Беларускае кіно ўзяло прыклад…з Афрыкі

120116 Martin Kino.mp3

“Мая праца – дэбютны кліп. Я яго здымала для сябе, улетку з сябрамі. Гэта мой першы досвед, таму з задуманага там выйшла 3%. Удзельнікі кліпа – мае сябры, знаёмыя, якія не валодаюць акцёрскім майстэрствам”, – распавядае ўдзельніца кінафестывалю кароткаметражных фільмаў “Cinema Perpetuum Mobile” Наста.

Яе твор – кароткі ролік пад фольк-рок ад "Florence AND the Machine" на тэму "Алісы ў краіне цудаў". Кажа пра гэта і назва твора – “Сэрца труса”.

Падобны фестываль у Мінску праходзіць упершыню. Удзельнічаюць каля 50 твораў з Беларусі. Агулам арганізатары прэзентуюць 200 фільмаў з 35 краін. “Cinema Perpetuum Mobile” – першы фестываль, які ўваходзіць у буйнейшую базу дадзеных фестываляў Withoutabox (Internet Movie Database), які аб’ядноўвае больш за 3 тысяч кінафестываляў і трыста тысяч фільм-мэйкераў. Адна з мэтаў фестывалю – прасоўванне незалежнага кінематографа.

“Удзельнікі розныя: выпускнікі кінашкол, навучэнцы кінашкол з розных краін і нават цэлыя студыі. Удзельнічаюць фільмы не даўжэй за 20 хвілін. Мы падбіралі працы, якія адпавядаюць канцэпцыі вечнага рухавіка. У нас 5 намінацый, па якіх мы адбярэм пераможцаў”, – кажа арганізатар фестывалю Аляксандр Мартынюк.

Лепшыя 5 рэжысёраў атрымаюць дыплом і магчымасць прасоўвання сваіх твораў: іх пакажуць на фестывалях у Польшчы, ЗША, Германіі, Іспаніі.

А прыклад фестывалю арганізатары ўзялі з … Афрыкі.

“У 1969 годзе некалькі энтузіястаў заснавалі першы фестываль у Афрыцы. Цяпер ён самы буйны, праводзіцца раз на два гады і яго наведвае да паўмільёна чалавек. З нашым “Лістападам” яго не параўнаць”.

Але пакуль ад Афрыкі наша кіно адстае, зазначаюць арганізатары. І параўноўваюць Беларусь з афрыканскай Буркіна Фасо.

Гэта краіна падобная да Беларусі па ўзроўні ВУП і сацыяльна-палітычнай сферы. Але ў кіно Беларусь адстае. 10 гадоў таму ў Буркіна Фасо было больш за 20 кінастудый. Рэжысёры адтуль атрымліваюць узнагароды, у тым ліку і на Канскім фестывалі”.

Удзельнікам з Беларусі бракуе досведу, упэўнены мастацкі кіраўнік Мінскай кінашколы-студыі Андрэй Палупанаў. Працы замежных удзельнікаў больш дэталёвыя.

“Я б сказаў, што рост у нас заўважны. Памылкі простыя. Іх можна выправіць. Трэба проста пракансультавацца са спецыялістамі. У замежнікаў працы больш дэтальныя, больш прапрацаваныя”.

А вось гледачам паказ спадабаўся.

“Мне спадабаўся пластылінавы мульцік нашай кінашколы. Добры твор”, – кажа глядач Дзмітры.

“Cinema Perpetuum Mobile” працягнецца да 18 студзеня. У апошні дзень будуць названыя пераможцы. Расклад тут.

Фота: potusim.org

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі