Дзяржава ніяк не можа знайсці, хто збіў Някляева 19 снежня

Еўрарадыё: Як вы можаце пракаментаваць паведамленне, што праверка па факце збіцця кандыдата ў прэзідэнты Някляева працягваецца?

Някляеў: “Ужо ў каторы раз мне дасылаюць паведамленне, што тэрмін праверкі працягваецца, і што дадаткова я буду праінфармаваны, калі гэты тэрмін скончыцца. Нельга пакінуць гэты факт па-за ўвагай найвышэйшага кіраўніцтва дзяржавы. Бо гэта ёсць факт. Думаю, што паміж сілавымі структурамі пачаліся “разборкі”: хто ж вінаваты ў тым, што адбылося? 19 снежня было задзейнічана дзве сілавыя структуры: МУС і КДБ. Зараз яны скідваюць віну за тыя дзеянні адзін на аднаго".

Еўрарадыё: Былі заявы з боку праваахоўнікаў, што сапраўды вас затрымлівала ДАІ.

Някляеў: “Спачатку было заяўлена, што сілавыя структуры не маюць дачынення да нападу на калону кандыдата ў прэзідэнты Някляева. Паведамлялі, што гэта зрабілі нейкія п’яныя хуліганы, спрабавалі нават абвінаваціць у гэтым нападзе маіх калегаў па прэзідэнцкай кампаніі, перш за ўсё Статкевіча, які разам са мной ішоў на Плошчу. Гэтыя версіі былі смешныя і адпалі самі сабой. Але ўся інфармацыя ў мяне ёсць, я не збіраюся гэтую справу пакідаць проста так. І калі мінісітр унутраных спраў афіцыйна на прэс-канферэнцыі заяўляе, што МУС не мае да нападу ніякага дачынення, я не магу пакінуць ягоныя словы без увагі і буду дабівацца праўды. Толькі ў нашай дзяржаве праўды дабіцца стала вельмі цяжка”.

Еўрарадыё: Сёння з вуснаў кіраўніка краіны прагучала яшчэ заява, што ўсе пратэстоўцы будуць жорстка пакараны. Але ж у пратэстах на мяжы ў Брузгах і ў Берасці не прымалі ўдзелу прадстаўнікі апазіцыі. Ці не спрабуюць гэтыя пратэсты таксама прыпісаць апазіцыі?

Някляеў: “Тое, што ў гэтых пратэстных акцыях не прымала ўдзелу апазіцыя – праўда. Там не было нікога з дэмакратычных лідэраў і актывістаў. Пратэставалі звычайныя грамадзяне Беларусі, якія хочуць неяк звесці канцы з канцамі. Дык той факт, што гэта адбылося без удзелу, як кажа Лукашэнка, “свядомых”. Але гэта не “свядомыя”. Гэта тыя, кім ён любаваўся, і якія ў сваёй большасці за яго галасавалі. Дык вось гэта сітуацыя даводзіць Лукашэнку да шаленства. Бо апазіцыя ёсць апазіцыя, гэтых інтэлігентаў можна ганяць палкамі, а тут ужо людзі, якія стаяць за свой кавалак хлеба. Гэта вельмі небяспечна для рэжыму. Канечне ж пагроза, што ён не дапусціць ніякіх рэвалюцый і “шугане” так, што не паспеюць уцячы за мяжу – гэта сведчанне таго, что слабасць рэжыму відавочная. І зараз да іх прыходзіць разуменне, што трэба праводзіць рэформы. Як эканамічныя, так і палітычныя. А з гэтага вынікае канец рэжыму. Таму гучаць такія неадэкватныя заявы”.

Еўрарадыё: Чаму на гэтых пратэстах сапраўды не было апазіцыі? Чаму апазіцыі няма на тых пратэстах, якія выбухаць не за гучныя лозунгі пра свабоду, а за кавалак хлеба?

Някляеў: “Прычына простая: пакуль што тое, што называецца “апазіцыяй” і тое, што называецца “народам ”, існуюць паасобку. Мы спрабавалі паспець на нейкія пратэстныя акцыі ў Мінску, але проста не паспявалі, бо ў нас не было адтуль інфармацыі, што такія акцыі рыхтуюцца. Бывае і такое, што яны адбываюцца стыхійна. Трэба зрабіць так, каб народ і апазіцыя зблізіліся".

Фота: bymedia.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі