Белаўтадар: Развальваюцца дарогі не так хутка, як хацелася б дарожнікам!

130305_luka6uk_darogi_0.mp3

“Учора ехаў па гродзенскай трасе — там увогуле жах! Асабліва перад Мінскам, кіламетраў за 30-40 — вельмі дрэнна там усё”, — такую ацэнку дае гродзенскай трасе начальнік аддзела дарожнай інспекцыі сталічнай ДАІ Андрэй Зыранаў.

Але ж пасля гэтага “жаху” аўтамабіль у чаканні палёгкі выязджае на Мінскую кальцавую…

Андрэй Зыранаў: “Кальцавую трэба перакладаць! Асабліва цяжкая сітуацыя на мастах, там, дзе ідуць стыкі пакрыцця — там увогуле жахлівая сітуацыя”.




Як вынік — з-за ямін шмат аварый. Хуткасці вялікія, інтэнсіўнасць — у чалавека часцяком няма магчымасці аб’ехаць гэтую яміну, не паспявае на хуткасці ні зрэагаваць, ні зманеўраваць.

Колькі на сённяшні дзень адбылося такіх “ямачных” аварый, пакуль ніхто не лічыў. Але прадпісанні тэрмінова адрамантаваць аварыйны кавалак дарогі даішнікі накіроўваюць дарожнікам. Вось толькі з кожным днём, канстатуе Зыранаў, ямін становіцца ўсё больш.



У дарожнікаў у адказ свая праўда. 

“Грошай проста не хапае на гэтыя мэты, — скардзіцца начальнік упраўлення каардынацыі і падрадных работ Белаўтадара Юрый Баркоўскі. — Проста не выдаткоўваюцца патрэбныя сродкі. Хоць рэклама, што сёння мы гэтую дарогу рэканструюем, заўтра — гэтую, але… не атрымліваецца”.

А як жа шырока разрэкламаваная яшчэ шэсць гадоў таму праграма “Дарогі Беларусі”?! Нам жа абяцалі, што за тэрмін з 2006 па 2015 год дарожнікі зробяць так, што мы паводле якасці дарог абгонім нямецкія аўтабаны!

Юрый Баркоўскі: “Далей пераліку дарог і тэрмінаў справа не пайшла. Бо гэта праграма павінна фінансавацца і ў поўным аб’ёме. А яна фінансуецца максімум на 40 адсоткаў. У нас на чарзе выйсце на літоўскую мяжу праз Ашмяны, дарога М7, гродзенская дарога, дарога М3 — Мінск-Віцебск. Але на пытанне “А калі зробяць?” я не ведаю, хто можа адказаць”.

Вынік з гэтага прадстаўнік Белаўтадара робіць нечаканы.

Юрый Баркоўскі: “Развальваюцца дарогі не так хутка, як хацелася б дарожнікам! Каб паказаць роднаму ўраду вынікі працы фінансавых органаў ды іншых”.




Дарожнікі, дзеліцца Баркоўскі, даўно настойваюць на стварэнні-вяртанні так званага дарожнага фонду. У які б адлічваўся пэўны адсотак з акцызнага падатку на паліва і з якога б фінансаваліся дарожныя работы. Але на шляху дарожнікаў да гэтай мары, “як помнік пасярод дарогі”, стаіць Мінфін — не хоча дзяліцца паліўным падаткам, абураецца суразмоўца Еўрарадыё.

Праўда, адразу ж “супакойвае” — ямачны рамонт у масавым парадку дарожнікі пачнуць рабіць у красавіку.  А да таго часу аўтааматарам раяць альбо ездзіць акуратна, альбо паставіць на пару месяцаў машыны “на прыкол” у двары. Пакуль дарожнікі яміны не залатаюць.

Фота: http://belyama.by/

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі