Ці ператворыцца Купалаўскі тэатр у кабарэ?

“Сёння гэта не самаакупная арганізацыя. Можа быць, давайце дадзім ім магчымасць зарабіць, вызвалім ад падаткаў і паглядзім, што атрымаецца… Яны гатовыя, як на Захадзе, у вольнае плаванне”, — заяўляе кіраўнік краіны пасля прагляду “Паўлінкі” ў адрэстаўраваным будынку тэатра імя Янкі Купалы.

Кандыдат мастацтвазнаўства, тэатральны крытык Аляксей Стрэльнікаў кажа, што фінансавыя ўліванні ў гэтую галіну мастацтва — сусветная практыка.

“Тэатры на датацыях — гэта сусветная практыка. Паўсюль ёсць тэатры, якія датуюцца. Прыватныя тэатры, якія прыносяць прыбытак, гэта, хутчэй, выключэнне”.

Сярод тэатральных пляцовак, што прыносяць прыбыткі — знакамітыя мюзіклы Брадвею і разнастайныя кабарэ. Праўда, гэта, хутчэй, частка шоў-бізнэсу, чым нацыянальныя акадэмічныя тэатральныя пляцоўкі. Акрамя іх на Захадзе пашыраныя гарадскія тэатры і незалежныя (альбо свабодныя), аднак яны далёкія ад самаакупнасці і фінансуюцца з грамадскіх сродкаў. У Германіі, напрыклад, сродкі на існаванне тэатральных труп і новыя пастаноўкі выдзяляюць разнастайныя фонды, незалежныя ад дзяржавы.

Але няправільна меркаваць, што беларускія тэатры не здольныя зарабляць. Бываюць моманты, калі за некалькі тыдняў можна зарабіць столькі ж, колькі за паўгода працы ў звычайным рэжыме:

“За два тыдні навагодніх прадстаўленняў акцёры зарабляюць ледзь не палову свайго гадавога заробку”.

Асноўныя гледачы такіх пастановак — дзеці. Таму навагоднія “ёлкі” — абмежаваная крыніца прыбыткаў — вышэй за 30 тысяч рублёў кошт на квіткі не падымеш. Білеты на “дарослыя” пастаноўкі каштуюць больш. У тым жа Купалаўскім ад 20 да 200 тысяч (на Захадзе мінімальны кошт квітка — 8-10 еўра). Але па словах эксперта квіткі могуць акупіць толькі 10% выдаткаў.

“Напрыклад, у Еўропе квіткі вяртаюць толькі 10% ад усіх выдаткаў на само прадстаўленне. Ад кошту арэнды пляцоўкі, ганарараў артыстаў, выдаткаў на электрычнасць, на падаткі”.

Ёсць і кампрамісны варыянт — фінансаваць не сам тэатр, а яго праекты. За такі варыянт ускосна выказалася кіраўніцтва Мінкульта і самога Купалаўскага. Кіраўнік краіны ў адказ заявіў, што яму трэба падумаць.

Да чаго дадумаецца Лукашэнка, і ці дадумаецца ўвогуле — пакуль незразумела. Але 15 артыкул Канстытуцыі кажа, што “дзяржава адказная за захаванне гісторыка-культурнай і духоўнай спадчыны”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі