Бацька Севярынца пераклаў яго кнігу на рускую па просьбах з сацсетак

130212_martin_peraklad.mp3

Перакладам бацька палітыка — Канстанцін Севярынец займаўся з 2005 года.

“Я маю старонку ў сацсетках. І ёсць там шмат сяброў: з Расіі, з Прыбалтыкі, з іншых краін. І яны цікавяцца беларускімі справамі, цікавяцца палітвязнямі. І многія з іх сталі прасіць, каб расказаў пра Беларусь, пра Белавежскую пушчу, пра Песняроў. А ўсё гэта ёсць у кніжцы Паўла. І мне даводзілася перакладаць, то там частку, то там. І калі пераваліла за палову, я вырашыў перакласці гэтую кніжку ўсю”, — гаворыць Канстанцін Севярынец і дадае, што пры наяўнасці філалагічнай адукацыі, у яго ўсё адно ўзнікалі цяжкасці ў перакладзе.

“Ніяк я не мог паразумецца з прозвішчамі, як іх перакладаць, шукаў навуковыя працы. Аказалася, гэтая тэма ў нас дасканала не распрацаваная”, — кажа Канстанцін Севярынец.

І прыгадвае, што слова “гамон” віртуальны перакладчык перакладае, як “піпец”, таму давялося знайсці падыходзячы расійскі аналаг “хана”.

Павел Севярынец, які цяпер адбывае пакаранне на “хіміі”, задаволены, што кніга з’явілася і на рускай мове. Гэта дапаможа расіянам даведацца аб Беларусі, якая паўплывала на Расію, кажа аўтар.

“Адна з ідэяў кнігі — гэта праца беларусаў з Расіяй. Расіянам трэба ведаць тую Беларусь, якая мяняла Расію, якая была, па-сутнасці, хрысціянскай, якая дзейнічала вельмі глыбока ў адказ на гвалт, на войны”, — гаворыць Павел Севярынец.

Цяпер палітык і публіцыст працуе над нарысамі “Беларуская глыбіня”, якія плануе апублікаваць пасля вызвалення. Таксама ў планах — звяршыць раман, яго працоўная назва — “Сэрца святла”.

Нагадаем, Павел Севярынец адбывае пакаранне ў камендатуры №7 у вёсцы Куплін Пружанскага раёна. Яго пакаралі за арганізацыю масавых беспарадкаў 19 снежня 2010 года трыма гадамі “хіміі”.

Фота - Еўрарадыё

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі