Блогеры з усяго свету зацікавіліся Беларуссю

Блогеры з усяго свету з’ехаліся ў Берлін на прафесійную канферэнцыю Re:publika 2010. Дакладчыкі з больш чым 30 краінаў выступаюць у цэнтры нямецкай сталіцы. Беларусь на мерапрыемстве прадставіў блогер Віктар Малішэўскі. Пра першы дзень канферэнцыі ён расказаў у інтэрв’ю Еўрарадыё:

“Тэма канферэнцыі — “Інтэрнэт”: як я разумею, больш за ўсё абмяркоўваюць сацыяльныя сеткі. Я тут адзін з Беларусі. Усё арганізавана ўнікальна — цікава і грандыёзна. Тут такая вялікая зала, яна цалкам запоўненая. Усё гэта ў цэнтры Берліна, Фрыдрыхштрасе.

Беларусь усіх вельмі цікавіць. Гэта можна было зразумець па колькасці пытанняў. Мне іх задавалі больш за ўсіх, гэта 100%. Пытанняў было столькі, што я нават здзівіўся. Я выступаў у першы дзень на секцыі, прысвечанай блогасферы Беларусі і Расіі. Зала таксама была поўная, было вельмі шмат журналістаў. Да мяне падыходзілі нават італьянскія журналісты, якія збіраюцца прыязджаць на выбары ў Беларусь, ім таксама было цікава”.


Чакаецца, што канферэнцыю наведае тры тысячы чалавек.

Малішэўскі: “Гэта вельмі шмат. І што цікава — усе гэтыя людзі заплацілі грошы: квіток каштуе каля 90 еўра на кожны дзень”.

Ці ўплываюць блогі на грамадства, Віктар Малішэўскі абмяркоўваў разам з вядомымі расійскімі блогерамі Plushev і Drugoi.

Малішэўскі: “У першай секцыі мы выступалі разам з Плюшчавым — вядомым расійскім блогерам, палітыкам і журналістам. У другой частцы далучыўся вядомы блогер Drugoi. Мы абмяркоўвалі, наколькі ўплываюць блогі на грамадства.

Я казаў, што блогеры не павінны ставіць сабе такой мэты — ўплываць на грамадства. Гэта выключна самаарганізаваная супольнасць, і калі блогер будзе ставіць за мэту ўплываць на грамадства, то ён аўтаматычна пераўтворыцца ў палітыка і перастане быць блогерам. Але праз журналістаў, палітыкаў, СМІ, якія ўсё гэта перадрукоўваюць або спасылаюцца, блогеры, вядома, уплываюць на людзей”.


Сёння ў сем гадзінаў вечара ў межах канферэнцыі выберуць лепшых блогераў свету. Беларус Віктар Малішэўскі прэтэндуе на званне лепшага рускамоўнага ЖЖ-юзера.

Беларускі блогер malishevsky

Еўрарадыё пра malishevsky:

Журналіст Малішэўскі разлічвае на падтрымку журы ў конкурсе блогераў The BOBs

Беларускі журналіст Віктар Малішэўскі стаў адным з лепшых блогераў свету

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі