Былая галоўная рэжысёрка ТЮГа збіраецца судзіцца з дырэктарам тэатра

Былая галоўная рэжысёрка мінскага Тэатра юнага гледача Наталля Башава збіраецца судзіцца з кіраўніцтвам ТЮГа. З ёй не працягнулі кантракт і пакінулі без працы.

“Зразумела, што я буду абскарджваць гэтае рашэнне ў судзе, але пакуль мною кіруюць толькі матывы справядлівасці, — распавяла Наталля ў размове з Еўрарадыё. — Я хачу зразумець, чаму, за што мяне пазбавілі працы, і ўзнавіць хоць нейкую элементарную маральную справядлівасць”.

Башава працавала ў тэатры 12 гадоў, 7 з якіх — на пасадзе галоўнага рэжысёра. За гэты час Наталля паставіла 15 спектакляў, многія з якіх атрымлівалі розныя ўзнагароды і прэміі. На думку Башавай, прычына яе звальнення ляжыць у сферы творчых разыходжанняў.

Башава:З прыходам новага дырэктара (Юрыя Куліка — заўв. Еўрарадыё), а ён менш за год на пасадзе, у нас пачаліся рознагалоссі ў бачанні рэпертуарнай палітыкі, у тым, што такое Тэатр юнага гледача. На мой погляд, гэта традыцыйныя маральныя пастаноўкі, якія былі заўжды. Казачныя, цудоўныя спектаклі, якія заўсёды любяць гледачы. А на яго погляд, і ён гэтага не хавае, гэта малабюджэтныя, маланаселеныя, забаўляльныя, толькі камерцыйныя пастаноўкі”.

Падтрымліваюць Башаву і акцёры. Каля 20-ці чалавек напісалі калектыўны ліст на імя Аляксандра Лукашэнкі, дзе просяць кіраўніка дзяржавы звярнуць увагу на гэтую справу і не дапусціць звальнення мастацкага кіраўніка.

“У гэтай спрэчцы я падтрымліваю Наталлю Башаву, — кажа акцёр тэатра Леанід Улашчанка.Хаця б таму, што яна цяпер адзіны ў краіне рэжысёр, які так добра ведае дзіцячы тэатр. Гэтаму яна прысвяціла жыццё — і гэта ў яе атрымоўваецца”.

Прафесар БДУ, тэатральны крытык Таццяна Арлова таксама падтрымлівае Башаву. На яе думку, ТЮГу будзе няпроста знайсці ёй замену.

Таццяна Арлова: “Яе проста няма, гэтай замены. І гэта перш за ўсё ўпіраецца ў нашую практыку, калі ў дырэктара ёсць неабмежаваная ўлада”.

Але сярод акцёраў ёсць і тыя, хто лічыць, што дырэктар Юры Кулік фактычна ўратаваў тэатр ад Наталлі Башавай.

“Я лічу, што чалавек, які не займаецца тэатрам, а займаецца сваімі справамі, не павінен працаваць у тэатры,
— кажа актрыса Вера Кавалерава. — Да таго ж, Башава звольніла выдатных артыстаў. Так, яны былі пенсійнага ўзросту, але ў тэатры патрэбныя і такія артысты”.

Наконт прычынаў непрацягнення кантракту Еўрарадыё запытала і самога дырэктара тэатра Юрыя Куліка.

Кулік: “Нараканняў як такіх не было... Я так лічу, што ёсць чалавек, які справіцца з гэтым лепш. Прыйдзе іншы чалавек... Усё, з ёй кантракт не працягнуты. Ёсць пытанні. Не толькі ў мяне — у калектыву, напэўна, таксама. Кантракт скончыўся. Я як наймальнік маю права кантракт не працягваць".

Якія пытанні мае да Башавай калектыў, Юры Кулік не ўдакладніў, але адзначыў, што ў яго на прыкмеце ўжо ёсць рэжысёр, які б мог узначаліць ТЮГ.

Фота: mirtesen.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі