Бусел застаўся зімаваць у пустой хаце (фота)

“З 1975 года буслы ў нас тут увесь час жывуць. А ў жніўні, як толькі яны (маладыя бусляняты) пачалі вылятаць з гнязда, адзін зачапіўся за драты і ўпаў на зямлю”, — расказвае Еўрарадыё фермер Міхаіл Гаварко.

130109_pilecki_busel.mp3

Незвычайная і кранальная гісторыя сяброўства бусла і чалавека адбываецца ў вёсцы Сялец Бярозаўскага раёна. Расказваць яе падрабязнасці Міхаіл пачынае здалёк — з 1975 года, калі яго брат Мікалай перад войскам разам з суседам вырашылі зрабіць буслянку. Зацягнулі на старую ссохлую грушу металічныя краты, накідалі зверху галля. Спосаб няхітры — вядомы па ўсёй Беларусі. А таму буслоў доўга чакаць не давялося. Яны кожнае лета вяртаюцца сюды з Афрыкі і гадуюць буслянят.

У гэтай хаце жыве бусел Малыш.

Так было і ў мінулым 2012-м годзе. Маладыя буслы пачалі вылятаць з гнязда на пачатку жніўня. І ўжо ў чацвёрты дзень месяца з адной птушкай здарылася бяда — бусел заблытаўся ў электрычных дратах і зваліўся на зямлю. Міхаіл Гаварко ўспамінае, што пасля падзення лётаць птушка не магла некалькі дзён. А ратавалі яе і людзі, і нават жывёлы!

“Мы яго кармілі. Мышэй лавілі. У гэтым нам дапамагалі каты! Жаб лавілі гэтаму буслу сачком. Ездзілі адмыслова па жабы”.

Лекаванне бусла працягвалася прыкладна тыдзень. У сярэдзіне жніўня птушка (якую Міхаіл, а разам з ім і іншыя вяскоўцы пачалі клікаць Малышом) пачала лётаць і знікла. Фермер расказвае, што ўжо развітаўся са сваім незвычайным гадаванцам. Усё ж буслы — птушкі дзікія: на зіму яны адлятаюць у вырай, а не застаюцца зімаваць з людзьмі. Але Малыш нечакана вярнуўся.

“Я ўжо думаў, што паляціць гэты бусел з усімі. Бо буслы звычайна адлятаюць у канцы жніўня. Вось. А потым раптам прыходжу на двор да сябе — а тым ён ходзіць. І так вось застаўся ўжо ў нас бусел”.

Чаму птушка вырашыла застацца — толькі яна і ведае. Спецыялісты расказалі Міхаілу, што іншыя буслы маглі не прыняць Малыша праз яго цеснае знаёмства з людзьмі. Нібыта, дзікія птушкі за такое нават забіваюць сваіх суродзічаў. А таму бедны бусел ратуецца, як можа. З надыходам зімы Міхаіл запусціў птушку ў пусты суседскі дом. Гэта яго памерлы ўжо гаспадар некалі збудаваў буслінае гняздо на старой грушы. Так Малыш і жыве там, выходзячы на двор, калі больш-менш цёпла. Людзі прыносяць яму рыбу і іншую ежу: незвычайны жыхар Сяльца набывае папулярнасць. І не толькі ў людзей. Каты Міхаіла Гаварко таксама пасябравалі з птушкай і нават панадзіліся красці ў бусла рыбу. Кампенсуюць такім чынам скормленых яму некалі мышэй.

Адзін з катоў, які апекуецца буслом.

Фермер гаворыць, што дапамагаць буслу яму няцяжка. У прыродаахоўныя арганізацыі ён асабліва не спрабаваў звярнуцца. Маўляў, жыве бусел побач — і жыве. Хай радуе людзей.

“Ёсць рашэнне райвыканкама аб тым, што наш саўгас займаецца такімі выпадкамі. Але я падумаў, што там заб’юць яго, і ўсё. І вырашыў: хай жыве гэты бусел і радуе людзей”.

Што будзе з Малышом увесну, калі пацяплее, Міхаіл не ведае. Гаворыць, што птушка сама вырашыць свой лёс. Як застанецца, то, можа, і ў артысты пойдзе. Сваяк фермера працуе тамадой на вяселлях і ўжо задумвае задзейнічаць Малыша. Усё ж бусел, паводле павер’яў, прыносіць беларусам дзяцей.

Фота дасланыя Наталляй Гаварко.

“Мы яго кармілі. Мышэй лавілі. У гэтым нам дапамагалі каты! Жаб лавілі гэтаму буслу сачком. Ездзілі адмыслова па жабы”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі