Бабуля пакінула ў спадчыну слуцкі пояс за 80 тысяч долараў

На ўладальніка слуцкіх паясоў вышлі выпадкова, звёў супрацоўнік музея з Мінска, бо паясы спачатку прапанавалі сталічнаму музею. Як даведалася Еўрарадыё, яны ўжо прайшлі першую экспертызу.

"Мы разглядалі гэтыя паясы, якія былі раскладзеныя ў нас на сталах, з павелічальным шклом. Спрабавалі ацаніць іх мастацкія вартасці, тэхнічны стан, паколькі гэта выліваецца ў адпаведны кошт. І, канешне, нас хвалявала аўтэнтычнасць паясоў", — распавядае дырэктар Музея старажытнабеларускай культуры пры Акадэміі Навук Барыс Лазука. Для экспертызы ў музеі сабралі кансіліум. Два паясы прывёз гаспадар у прызначаны час і толькі на некалькі гадзінаў.

Абодва паясы поўныя. Па першым пытанняў няма — ён залататканы слуцкай вытворчасці ў добрым стане. Асоба ўладальніка не вядомая. Адзінае, што атрымалася даведацца, паясы — гэта спадчына ад бабулі. Някепская такая спадчына больш як у 100 тысяч долараў!

"На маю думку, гэта, хутчэй за ўсё, канец XVIII стагоддзя, але тое, што ён аўтэнтычны, менавіта слуцкай вытворчасці, не выклікае сумненняў. Кошт такіх паясоў можа вагацца. Першы пояс, як мы заўважылі пры аглядзе, — залататканы, у яго добры стан. Яго можна ацаніць вышэй і наблізіцца да жадання ўласніка".


А гэта каля 80 тысяч долараў. Праўда, эксперты не вызначаюць канчатковы кошт, а хутчэй даюць параду музейшчыкам, якія будуць дамаўляцца з гаспадаром.

Па другім поясе пакуль адзінага меркавання няма. Ён ў даволі цяжкім стане, упэўненасці ў яго "слуцкім" паходжанні няма. Бачна, што ён праходзіў рэстаўрацыю.

"Рэстаўрацыя праводзілася, але даволі павярхоўная і не вельмі прафесійная", — распавядае Барыс Лазука.


Магчыма, гэта пояс вытворчасці адной з мануфактур Заходняй Еўропы — Гродна ці Ліёну.

Сваю экспертызу правядзе Нацыянальны мастацкі музей і камісія пры Міністэрстве культуры. Набыць хаця б адзін пояс плануюць да канца восені. Грошай сабралі ўжо каля 70 мільёнаў (трохі больш за 8 тысяч долараў), а трэба 180 тысяч, ці хаця б 80 на адзін пояс. Збіраюць усім Слуцкім раёнам, дапамагаюць прадпрыемствы і прыватныя асобы.

"Мы хацелі набыць яго да свята горада ці юбілею музея, які ў лістападзе. Таму час да канца кастрычніка ёсць. Можа мы і адзін будзем набываць. Трэба хаця б на яго сабраць. У Слуцкім музеі павінен быць пояс, а ў нас жа няма", — кажа Еўрарадыё дырэктарка музея Наталля Серык.

Колькі паясоў захоўваецца ў прыватных калекцыях, не вядома. Але яны ёсць! Калі на мяжы з ЕС мытня, то мяжа з Расіяй адчыненая і вывезці каштоўнасці не складае праблемаў. Таму вельмі важна купіць гэты слуцкі пояс, бо заўтра ён, магчыма, будзе прадавацца ў Расіі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі