Беларусь заняла 112-е месца ў рэйтынгу мірнага жыцця грамадзян
Такія звесткі апублікавала аўстралійская аналітычная арганізацыя Institute for Economics and Peace.
Як перадае БелаПАН, арганізацыя штогод ладзіць рэйтынг мірнага і спакойнага жыцця грамадзян у 153 краінах — Global Peace Index.
Рэйтынг складаецца на аснове 23 паказчыкаў. Сярод іх улічваюцца памер экспарту ўзбраенняў, ваенныя выдаткі, колькасць канфліктаў на тэрыторыі краіны, колькасць вязняў у турмах. Таксама ўлічваюцца магчымасць тэрактаў, палітычная нестабільнасць, непавага да правоў чалавека, адносіны з суседнімі краінамі, колькасць ахоўнікаў і паліцыі ды іншыя паказчыкі.
У пяцёрку самых мірных і спакойных краін увайшлі Ісландыя, Новая Зеландыя, Японія, Данія і Чэхія.
З бліжэйшых суседзяў Беларусі Літва заняла 43-е месца, Латвія — 46-е, Украіна — 69-е, Расія — 147-е.