Чаму “Беларуская чыгунка” не прызнае незалежнасць Украіны?

Два месяцы таму мне па справах службовых трэба было паехаць ва Украіну. За квітком, зразумела, прыйшоў у міжнародныя касы. Незалежнасць Украіны ніхто пакуль не адмяніў, нягледзячы на старанні некаторых палітыкаў. Але квітка мне там не прадалі, паслалі ў даўжэзныя чэргі ўнутраных кас. Згубіўшы там гадзіну жыцця я вырашыў напісаць у “Беларускую чыгунку” электронны ліст з прапановай, выправіць недарэчнасць і прадаваць квіткі ў Кіеў у міжнародных касах. Але адказу так і не атрымаў.

121005_pilecki_zvarot.mp3

“Час разгляду залежыць ад таго, які зварот. Калі складаны, патрабуе дадатковага вывучэння, то нам даецца месяц на разгляд. Калі прасцей, то два тыдні”, — расказвае мне кіраўнік службы Справаводства і кантролю за выкананнем “Беларускай чыгункі” Аляксандр Палубінскі.

Супрацоўнік чыгункі гаворыць, што зваротаў паступае вельмі шмат. У асноўным, людзі пішуць праз сваю нязгоду з раскладам руху цягнікоў, альбо адсутнасцю вольных месцаў.

“Расклад, наяўнасць месцаў, інфармаванне аб зменах ў раскладзе, аб паляпшэнні раскладу, пажаданні новых маршрутаў. І гэтак далей”.

Як даведалася Еўрарадыё, за дзень на электронны адрас “Беларускай чыгункі” можа прыйсці адзін ліст, а можа — 25. Пік прыпадае на панядзелак, калі разбіраюць пошту за выходныя. Супрацоўнікі аддзела расказваюць, што цяпер людзі часам нават проста з вагона пішуць скаргі і прапановы — мабільны інтэрнэт даступны ўсім.

Спачатку супрацоўнікі чыгункі нават выязджалі на месца, каб вырашыць праблему персанальна. Аднак дзве траціны адрасоў, пададзеных у зваротах, былі несапраўднымі. Прыходзіць шмат аднолькавых лістоў, падпісаных рознымі імёнамі. Рэгіструюцца ўсе. Пасля чаго накіроўваюцца ў тыя аддзелы, дзейнасці якіх тычацца. Згубіцца нічога не можа. Таму Аляксандр Палубінскі абяцае высветліць, чаму я не атрымаў адказу ад чыгуначнікаў.

“Калі было, то я зараз высветлю, чаму не адказалі. Мы не маглі не адказаць. Гэтага не можа быць”.

Чыноўнік слова выконвае. Праз гадзіну пасля размовы з ім мой мабільнік ажывае званком са службы Справаводства і кантролю за выкананнем “Беларускай чыгункі”. Яе супрацоўніца расказвае, што мой зварот не быў скаргай на дзеянні нейкай канкрэтнай асобы, таксама не былі парушаныя мае правы. У дадатак я не ўказаў, да каго з кіраўніцтва чыгункі канкрэтна звяртаюся (што праўда, то праўда — імя начальніка, які загадвае міжнароднымі пасажырскімі перавозкамі ў “Беларускай чыгунцы”, мне невядомае). Вось таму і не атрымаў адказу. Ліст мой не выкінулі ў сметніцу, а накіравалі ў адказны за украінскі накірунак аддзел чыгункі. Калі жадаючых набываць квіткі у Кіеў ў міжнародных касах стане шмат, ёсць шанец, што праблему абмяркуюць.

На развітанне мне раяць напісаць новы ліст, указаўшы імя чыноўніка, якому я яго адрасую. Маўляў, у такім выпадку я абавязкова атрымаю адказ на свой запыт. Веру на слова. Вырашэнне пытання мяне цікавіць значна больш, чым адказ “Беларускай чыгункі” на электронны ліст. Але квіткі на фірмовы міжнародны цягнік “Белый Аист” з Мінска ў Кіеў па-ранейшаму прадаюцца там жа, дзе і білеты ў Ганцавічы, альбо Асіповічы (Тое самае з цягнікамі, якія ідуць у Расію і Літву). Чыгуначнікі тлумачаць гэта нежаданнем паралізоўваць працу міжнародных кас. Летам жадаючых паехаць ва Украіну столькі, што не спраўляюцца і ўнутраныя.

“Час разгляду залежыць ад таго, які зварот. Калі складаны, патрабуе дадатковага вывучэння, то нам даецца месяц на разгляд. Калі прасцей, то два тыдні”

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі