Беларуская кампанія выпусціла складанку для дальнабойшчыкаў?

Пра гэты ўнікальны дыск нам распавялі музыкі гурта No comment band. Днямі яны гасцявалі на Еўрарадыё і неяк так, між іншым, выдалі: "А нашу песню ўзялі на складанку для дальнабойшчыкаў!"

Ды няўжо?! Няўжо людзі, якія ў нашым стэрэатыпным разуменні слухаюць шансон са складанак з голымі дзеўкамі на вокладках, раптам у добраахвотна-прымусовым парадку пачнуць паважаць рок-н-рол? Еўрарадыё хутчэй тэлефануе ў кампанію, якая займалася выданнем пласцінак. Выяўляецца, што яна сапраўды займаецца грузаперавозкамі. Але…

“Мы вырашылі запісаць дыск для нашых партнёраў у Заходняй Еўропе і Расіі, — тлумачыць супрацоўніца кампаніі і кіраўнік праекта Юлія Ястрэмская. — Чаму на англійскай мове? Таму што большасць нашых кліентаў размаўляе на англійскай. Такім чынам вырашылі крыху паўдзельнічаць у прасоўванні нашай, беларускай музыкі”.

Шкада, але дальнабойшчыкі апынуліся ні пры чым. Усё гэтыя музыкі заўжды пераблытаюць! Тым не менш, пласцінка трапіла ў рукі замежнікаў і атрымала шмат добрых водгукаў.

Неўзабаве кампанія плануе выпусціць другую частку складанкі. Якія гурты ў яе ўвойдуць — пакуль не вырашана. Еўрарадыё пытаецца, ці няма ў планах беларускамоўнага падарунка для замежных партнёраў.

“Мы хвалюемся, што не ўсе нашы еўрапейскія калегі зразумеюць такі наш крок, — адказвае Юлія Ястрэмская. — Гэта не супадае з пазіцыяй усіх кампаній APS, таму мы не можам геаграфічна прывязацца да Беларусі. Гэта няправільна ў дачыненні да нашых кампаній. Але з іншага боку — чаму не?”

Еўрарадыё прыгадвае яшчэ адзін прыклад, калі прамысловая кампанія выпусціла падобную пласцінку. Дыск "Бывайце здаровы" цалкам складаецца з папулярных італьянскіх песень і беларускіх кампазіцый, адмыслова перакладзеных на італьянскую. У запісе ўдзельнічалі Зміцер Вайцюшкевіч, Лявон Вольскі, гурт "Стары Ольса" ды інш.

“Пласцінка складалася з італьянскіх кампазіцый,таму што мы працуем з італьянскімі пастаўшчыкамі, — тлумачыць Марыя, маркетолаг кампаніі "Феликс". — Гэта проста адмысловы падарунак для іх і своеасаблівая рэклама для нас”.

Марыя кажа, што яе кампанія не ставіла за мэту прасоўванне нацыянальнай культуры. Але пласцінка стала вельмі папулярнай сярод італьянскіх дабрачынных арганізацый, якія штогод бяруць на аздараўленне беларускіх дзяцей.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі