Ці варта пераводзіць грошы з рублёў у долары?

Старшыня праўлення Нацыянальнага банка Надзея Ермакова на прэс-канферэнцыі агучыла, што ў верасні гэтага года беларусы забралі з банкаў рублёвыя дэпазіты амаль на 1 мільярд рублёў і перавялі іх на ўклады ў доларах.

Еўрарадыё даведалася, што зараз трэба рабіць з рублёвымі дэпазітамі.

Тэлефаную ў банкі. У мяне ёсць пэўная колькасць грошай, якія я, як разумны чалавек, не хачу трымаць пад падушкай.

Як імі распарадзіцца, у “Беларусбанку” рэкамендаваць не бяруцца:

“Робяць і рублёвыя ўклады, і валютныя, — абцякальна заўважае дзяўчына-кансультант і тлумачыць, што выгада рублёвых укладаў навідавоку: Калі пакладзеце адзін мільён на хуткі дэпазіт — атрымаецца прырост у 60 тысяч рублёў, а калі 100 долараў — толькі 38 цэнтаў!”.

Але меркаваць, як абясцэняцца гэтыя 60 тысяч рублёў за тры месяцы, дзяўчына не бярэцца: маўляў, ніхто не ведае, што будзе далей.

У “Белаграпрамбанку” заўважаюць, што апошнім часам людзі часта тэлефануюць пракансультавацца і наконт рублёвых, і наконт валютных укладаў. І даюць, пэўна, самы эканамічна правільны адказ:

“Я вам раскажу і пра рублёвыя ўклады, і пра валютныя, а вы ўжо самі вырашайце, які ўклад вам рабіць. Можаце зрабіць ашчаджанні ў розных валютах”.

Лічым разам з дзяўчынай выгады рублёвых і валютных укладаў на паўтара года. З 1 тысячы долараў пад 5% гадавых мне набяжыць 71 долар, а вось гэтая ж сума ў беларускіх пад 38,5% гадавых прынясе мне выгаду больш чым у пяць мільёнаў! Пра абясцэньванне гэтых грошай праз паўтара года, зразумела, ніхто прагназаваць зноў жа не бярэцца.

У “Белінвестбанку” хлопец-кансультант шчыра рэкамендуе не мучыцца з валютнымі хваляваннямі і працэнтнымі стаўкамі па рублёвых укладах.

Купіце золата! На золата кошты толькі растуць! Я памятаю, сем ці больш гадоў назад адзін грам золата каштаваў каля 70 тысяч рублёў, а цяпер — 570 000 рублёў”.

На пытанне Еўрарадыё, што вы зробіце з вялікай сумай беларускіх "зайчыкаў", мінчукі як адзін выдаюць адказы:

“Трымаць ў доларах і дзе-небудзь у замежных банках. У беларускіх я б не рашыўся трымаць, бо няма ні малюсенькай ўпэўненасці ў стабільнасці беларускай эканомікі”.

“Калі б у мяне было 20 мільёнаў беларускіх рублёў, я б проста перавёў усё ў валюту. Месяц яшчэ патрымаў бы ў беларускіх, а потым перавёў у валюту”.

"Раздаць бедным!"

Эканаміст Сяргей Чалы заўважае, што цягам часу людзі "дзьмуць на ваду", апёкшыся на мінулым эканамічным крызісе.

“Зразумела, чаму беларусы забіраюць валютныя ўклады, бо баяцца мінулагодняга крызісу. Ёсць сэнс пераходзіць з рублёвага ўкладу на валютны, калі чалавек разлічвае на вельмі моцнае змяненне курса. Але мы зараз маем плаваючы курс, і гэтыя змяненні вельмі паступовыя. І таму такіх скачкоў, як ў траўні-кастрычніку мінулага года, іх па факце быць не можа. І фокус ў тым, што калі гэты перыяд працяглы, пакупка валюты — не выхад, бо за гэты час згубленая прыбытковасць у беларускіх рублях можа скампенсаваць змяненне курса. Такога скачку не чакаецца, бо па-іншаму працуе валютны рынак. І я не лічу, што пераход на валюту — гэта правільна. Але псіхалогія грае значна большую ролю за падлікі”.

Эканаміст лічыць, што цяперашні крызіс будзе істотна адрознівацца ад мінулага хаця б тым, што не будзе рэзкага абвалу рубля. Мы проста станем жыць горш:

“Цяперашні крызіс не будзе суправаджацца падзеннем рубля. Мы ў пастцы цяпер, дзе няма магчымасці для павышэння даходаў насельніцтва”, — мяркуе эканаміст.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі