Буяльскі: Без зборнай будзе прасцей з’ехаць і думаць пра кар’еру

111108 Nasta Basket.mp3

Анатоль Буяльскі, пакуль яшчэ галоўны трэнер зборнай, кажа, што рашэнне пра сыход было “выпакутаваным” і ўжо не зменіцца.


Анатоль Буяльскі: “Гэта не спантаннае рашэнне. Я думаю, што я ўжо вельмі доўга на гэтай пасадзе. Самая галоўная прычына — апошнія гады я не магу знайсці кантакт з федэрацыяй, у мяне яго проста няма”.


“Гэта цягнецца ўжо даўно, — так каментуе рашэнне галоўнага трэнера спартыўны журналіст Міхаіл Мазакоў. — У суме зборнай ён кіруе ўжо прыкладна гадоў 15. Натуральна, што ён напэўна стаміўся псіхалагічна. І натуральна, што цяпер мала хто ўвогуле задаволены федэрацыяй. Усе лічаць, што баскетбол развальваецца”.


Паводле словаў эксперта, галоўнага трэнера спрабавалі “ўламаць” застацца і замену яму не шукалі.


Міхаіл Мазакоў: “…нібыта давалі тыдзень на роздум, маўляў, вы, калі ласка, яшчэ раз падумайце… Наколькі я ведаю, замену яму не шукалі. Наўрад ці ў іх ёсць якія кандыдатуры. Чамусьці думалі, што ён у любым выпадку застанецца”.


Пра тое, што замену Буяльскаму не шукалі, прызнаюцца і ў самой федэрацыі.


“Мне падаецца, што канчаткова развітвацца з Анатолем Сяргеевічам пакуль рана. Трэба будзе яшчэ размаўляць. А пра новых кандыдатаў можна будзе размаўляць толькі пасля таго, як сітуацыя з цяперашнім галоўным трэнерам каманды вырашыцца на 100%”, — кажа генеральны сакратар Федэрацыі баскетбола Беларусі Ігар Сялюн.


Капітан жаночай зборнай Наталля Трафімава прызналася, што да канца не верыла, што Анатоль Буяльскі ўсё ж такі сыдзе з пасады галоўнага трэнера.


“Я прачытала ўчора пра гэта ў інтэрнэце, і з Анатолем Сяргеевічам пакуль не размаўлялі. Нават не магу сказаць, якія будуць у гэтага наступствы... Хоць з аднаго боку і можна было такога чакаць, але ў той жа час, напэўна, ніхто да канца не верыў, што гэта ўсё ж такі адбудзецца. Усе, напэўна, трошку ў ступары”.


Капітан жаночай зборнай у размове з Еўрарадыё па-філасофску разважае, што ўсё калісьці заканчваецца. І трэба пачынаць новы этап, але якім ён будзе — сказаць цяжка. Магчыма, за Буяльскім сыдуць і некаторыя гульцы…


Наталля Трафімава: “Я цалкам прымаю такі варыянт, што, магчыма, пару чалавек і закончыць са зборнай. Гэта цалкам рэальна. Мы таксама ўжо не маладыя. Але ў нас такая склалася сітуацыя, што сыход старэйшых гульцоў са зборнай будзе прымацца як катастрофа, бо рэальнага дублюючага складу ў нас няма…”


Анатоль Буяльскі пакуль застанецца ў Беларусі і будзе трэніраваць моладзь, хаця запрашэнні з замежных клубаў прыходзяць увесь час.


Анатоль Буяльскі: “Пакуль я застаюся трэнерам каманды "Гарызонт". А пасля — паглядзім. Запрашэнні прыходзяць пастаянна, і я думаю, што калі буду па-за зборнай, мне будзе прасцей думаць пра кар’еру… і з’ехаць будзе прасцей, калі ўзнікне такое пытанне. Але хацелася б папрацаваць яшчэ тут. З моладдзю. Таму што я сам сутыкнуўся з гэтым пытаннем, калі ў каманду прыходзяць людзі, якія зусім не падрыхтаваныя да гульні на высокім узроўні… І, натуральна, гэта вялікая праблема”.


Пра свой заробак у зборнай Анатоль Буяльскі казаць не стаў, але прызнаўся, што ён не вельмі высокі.


“Я мог бы атрымліваць нашмат больш, працуючы за мяжой. Гэта 100%”.


Нагадаем, што кантракт галоўнага трэнера жаночай зборнай Беларусі па баскетболе заканчваецца ў снежні. У чацвер 10 лістапада адбудзецца выканкам, дзе будзе прынята канчатковае рашэнне.


Пад кіраўніцтвам Буяльскага жаночая зборная Беларусі стала бронзавым прызёрам чэмпіяната Еўропы 2007 года, заняла 6-е месца на Алімпіядзе ў Пекіне, а ў 2010 годзе ўвайшла ў чацвёрку найлепшых камандаў свету.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі