Чатыры лепшыя рэгі-калектывы краіны выступяць за "Да!Бро!"

111014 Malina Dabro.mp3

23-га кастрычніка ў сталічным клубе "Мулен Руж" пройдзе першы, але, па спадзяванні арганізатараў, адгэтуль рэгулярны рэгі-фестываль "Да!Бро!". Чатыры лепшыя рэгі-калектывы краіны "Аддис Абеба", "Botanic Project", "Bez.Not" ды "Растения Мудрости" будуць зараджаць пазітывам цягам шасці гадзін. Цікава, што ўсе музыкі рыхтуюць да імпрэзы новыя песні, бо ўсе зараз працуюць над альбомамі. Нават магілёўскі гурт "Bez.Not", які толькі месяц таму выдаў дэбютнік "Спустя рукава", гатовы прэзентаваць новыя, больш дарослыя кампазіцыі, прычым у новым складзе.

Bez.Not


"Нарэшце склад гурта цалкам умацаваўся і змяніўся, - прызнаецца вакаліст гурта Яўген Сысоеў. - Стала на аднаго музыку больш. Хлопцы нарэшце здолелі пераканаць мяне, што я не ўмею граць на гітары, і мы ўзялі гітарыста. Да таго ж пасля выхаду першага альбома, мы зразумелі, што трэба выконваць больш дарослую музыку. Таму мы паспрабуем здзівіць новымі песнямі, якія, спадзяюся, будуць гучаць бліжэй да таго стылю, да якога мы імкнуліся ўвесь першы альбом. Ну, штучкі чатыры новыя сыграем".

Растения Мудрости

Гурт "Растения Мудрости" таксама плануе новы альбом, запіс якога пачне ўзімку. На фестывалі ж берасцейцы плануюць дзве-тры прэзентацыі. А вось маладзечанскі гурт "Botanic Project" збіраецца здзівіць наведвальнікаў яшчэ і колькасцю музыкаў на сцэне.

"Прагучыць каля дзесяці новых песень, - кажа вакаліст гурта Клім, - бо мы зараз запісваем альбом "Реанимация". У запісе возьмуць ўдзел 15-16 музыкаў, але на сцэне "Мулен Руж" будзе мінімум сем чалавек, а максімум – дзевяць. Проста, калі паставіць на сцэну сітар, балалаечнікаў ды яшчэ каго-небудзь, будзе вельмі накладна. Але ўпершыню за доўгі час будзе Косця Гарачы на клавішах і яшчэ некалькі музыкаў-духавікоў".

Botanic Project

Лідар "Аддис Абеба" Зміцер Іваноў прызнаўся, што ўсе песні, якія будзе выконваць гурт, раней ужо гучалі на канцэртах, хоць бы і адзін раз, таму прэзентацый чакаць не варта. Праўда, будзе выкананая сумесная кампазіцыя з гуртом "Botanic Project". Песню пад назвай "Сам не свой" музыкі абодвух гуртоў напісалі сумесна.

У дадатак да музыкі арганізатары абяцаюць зладзіць выбуховы відэашэраг, над якім зараз працуюць спецыялісты. Але, што дакладна ў ім будзе, пакуль упарта трымаецца ў сакрэце. Дарэчы, за тыдзень да фэсту 15-га кастрычніка ў клубе "Графіці" ладзіцца афіцыйнае прэ-паці, дзе можна будзе патаньчыць пад сэт Кліма з "Botanic Project".

Аддис Абеба

"Мы часам робім вечарынкі, якія называюцца "Botanic Project Sound System", - распавядае арганізатар фэсту Нік Маторын. - Звычайна там Клім ды Кеша (другі вакаліст "батанікаў" - заўв. Еўрарадыё) граюць ў якасці дыджэяў. Але гэтым разам будзе толькі Клім, а таксама за пульт стане Таня Гарошка - вакалістка Tanin Jazz. Праўда, яна будзе круціць дыска, ну, а Клім будзе выконваць new roots raggae".

Пачнецца фестываль "Да!Бро!" а 16-й гадзіне і працягнецца да 22-й. Квіткі каштуюць ад 40 да 100 тысяч рублёў. Дарэчы, па словах арганізатараў, самых танных квіткоў ужо амаль не засталося, але на прэ-паці іх усё роўна можна будзе набыць.

Кропкі продажу квіткоў:
•    Паб-клуб “Графіці” (зав. Калініна, 16);
•    ГЦ “Купалаўскі”, крама “BOOM. Мир наушников”, пав.19;
•    ГЦ “Рыга”, крама “BOOM. Мир наушников”, пав.18.

Тэлефон для даведак: +375 (25/29/33) 638-4444

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі