Байкот парламенцкіх выбараў: Дзясятак пікетаў, 15 відэаролікаў і улёткі

“Мы ішлі, мы працавалі, мы збіралі тыя ж дзясяткі тысяч подпісаў, але на выхадзе, калі казаць пра эфектыўнасць, вынік быў не вельмі высокі. Нашы мандаты перадаваліся кандыдатам ад улады і акрамя нейкага маральнага задавальнення, падтрымкі ад грамадства, мы нічога на выхадзе не мелі”, — расказвае лідар АГП Анатоль Лябедзька пра вопыт працы на мінулых парламенцкіх выбарах.

120820 Pilecki Baikot.mp3

Сёлета партыя Лябедзькі выбары ў заканадаўчы орган байкатуе. Замест кандыдатаў вылучыла спікераў, якія будуць хадзіць да людзей і расказваць праўду пра падзеі ў краіне. Плануюцца і агітацыйныя пікеты. Праўда, спроба выстаўляць іх на этапе збору подпісаў скончылася беспаспяхова — ніводная заяўка не была задаволеная.

“У гэты час мы падалі заяўкі на правядзенне 115 пікетаў па ўсёй Беларусі пад лозунгам “За сумленныя выбары без Лукашэнкі” і па ўсіх атрымалі адмову. Было зразумелым, што чакаць ад гэтай кампаніі”.

Магчыма, выбаркамам падаўся незразумелым лозунг пікетоўшчыкаў АГП? Лукашэнка ж у выбарах і так не ўдзельнічае… Факт — спроба правесці пікет нелегальна скончылася для актывістаў партыі штрафам у 5 мільёнаў рублёў. Цікава, што на тым пікеце сабралі менавіта 5 подпісаў. Дарагавата атрымоўваецца, сумуе Анатоль Лябедзька.

Актывісты Беларускай хрысціянскай дэмакратыі, якая таксама байкатуе выбары, правялі з дзясятак пікетаў. Пасля чаго пачаліся праблемы з уладамі. Аказваецца, заклікаць да байкоту выбараў — парушэнне заканадаўства. Таму было вырашана засяродзіцца на іншых формах дзейнасці. У прыватнасці — вырабе відэаролікаў. Дзяніс Садоўскі кажа, што іх знялі каля 15-ці.

“За гэты месяц мы знялі каля 15 відэазваротаў вядомых людзей на тэму байкоту. Людзі там выказвалі сваё стаўленне да выбараў, да байкоту”.

На відэа людзі вядомыя — Ірына Халіп, Наста Палажанка, Віталь Рымашэўскі. Толькі вось колькасць праглядаў не радуе. Ад 40 да 1500.

Сябра арганізацыйнага камітэту “Беларускага руху” Вінцук Вячорка расказвае, што актывісты агітуюць байкатаваць выбары ў асноўным з дапамогай улётак. У арганізацыі лічаць, што дамагчыся сваіх мэтаў можна, распаўсюджваючы інфармацыю. Кандыдатаў і пікетаў не выстаўлялі. Вячорка перакананы, што прыхільнікаў байкоту на выбарах 2012 года непараўнальна больш, чым падчас мінулых кампаній.

“Натуральна, непараўнальна больш. Гэта звязана менавіта са зменамі ў грамадскіх настроях. Усё больш і больш людзей разумее імітацыйны характар такіх інстытутаў, як парламент, альбо выбары ў нашай дзяржаве”.

Ці зарэгіструюць у якасці кандыдатаў спікераў АГП, убачым 22 жніўня. Пакуль жа актыўнасць байкоту абмяжоўваецца дзясяткам пікетаў, ролікамі на Ютубе і ўлёткамі.

“Натуральна, непараўнальна больш. Гэта звязана менавіта са зменамі ў грамадскіх настроях. Усё больш і больш людзей разумее імітацыйны характар такіх інстытутаў, як парламент, альбо выбары ў нашай дзяржаве”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі