Аўтарадыё: Прызнаць наш эфір экстрэмісцкім можа толькі суд!

Разгляд справы Аўтарадыё прызначаны на 24 лютага. Сёння ж у Вышэйшым гаспадарчым судзе прадстаўнікі радыё і Мініфармацыі выклалі свае пазіцыі..

"Разглядаліся працэсуальныя пытанні, неабходнасць прыцягнення дадатковых бакоў. І была выдатная магчымасць грунтоўна выкласці свае пазіцыі" –распавёў Еўрарадыё дырэктар Аўтарадыё Юрый Базан.

Прэтэнзіі Мінінформа да радыё датычыліся парушэння творчай канцэпцыі і заклікаў да экстрэмісцкай дзейнасці, якія нібыта прагучалі ў эфіры станцыі ў снежні. Па словах Юрыя Базана, спачатку было ўвогуле не зразумела, да якой менавіта фразы маюць прэтэнзіі ў міністэрстве.

"Ведаеце, так атрымалася, што я пачаў яе называць фразай аб 3 соснах, дзе заблукаў лёс краіны. Фраза з платформы аднаго з кандыдатаў Саннікава: "Лёс краіны вырашаецца не на кухні, а на плошчы".

Цікава, што гэтая самая фраза змяшчалася ў агітацыйных матэрыялах, у многіх друкаваных выданнях, гучала на тэлебачанні і радыё. Але больш ніхто ад яе не пацярпеў.

"Ці выносіліся камусьці па гэтай жа фразе папярэджанні? Станоўчага адказу мы не атрымалі. Аўтарадыё ў гэтым сэнсе наперадзе планеты ўсёй".

Таксама ў Міністэрстве інфармацыі не захацелі браць да ўвагі, што матэрыял можа быць прызнаны экстрэмісцкім толькі пасля адпаведнага рашэння суда.

"Мінінфармацыі не хоча прымаць пад увагу наяўнасць закона аб супрацьдзеянні экстрэмісцкай дзейнасці, які вызначае, што матэрыял можа быць прызнаны экстрэмісцкім толькі па рашэнні суда. Па гэтай фразе няма ніякага рашэння суда".

Другая прэтэнзія да Аўтарадыё датычылася разыходжання колькасці тых ці іншых матэрыялаў у эфіры. І тут таксама поўнай яснасці дагэтуль няма. Гэта, напрыклад, можа быць павелічэнне ці змяншэнне колькасці рэкламы, ці скарачэнне працягласці нейкай праграмы.

"Калі шчыра сказаць, дык ніводная радыёстанцыя гэтыя працэнты выканаць не можа, асабліва з той дакладнасцю, якую яны патрабуюць".

Па аналізе, які правяло Аўтарадыё, адхіленні ў эфіры станцыі былі зусім невялікія.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі