Арганізатары “Чарнобыльскага шляху” просяць гарантаваць мітынгу апаратуру

Падставай для такога звароту сталі неаднаразовыя праблемы з дастаўкай апаратуры на месца правядзення мітынгу падчас ранейшых акцый, тлумачыць Еўрарадыё намеснік лідара руху “За свабоду” Юрась Губарэвіч:
130405_gubarevicz26krasavika.mp3
“Нягледзячы на фармальна атрыманы дазвол, органы аховы правапарадку альбо нейкія прадстаўнікі спецслужбаў адсочвалі перамяшчэнне рэальна магутнай гукаўзмацняльнай апаратуры і пад любымі нагодамі канфіскоўвалі яе. І ў пераважнай большасці выпадкаў арганізатары не змаглі атрымаць назад гэтую дастаткова каштоўную тэхніку”.

З-за такіх выпадкаў уладальнікі гукаўзмацняльнай апаратуры адмаўлялі арганізатарам масавых мерапрыемстваў у арэндзе. Таму, тлумачыць Еўрарадыё Губарэвіч, зараз яны і хочуць, каб у сваім рашэнні сталічныя ўлады асобным радком прапісалі: дазваляюць яны ці забараняюць арганізатарам задзейнічаць падчас свайго мерапрыемства гукаўзмацняльную апаратуру.

Саму заяўку на правядзенне “Чарнобыльскага шляху” ў Мінгарвыканкам арганізатары панясуць 8 красавіка. Падпішуць яе прадстаўнікі руху “За свабоду”, АГП, аргкамітэта БХД, Партыі БНФ, БСДП (Грамада), грамадскай арганізацыі “Экадом”

Нагадаем, традыцыйны “Чарнобыльскі шлях” праходзіць 26 красавіка, у дзень аварыі на Чарнобыльскай АЭС у 1986 годзе. Дакладны час, месца збору і маршрут арганізатары да атрымання адказу з Мінгарвыканкама не называюць адмыслова — паводле заканадаўства, гэта кваліфікуецца як заклікі да ўдзелу ў несанкцыянаваным мерапрыемстве і можа пацягнуць за сабой адміністрацыйную адказнасць.

Фота — bymedia.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі