Бізнэсмен, які здымаў намесніка міністра Тура: Гэта яшчэ не ўсё відэа

Еўрарадыё: Нядаўна вы былі на дыпламатычным прыёме і сустрэлі намесніка міністра эканомікі Андрэя Тура, ды задавалі яму непрыемныя пытанні... (відэа можна паглядзець тут)


Кабанаў: “Апошнім часам я слухаю яго каментары, апраўданні таго, што кіраўніцтва прадпрымала для арганізацыі бізнэсу ў нашай краіне. У мяне да яго ўвесь час узнікаюць пытанні, як да чалавека, якога заўжды бачу па тэлебачанні. Я бізнэсмен "сярэдняй рукі", зараз выходжу на пенсію, бо ва ўсёй гэтай сітуацыі бізнэс спынены. Учора ў мяне з'явілася магчымасць задаць яму пытанне: што нам рабіць? Вось такі адказ мы і атрымалі...”.

Еўрарадыё: Увогуле вы спадзяваліся пачуць ад чыноўніка такога рангу ў нефармальнай сітуацыі адказ на пытанне?

Кабанаў: “Я меркаваў пачуць тое, што ўчора і пачуў, і пачулі ўсе. І таму я, беручы на сябе адказнасць, здымаў, каб паглядзець зранку, можа я нешта не тое пытаў, можа я ў чымсьці памыляюся. Але адказу ад яго не атрымаў ні я, не атрымалі ні мы, не атрымалі і грамадзяне нашай краіны. Гэта проста хамскае стаўленне да народу ў асобе намесніка міністра эканомікі. Так мы жывем, так намі кіруюць”.

Еўрарадыё: Можа ў яго не было магчымасці проста ўсім адказаць, бо яго перабівалі?

Кабанаў: “Я не скажу, што яго перабівалі. Ён чуў пытанне, ён чыноўнік са стажам. Яму не было чаго сказаць. Ён адпрацоўваў пратакольнымі фразамі, нейкі элемент "замбавання". Я не ведаю, вось знята і знята, хай гэта будзе. Я не ведаю, як гэта абмяркоўваць больш... Мы жывем у поўнай бізнэс-клаацы, нам дапаможа толькі НЭП без упраўленцаў”.

Еўрарадыё: Вы ў відэа кажаце Туру пра ваша прадпрыемства з абаротам у 11 мільёнаў долараў і 126 чалавек, якія там працуюць...

Кабанаў: “Людзі звальняюцца, сыходзяць у вымушаныя адпачынкі і няма магчымасці ўтрымліваць, плаціць заробкі. Добрая фірма працавала-працавала, а зараз яна "на паўзе". Мы нешта рабілі для сябе, для краіны, а зараз мы не ведаем, што рабіць. Сёння ноччу падаражаў бензін, паслязаўтра яшчэ што-небудзь здарыцца, але кіраўніцтва ніяк не рэагуе, не інфармуе”.

Еўрарадыё:  Тур вам сказаў, што вы не па сродках жывяце... Можа вы сёння чырвоную ікру елі?

Кабанаў: “Не, я сёння не еў чырвоную ікру. Я сёння піў гарбату без цукру, але не таму, што яго не маю — берагу ўзровень цукру ў крыві. Чаму нехта вырашыў, што зарабляць, жыць добра, на нейкім агульнаеўрапейскім узроўні — гэта кепска? Чаму мы не можам жыць усе добра? Мы ж працуем, нам грошы не падаюць з неба. Мы сядзім у офісах, на заводах працуем — кожны па-рознаму. Гэта ж не кепска зарабляць, гэта ж добра, калі ўся краіна зарабляе, але мы не можам сабе гэтага дазволіць зараз. Дарагая, любая краіна не можа жыць як Швейцарыя, чым мы горш за іх?..”.

Еўрарадыё: Вы не баіцеся, што ваша "аператарская дзейнасць" прынясе вам праблемы?

Кабанаў: “А мне няма чаго губляць”.

Еўрарадыё: А Тур бачыў, што яго здымалі?

Кабанаў: "Думаю, так. Ён звяртаў увагу. Гэта не ўсе што я выклаў. Ёсць матэрыялы, я іх захаваў на серверы. Ён разумеў, што, магчыма, здымаецца на відэа”.

Фота — bymedia.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі