Беларуска-польскай памежнай дамове замінае недахоп прынтараў?

Аказалася, што дамову аб памежным руху з Польшчай Аляксандр Лукашэнка падпісаў яшчэ ў мінулым снежні! Пра гэта ў эфіры беластоцкага радыё ў мінулую пятніцу сенсацыйна прызнаўся консул Беларусі ў Беластоку Аляксандр Берыбеня, піша Gazeta Wyborcza

Па словах беларускага дыпламата, адзінай перашкодай стаў недахоп спецыяльных прынтараў для друкавання карт-пропускаў для памежнага руху. Маўляў, у красавіку нейкая польская фірма нечакана сарвала папярэднюю дамову і не даставіла беларусам патрэбнае абсталяванне, таму даводзіцца шукаць новых прадаўцоў.

Нечаканасцю гэта стала таму, што ніякай дыпламатычнай ноты аб падпісанні дамовы польскі бок не атрымаў. Згодна з пагадненнем, яна пачынае працаваць на працягу 30 дзён ад атрымання ноты аб завяршэнні працэдуры ратыфікацыі. Польскі прэзідэнт (тады выканаўца абавязкаў) Браніслаў Камароўскі падпісаў памежную дамову яшчэ год таму. І з таго часу Польшча чакала навінаў з Беларусі.

Робэрт Тышкевіч, старшыня сеймавай групы ў справах Беларусі, каментуючы беластоцкаму радыё словы беларускага консула, сказаў, што нястача прынтараў у XXI стагоддзі не мусіць замінаць міжнароднай дамове, якая павінна аблегчыць жыццё мільёнам чалавек.

І дадаў: "Не хачу і каментаваць у каго і як беларуская старана замаўляла прынтары. Я веру, што прынтаравы крызіс скора скончыцца. Думаю, слухачы самі дадуць ацэнку такому тыпу аргументацыі. На рынку бракуе шмат рэчаў, але з пэўнасцю можна сказаць, што не кампутарнага абсталявання. Гэтую праблему можна вырашыць адразу ж. І калі для гэтага патрэбная дапамога польскай стараны, то я буду заклікаць польскія ўлады дя любой тэхнічнай падтрымкі".


Але прэсавы сакратар амбасады Беларусі ў Польшча Аляксей Зелянко патлумачыў сітуацыю непаразумення вакол памежнага руху "ўзроўнем палітычных стасункаў", які не дазваляе абменьвацца дыпламатычнымі нотамі. Польскаму прэсаваму агенцтву ён паведаміў, што за катастрафічны ўзровень адносін адказная Польшча, якая апошнім часам падтымлівала ўвядзенне санкцый супраць Беларусі.

Фота — bymedia.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі