Ці будуць скарачаць ідэолагаў?

130417_savich_ideolagi.mp3

На сайце Гомельскага гарвыканкама аддзел ідэалогіі падрабязна распісвае свае задачы і функцыі.

Гэта і сувязь са СМІ, і аналіз палітычнай сітуацыі ў горадзе, і ўдзел у распрацоўцы праектаў праграм развіцця міжнародных сувязяў Гомеля! Але самі тамтэйшыя ідэолагі пра свае функцыі кажуць вельмі абцякальна: 

“Функцый вельмі-вельмі многа, вельмі рознабаковых... Мы займаемся рознымі пытаннямі... Я думаю, вам лепей перагаварыць з начальнікам — яна з вышыні свайго вопыту скажа, чым займаецца аддзел. Я не магу адным словам сказаць, гэта не паддаецца азначэнню”, — кажа галоўная спецыялістка аддзелу ідэалогіі Гомельскага гарвыканкама Ганна Віктараўна. 

У Гомельскім аддзеле ідэалогіі працуе шасцёра, столькі ж у аддзеле культуры, і двое — у аддзеле па справах моладзі. Калі аддзелы згодна з указам прэзідэнта аб’яднаюць, атрымаецца 14 чалавек. Скарачэння, на думку чыноўнікаў, не пазбегнуць ніяк. 


“Ва ўказе ж напісана: не меней за 25% ад колькасці чалавек. 25% — гэта 55 чалавек па выканкаме. Людзі не проста ўстрывожаны...”, — кажуць у Гомельскім гарвыканкаме. 

А вось лідскія ідэолагі скарачэння не баяцца: гэта матыў для росту! 

“Напружвацца няма чаго. Будзем працаваць, як скажуць. Прэзідэнт сказаў не пакрыўдзіць людзей. Я тут трагедыі не бачу. Ну, калі партыя ў 90-я гады накрылася — хто пачаў з нуля, хто пачаў працаваць. Не прапаў ніхто. Гэтак і зараз будзе. А што, селі на адно месца і на ўсё жыццё замахравелі? Няправільна гэта!” — упэўніваюць самі сябе ў аддзеле ідэалогіі Лідскага райвыканкама. 


Культура і ідэалогія —  гэта не менш як родныя брат з сястрою, упэўнена гавораць у Гродзенскім гарвыканкаме:

“Мы і масавыя мерапрыемствы праводзім разам з аддзелам культуры, і вызначаем, якія будуць мерапрыемствы. У нашым гарвыканкаме ўсё рука аб руку робіцца...”.

“У нас усё спакойна, мы рыхтаваліся да скарачэння”, —  вітаюць мяне ў Магілёўскім гарвыканкаме. Тут таксама кажуць, што культура, ідэалогія і моладзь —  блізкія па функцыях аддзелы. Але намякаюць, што ідэолагі ў выпадку аб’яднання аддзелаў будуць самымі галоўнымі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі