Ці магчыма намаляваць нацыянальную ідэнтычнасць? (фота)

У Мінску па адрасе Брылеўская 14 у памяшканні Беларускага саюза дызайнераў ідзе выстава-конкурс дызайнерскіх працаў, якія павінны адлюстарваць нацыянальную самабытнасць. Яна павінна давесці, што зразумець, хто мы і куды ідзем, можна таксама з дапамогай падсвядомасці.

“Ёсць яшчэ невербальныя сродкі. Гэта тое, што мы бачым, нават не ўсведамляючы, не аналізуючы, не ведаючы, якая інфармацыя стаіць за дадзеным візуальным вобразам. Гэта таксама пахі, гэта гукі”, такімі словамі пачынае сваю прамову на круглым стале падчас адкрыцця выставы адзін з яе арганізатараў, мастак і дызайнер Міхал Анемпадыстаў.

На яго думку, акрамя тэкстаў, інфармацыю пра сваю беларускасць кожны з нас атрымоўвае проста з навакольнага асяроддзя. Нават пах дыму з вясковай печы можа абудзіць нацыянальную свядомасць.

Рэдактарка выдання “Турызм і адпачынак” Лілія Кобзік больш стрыманая ў сваёй фантазіі. Яна выказваецца за неабходнасць стварэння пазітыўнага вобразу краіны. Маўляў, замежнікі пра нас ведаюць альбо дрэннае, альбо зусім нічога. Спадарыня Кобзік заўважае, што апошнім часам неабходнасць належнай падачы вобраза Беларусі зразумелі нават улады.

“Я назіраю некалькі гадоў за тым, як афіцыйная Беларусь упершыню намагаецца знайсці брэнд, імідж для Мінска, для Брэста, для ўсёй краіны. Мяне гэта цешыць. Таму што значыць: ёсць патрэба ў гэтым”.

На сценах Саюза дызайнераў Беларусі можна пабачыць спробы маладых беларускіх творцаў адлюстраваць нацыянальную ідэю. Спробы гэтыя апынуліся настолькі кантрастнымі з афіцыйнай кампаніяй “За Беларусь”, што можна толькі ўсцешыцца. Хоць і тут без арнаментаў і трактароў не абыйшлося. Ад іх беларусам, відаць, нікуды ўжо не падзецца.

Мастацтвазнаўца Сяргей Харэўскі лічыць, што ў нармальнай краіне гэтыя творы і ідэі разышліся б як гарачыя піражкі.

“У нармальных дзяржавах, нармальных грамадствах практычнае прымяненне гэтых рэчаў было б прагматычным і меркантыльным”.

А пакуль у Беларусі на паштоўках і плакатах банальныя і постсавецкія карцінкі ды лозунгі. З іншага боку, у гэтым таксама ёсць свой плюс. Надакучлівае “За Беларусь” значна больш зразумелае масам, чым вытанчаныя інтэлектуальныя заклікі “Не маўчаць па-беларуску”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі