Бюджэтнікаў з ВНУ не могуць размеркаваць з першага разу

130304_martin_vnu.mp3

Да першага працоўнага месца летась не даехалі 2 тысячы выпускнікоў беларускіх універаў. Не сталі маладымі спецыялістамі. Затое платнікі просяць… размеркаванне — нечакана расказваюць Еўрарадыё ў Магілёўскім універсітэце імя Куляшова:

“Ад агульнай колькасці платнікаў такіх 15-17%. Нехта задаволены, нехта не вельмі, некаторыя нават пераразмяркоўваліся, але такіх адзінкі”.

Выпускніца Магілёўскага ўніверсітэта імя Куляшова Таццяна Гаранінава хоць і плаціла за вучобу, вырашыла размеркавацца. Цяпер выкладае ў школе англійскую мову.

“Даплата ідзе да заробку каля 220 тысяч на месяц, агулам выходзіць у раёне 3 мільёнаў рублёў. Там яшчэ нейкія льготы”, —  тлумачыць Таццяна Гаранінава плюсы размеркавання для платнікаў.

У Беларускім дзяржаўным тэхналагічным універсітэце складана размеркаваць нават бюджэтнікаў: атрымліваецца не з першага разу:

“Ёсць пераразмеркаванне, калі не падабаюцца ўмовы. Яны тады шукаюць іншае месца, і камісія іх пераразмяркоўвае, такіх хапае”, —  кажуць у гэтым універсітэце.

Размяркоўваюць тут і платнікаў, але такіх налічваюць толькі некалькі чалавек.

На геаграфічным факультэце БДУ прыгадваюць аднаго шчасліўчыка, які летась атрымаў вольны дыплом. Пашанцавала!

“Размяркоўваюцца амаль усе стоадсоткава. Але адзін хацеў атрымаць вольны дыплом, ёсць паводле закону магчымасць такая, ён атрымаў”, — гавораць на геафаку БДУ і прыгадваюць выпускнікоў, якіх давялося пераразмяркоўваць.

Факультэт філасофіі і сацыяльных навук БДУ размеркаваў летась аднаго платніка.

У мінулым годзе больш за 1600 платнікаў па краіне добраахвотна пажадалі, каб іх размеркавалі.

Фота: profi.holiday.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі