Бураўкін: Ад незалежнай Беларусі я не атрымаў ніводнага знаку ўвагі

Сваё 75-годдзе Генадзь Бураўкін святкуе… ў Вільні! Паэт кажа, што не планаваў так спецыяльна, але якраз на гэтыя даты запрасілі на навуковую канферэнцыю. І Генадзь Мікалаевіч вырашыў, што Вільня – не самае дрэннае месца, каб адзначыць такі паважны юбілей. Тым больш, што жонка вымусіла засмуціць паэта: шашлычком сяброў не пачастуем, бо мяса ў Мінску не купіць!.. Таму наша размова з паэтам адбылася на яго лецішчы ў Крыжоўцы – напярэдадні ад’езду ў Вільню.

Генадзь Бураўкін паспеў папрацаваць і ўласным карэспандэнтам “Правды” па Беларусі (звышпрэстыжная пасада ў савецкі час), і галоўным рэдактарам часопіса “Маладосць”, і 12 гадоў – старшынёй Белтэлерадыё, і прадстаўніком Беларусі пры ААН у Нью-Ёрку. З гэтай працы, якая прыпала на першыя гады суверэнітэту Рэспублікі Беларусь, Бураўкін згадвае розныя моманты.

 

Генадзь Бураўкін: “Я працаваў у Нью-Ёрку. І прыязджалі з Мінску прадстаўнікі высокіх уладных структур – і гаварылі пра самастойнасць Беларусі, пра незалежнасць. А не маглі нават прывезці дакумент, аддрукаваны па беларуску – бо не было беларускіх машынак…”

 

Бураўкін прыгадвае момант, калі чырвона-зялёны сцяг БССР змянілі на бел-чырвона-белы. Паўстала неабходнасць тэрмінова замяніць сцяг перад будынкам ААН. І тут высветлілася, што ніхто з Мінска толкам не можа назваць ані прапорцый новага сцяга, ані суадносіны палос, ані даць эталон чырвонага колеру!

 

Генадзь Бураўкін: “Адзіны, хто нарэшце адгукнуўся на мае доўгія просьбы – быў Пятро Садоўскі (першы амбасадар незалежнай Беларусі ў Нямеччыне – Еўрарадыё). Ён мне даў гэтыя параметры. Быў выхадны дзень, наколькі я памятаю. І мы знайшлі нейкую майстэрню ў Нью-Ёрку, дзе быў адпаведны матэрыял – і там нам пашылі сцяг. І нашы жонкі, на чале з маёй Юліяй Якаўлеўнай, вечарам яго прасам даводзілі да “афіцыйнага стану”, а нараніцу мы замест бээсэсэраўскага сцяга ўзнялі яго перад будынкам ААН”.

 

Зняўшы сцяг БССР, Бураўкін не падраў яго на шматкі, як адзін сумнавядомы персанаж найноўшай гісторыі Беларусі, а ахайна захаваў як рэліквію.

 

Генадзь Бураўкін: “Не ведаю, дзе ён цяпер – а тады мы яго пакінулі як гістарычную рэліквію. Як сцяг, пад якім нашая краіна была многія гады прадстаўленая ў Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. Таму мы яго захавалі – з усёй павагай і з усёй добрай душою”.

 

Следам за сцягам паўстала праблема – як называць нашу краіну на англійскай мове?

 

Генадзь Бураўкін: “Як называць? “Белараша”? “Беларусіан”?.. Трэба было вырашаць хутка! Мы тэлефанавалі ў Мінск, я тэлефанаваў аўтарытэтам сярод нашых эмігрантаў – мы раіліся, як называць? І ўрэшце вырашылі, што трэба прывучаць не толькі сябе, але і іншых да таго, што мы – Беларусь. І мы спыніліся на гэтым варыянце – Republic of Belarus, скарочана – Belarus”.

 

Самае парадаксальнае, што за усе 20 гадоў незалежнасці Беларусі Бураўкін, які зрабіў відавочна шмат для нашай краіны, не атрымаў ад дзяржавы ніводнай узнагароды ці знака пашаны.

 

Генадзь Бураўкін: “Я ад незалежнай Беларусі як дзяржавы не атрымаў ніводнага знаку ўвагі ці павагі. У мяне ёсць узнагароды савецкага часу – за работу ў савецкім часе. А ад беларускай незалежнай краіны ў мяне нічога няма – хоць я быў не самы кароткі час прадстаўніком гэтай незалежнай краіны ў Нью-Ёрку пры ААН”.

 

Прычыну такой няўвагі Бураўкіну вельмі проста некалі патлумачыў яго сябар Васіль Быкаў.

 

Генадзь Бураўкін: “Некалі, калі я вельмі імкнуўся з Амерыкі вярнуцца ў Беларусь, Васіль Быкаў, мой дарагі, любімы і вельмі мудры сябра, мне напісаў: “Генадзь, вось ты рвешся сюды – і не разумееш, што тут ты непатрэбныя. І не таму, што яны не разумеюць, што ты дастаткова разумны, дастаткова вопытны. Ты – беларус. І гэтага яны табе дараваць не могуць”.

 

Бураўкіна часта і ў прэсе, і прадстаўляючы на розных вечарынах, называюць “народным паэтам”. Тым не менш, такога звання ў Бураўкіна няма – з жывых класікаў яго маюць толькі Рыгор Барадулін і Ніл Гілевіч.

 

Генадзь Бураўкін: “Для мяне спярша было вельмі няёмка, мне гэта муляла. Бо на нейкіх там сустрэчах – я разумею, што ад шчырага сэрца – казалі “народны паэт…” І я заўсёды браў слова і казаў, што даруйце, дарагія мае, але я не народны паэт. А потым я зразумеў, што гэта неяк выглядае нядобра, што я набіваю сабе цану: “Я вось не народны, я заслужыў, але мне не даюць, і вы падтрымайце мяне…” Але я скажу шчыра – што тут казаць, мне хацелася б мець гэтае званне…”

 

У Генадзя Бураўкіна дружная сям’я, дзе ўсе любяць і шануюць адно аднаго. Тым не менш, ёсць рэч, за якую літаратару невыносна сорамна і балюча перад сваякамі…

 

Генадзь Бураўкін: “Перад імі… Асабліва перад сынам я нясу ў сабе цяжкую вялікую віну. Ён разумны, адукаваны чалавек, кандыдат тэхнічных навук… Здавалася б, далёкі ад ідэалогіі… А маё прозвішча як шлагбаум ляжыць на яго службовым шляху… Ад таго, што ён – Бураўкін, яго дзе толькі могуць – знішчаюць… Мне ад гэтага так балюча – як, можа, ніколі ў жыцці не было балюча… І гэта адно з таго, што я ніколі не дарую сённяшняй нашай уладзе”.

 

Еўрарадыё віншуе Генадзя Бураўкіна з юбілеем! Зычым, каб для наступнай круглай даты пытанне пра званне народнага паэта адпала за непатрэбнасцю, а перад сваякамі больш ніколі не было сорамна!

 

Лецішча Генадзя Бураўкіна ў Крыжоўцы, дзе ён цяпер бавіць летнія дні

Для ўнукаў паэт гадуе пры сядзібе мілых жывёлак.

Побытавыя ўмовы ў вядомага паэта – самыя звычайныя.

  1. Кабінет Бураўкіна на яго лецішчы

  1. Бураўкін за партаю ў Полацкай школе, дзе ён спасцігаў пачатковую навуку

  1. Перад будынкам школы ў Полацку

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі