Чыноўнікам знізяць штраф, які амаль нікому не давалі?

Штраф за парушэнне закона "Аб зваротах грамадзян" могуць знізіць. Аказваецца, за гэта зараз даюць да 20 базавых (2 мільёны рублёў). А як увогуле паскардзіцца на чыноўніка, які не адказаў на зварот?


"У нас на сайце ёсць такое пытанне. І там у рубрыцы "Пытанне-адказ" нашы юрысты адказвалі на яго", — у першую чаргу звяртаемся з пытаннем у Камітэт дзяржкантролю. На сайце сапраўды людзі цікавяцца, якую адказнасць нясе чыноўнік за "адпіску" і несвоечасовы адказ.


Гэта можа быць штраф ад 4 да 20 базавых, паводле Адміністрацыйнага кодэкса. Заўвага, вымова ці звальненне — паводле Працоўнага, — пішуць юрысты КДК.


Па кожным выпадку фармалізма, прадузятых, нетактычных паводзінаў, грубасці і непавагі да людзей неабходна праводзіць праверку, — гаворыцца ў дырэктыве прэзідэнта "Аб мерах далейшай дэбюракратызацыі дзяржаўнага апарата". Вінаватых прыцягваць да адказнасці аж да звальнення.


Але ж куды канкрэтна скардзіцца, так і не зразумела. У пракуратуры раяць пачынаць з самага нізу — у вышэйшую інстанцыю. Калі вас "пакрыўдзілі" ў раённым аддзеле, скардзіцца ў гарадскі, калі ў гарадскім, то ў абласны... Ці ў раённую пракуратуру.


"Калі вы хочаце падаць скаргу, то пачынайце з раёна, пішыце пісьмова ў адвольнай форме, ці ў пракуратуру горада. Думайце самі і самі прымайце рашэнне", — адказваюць у пракуратуры.


Увогуле з такімі пытаннямі нам раяць звяртацца да юрыстаў, напрыклад, у юрыдычную кансультацыю. Выходзіць, самому скласці скаргу правільна і накіраваць яе па адрасе не так проста, як падаецца. Таму з пытаннем ідзем да юрыста Алены Танкачовай, якая сходу тлумачыць:


"У пракуратуру ці суд па месцы знаходжання дзяржоргана. Пракуратура можа ўстанавіць факт парушэння закона. І вынесці ў межах мер пракурорскага рэагавання прадпісанне — устанавіць факт парушэння і змусіць орган даць адказ на ваш зварот. Калі ваша мэта — атрымаць адказ, то гэта мера пракурорскага рэагавання. Калі ваша мэта — толькі штраф, то ў судовым парадку".


У судах жа не прыгадваюць, каб такія справы разглядаліся. Відаць, не шмат нашы грамадзяне звяртаюцца туды, каб пакараць чыноўнікаў. За апошні год не ўзгадваюць такіх справаў у канцылярыі аднаго з мінскіх судоў.


"Наколькі мне вядома, у бліжэйшыя пару гадоў, напэўна, не было. У бліжэйшы год у нашым судзе такога дакладна не было..."


Галоўная прычына гэтага, хутчэй за ўсё, у тым, што грамадзянам важней атрымаць адказ, а не пакараць чыноўніка штрафам. Не варта забываць, што зварот у суд не бясплатны, а паслугі юрыста, каб скласці скаргу, каштуюць не мала. Але ж дэпутаты плануюць, паміж іншымі папраўкамі, знізіць максімальны штраф у два разы.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі