвогуле б ніколі не выходзіў з дому. Я аднойчы цэлы год не выходзіў з хаты і нармальна сябе адчуваў.

Пытанне: Калі нарэшце даедзеце да Гродна?

Раман Жыгараў: Даедзем! Яшчэ да Новага году, спадзяемся. Цяпер узгадняем усе справы з арганізатарамі і едзем да вас!

Пытанне да Стаса па тэлефоне ад Каці: Якая апошняя кніга, якая вам дапамагла?

Стас Мытнік: “21 парада лідарства”. Аўтара, на жаль, не памятаю. З гэтым у мяне цяжка.

Каця па тэлефоне: А што скажа Раман? Што чытаюць вядомыя людзі?

Раман Жыгараў: Я Хакслі апошнюю чытаў. Але я б вам не раіў яе чытаць. Чамусьці мне так падаецца, што гэта такая кніжка, да якой трэба самому прыйсці… Мы хоць тут паразмаўляем! Мы ўвогуле не размаўляем са Стасам. Мы бярэм гітары, нешта граем. Навошта нам размаўляць?

Вольга: У нас у Мінску нядаўна адзін рэстаран адкрыў сваю алею рок-зорак. І першая зорка там была падлеткавага гурта Тубс. А калі закладаць сапраўдную такую алею, як мяркуеце, хто там мусіць быць першымі зоркамі?

Раман Жыгараў: Ну, гэта відавочна! Гэта спадар Мулявін. Тут проста няма ніякіх варыянтаў. І незразумела, чаму гэта не ён.

P.S. Запрашальнік на дваіх на канцэрт Akute у "Рэпабліку" атрымае Каця за прытанне "пра кнігі, што дапаглі хлопцам у апошні час".

За альбомам "Не існуе" з афтографамі музыкаў запрашаем Ёлку (пытанне: Пра сэкс пытаюцца, а пра асабістае жыццё — не)))) Ці ёсць у хлопцаў дзяўчыны, і як яны ставяцца да іх музыкі, ну, і наогул, ці ўдзельнічаюць як-небудзь?))))),таксама Васілісу (пытанне пра аўкцыён), Яну (пытанне пра дзяцей), Віку (пытанне пра грымёрку). Яшчэ мы чакаем за падарункамі Юлію Калодкіну (Вы когда опереть в душе поете песни? свои? если не свои, то кого? и кого из музыкантов бы любите?), Веру (Прывітанне, Akute! 1) Скажыце, калі ласка, ці не надакучыла вым чуць памылковае вымаўленне вашай назвы? І, нарэшче, чаму яна павінна гучаць менавіта акУтэ, а не, нібы па-ангельскі, ак'Ют ? 2) Ці было для вас чакана, што пасля Placebo у сацыяльнах сецівах з'явіцца столькі каментаў накшталт "услышала впервые на Placebo. понравились:) і Вольку (пытанне пра нівідзімку).  Наш офіс на Карла Маркса, 15-403 працуе з панядзелку па пятніцу ад 10.00 да 18.00.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі