Ці саступаюць месцы ў аўтобусах і метро цяжарнай дзяўчыне (эксперымент)

Падрабіць цяжарнасць не складана: ручнік пад сукенку, паліто наверх — і сёмы-восьмы месяц цяжарнасці гатовы.

Праз тое, што прыйдзецца падманваць людзей, я амаль адмаўляюся ад эксперыменту, але сяброўка-фатограф падтрымлівае:

“Будзь мужыком! Я цябе чакаю”, — атрымліваю ад дзяўчыны паведамленне і іду на прыпынак.

Першае, што кідаецца ў вочы ў тралейбусе № 44, пасажыры адварочваюцца ад мяне, быццам па камандзе “Да акна паварочвайся! Раз-два!”. Улічваючы, што ні на чые месцы я не прэтэндую, а проста адзначаю рэакцыю людзей, заўважаць гэта прынамсі смешна.

Наступны транспарт — метро. У вагоне на станцыі “Спартыўная” ўсе месцы занятыя. Натоўпу тут няма, і не ўбачыць мяне немагчыма, але хлопец, ля якога я прымасцілася, медытуе пад музыку. Гэтак мы праязджаем два прыпынкі, пакуль малады чалавек не заўважае маю “акалічнасць”.

Ён падхопліваецца і ледзь не сілком усаджвае мяне на сваё месца.

“Прабачце! Прабачце! Я вас не бачыў!" — лапоча небарака так, што мне ажно шкада яго.

Мне не хочацца сядаць, бо сорамна, а тут яшчэ дабівае рэклама:

“Саступайце месца цяжарным…”.

На “Кастрычніцкай” на сядзенні адзін ля аднаго сядзяць тры мужчыны. Першы з іх абыякава лыпае на мяне вачыма, другі засынае, а трэці ўдае з сябе зомбі. Троіцу варушыць студэнтка. Дзяўчо бойка камандуе, каму куды трэба пасунуцца, каб мне саступілі месца.

У наступным вагоне мяне проста разбірае зайздрасць да 50-гадовага мужчыны: вы б бачылі, як борзда ён залятае ў вагон, займае вольнае месца і засынае… Да канцавой станцыі ехаць 10 хвілін, мо гэта аўтатрэнінг такі?

Наступны вагон — тут проста не праткнуцца ад людзей, і мне даводзіцца навіснуць сваім пузам над трыма “мужыкамі”. Прасіць, каб саступілі месцы, пабаялася: ці мала што? Мне ўсё роўна, але калі б я была насамрэч цяжарнай?..

Хлопец, які ўдарыў інваліда ў метро, у інтэрв’ю Еўрарадыё таксама кажа, што нікому не было справы, калі пачалася бойка.

“Яны (пасажыры. — заўв. Еўрарадыё) усе стаялі, хто паадварочваўся, хто яшчэ што. Асабліва ніхто не заступаўся. Вось толькі мужчына адзін нас разняў. Астатнія — такое пачуццё, што справы ім да гэтага не было.”

Падводзячы статыстыку — у больш чым дзесяці выпадках месца саступілі тры разы. Ідзем з фатографам да прыпынку лавіць “сотку”.

У аўтобусе заўсёды многа людзей. Я канчаткова перастала саромецца свайго падману і праціскаюся праз натоўп. Але тут і мужчыны, і жанчыны проста не бачаць майго "стану". Наземны транспарт эксперымент праваліў з трэскам.

Людзі проста не заўважалі майго “стану”, разглядалі, які чысты і прыгожы ў нас горад, размаўлялі па тэлефоне і, здаецца, намертва прыклеіліся да з такой цяжкасцю занятых месцаў у грамадскім транспарце.

Кандуктар тралейбуса №30 Наталля заўважае, што цяпер саступаюць вельмі рэдка:

“Нячаста, раз на раз не выпадае. Калі толькі папросіш, каб табе саступілі — а так…”.

Адзінае, што парадавала сапраўды, дык гэта апытанне Еўрарадыё. На пытанне, ці саступаеце вы месца ў грамадскім транспарце, мінчане ўсе як адзін адказваюць па-піянерску:

“Цяжарным, інвалідам, пасажырам з дзецьмі, людзям пажылога ўзросту”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі