Беларусаў будуць заахвочваць паведамляць у падатковую?

Паведаміць ананімна аб "заробках у канверце" ў падатковую інспекцыю афіцыйна нельга, а калі ж называеш сябе, то нясеш адказнасць за нявыплату падаткаў.


"Калі ў вас ёсць факты парушэнняў, тэлефануеце на тэлефон даверу, паведамляеце сваё прозвішча, імя і сведкам якога падатковага парушэння вы сталі", — у Міністэрстве па падатках і зборах кажуць, што ананімна зрабіць гэта не атрымаецца.


У выніку працадаўца будзе вымушаны заплаціць штраф, адлічэнні ў пенсійны фонд і пеню, але ж супрацоўнік будзе вымушаны аплаціць падаткі.


"З вас спагоняць падатак, паведамяць працадаўцу, што чалавек падатак аплаціў, і арганізацыі вярнуць грошы ў выглядзе падатку. Але санкцыі заплаціць арганізацыя — пеня і адміністрацыйны штраф за нявыплату падаткаў у бюджэт", — тлумачаць у Міністэрстве па падатках і зборах.

Але, як даведалася Еўрарадыё, падатковая разглядае нават... ананімныя паведамленні, “гледзячы якое паведамленне".


"Зараз дзейнічае 510-ы ўказ прэзідэнта і мараторый на правядзенне праверак. Яны праводзяцца толькі на падставе дакладнай інфармацыі. Калі інфармацыя ананімная, то яна не дае права падатковым органам прызначаць і праводзіць праверку. Але ў любым выпадку такая інфармацыя аналізуецца і можна знайсці нейкія ўскосныя пацверджанні, якія ў выніку могуць паслужыць падставай. Таму можаце паведаміць ананімна", — тэлефануем на гарачую лінію Міністэрства па падатках.

 
Начальнік упраўлення падаткаабкладання арганізацый Брэста Сяргей Зінчук прызнаецца ў газеце "Вечерний Брест", што падаткавікі выкарыстоўваць ананімкі і нават сведчанні суседзяў.


Прымаюць да разгляду ананімнае паведамленне і ў Віцебску. Праўда, толькі калі будуць распісаныя падрабязнасці.


"Можна пісьмова даслаць паперу, без прозвішча. Але патрэбныя факты! Не проста там — вось прадпрыемства выплачвае заробак у канвертах і ўсё... Пры наяўнасці дакладнай інфармацыі можа быць прызначаная пазапланавая праверка".


Калі інфармацыі не будзе дастаткова, то арганізацыю могуць уключыць у спіс планавых праверак на бліжэйшыя паўгода.


Як даведалася Еўрарадыё, ужо падрыхтаваны ўказ, згодна з якім арганізацыя мусіць плаціць і вялікі штраф, і пеню, і падаткі, а супрацоўнік, які паведамляе ў падатковую, ад выплат вызваляецца. Але такі ўказ не зацвердзілі ў Саўміне. Цяпер яго спрабуюць правесці праз Дзяржкантроль.

Фота: mygazeta.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі