Апублікаваны шортліст кандыдатаў на спецдакладчыка ААН па Беларусі

Сталі вядомыя тры кандыдаты на пасаду спецдакладчыка па Беларусі Савета ААН па правах чалавека. Гэта грамадзяне Нарвегіі, ЗША і Венгрыі — Сафі Хан Грэв (GREVE Sophie Hanne), Джард Джэнсер (GENSER Jared), Міклаш Харасці (HARASZTI Miklos).

Між іншым у шортліст не патрапіў ніводзін кандыдат з Усходу. А такія прэтэндэнты былі: з Расіі, Казахстана і Малдовы — агулам 11 чалавек. Сярод іх быў і расійскі праваабаронца Андрэй Юраў.

"Гэта сумна. Для мяне гэта значыць, што па-ранейшаму ўсё, што на ўсход ад Брэста, не лічыцца кампетэнтным у сферы правоў чалавека, хаця, напэўна, гэта не правільна".

Кожны з трох кандыдатаў мае свае плюсы і мінусы. Амерыканец Джард Джэнсер добра валодае тэматыкай вязняў сумлення, венгр Міклаш Харасці шмат працаваў у АБСЕ адказным па пытаннях свабоды слова, арыентуецца ў беларускай сітуацыі і гаворыць па-руску, а нарвежка Сафі Грэв будзе выглядаць больш нейтральнай для афіцыйнага Мінска.

Андрэй Юраў: "Але я баюся, што ўсе тры кандыдаты слаба ўяўляюць рэгіён. Можа, за выключэннем венгра. Таму што ён шмат працаваў у АБСЕ. Мне падаецца, што венгерскі кандыдат — самы прарублены менавіта ў тэме СНД-Беларусь і прафесіянал у сферы свабоды слова. Амерыканец займаўся актуальнай для Беларусі тэматыкай — вязнямі сумлення. Наконт нарвежкі мне цяжка сказаць, што яна кампетэнтная менавіта ў сферы правоў чалавека датычна Беларусі. Бо тут парушэнні правоў не такога тыпу, як у заходніх краінах. Але Нарвегія — не сябра ЕС, нейтральная краіна ў Еўропе. Магчыма, нарвежскі кандыдат будзе найбольш нейтральным для Беларусі з яе погляду".

Між іншым, на думку праваабаронцы, кандыдат з Усходу змог бы агучыць важныя моманты і стаць мабілізацыйным цэнтрам. А таксама яму было б прасцей прыязджаць у Беларусь.

Андрэй Юраў: "Ён павінен мабілізаваць і АБСЕ і Савет Еўропы. Павінен быць фокусам, дзе збіраецца ўся інфармацыя. Такі штаб дзеянняў, але толькі ў сферы правоў чалавека, не ўмешваючыся ў палітыку. Ці будзе ён такім штабам? Я ведаю, што многія кандыдаты з краінаў з усходу ад Брэста гатовыя былі такім штабам стаць".

Калі працэдура фармавання шортліста была закрытай, то цяпер будуць праводзіцца публічныя кансультацыі. А Беларусь ужо заявіла, што не прызнае спецдакладчыка.

Андрэй Юраў: "Фактычна заявіла, што ўвогуле не прызнае ААН. Такая пазіцыя абсалютна непрымальная. Гэта першы крок да міжнароднай ізаляцыі, да пастаноўкі пытання аб санкцыях на генеральнай асамблеі ААН. Краіна, якая не прызнае юрысдыкцыі Савета па правах чалавека ААН, фактычна заяўляе, што ўвогуле не збіраецца выконваць міжнароднае права. Гэта вельмі небяспечны інцыдэнт".

Спецдакладчык па Беларусі ўжо быў, але асабліва ніякіх зрухаў у сферы правоў чалавека дамагчыся на атрымалася. Таму цяпер вельмі важна зрабіць так, каб новы спецдакладчык не стаў яшчэ адной рытуальнай персонай.

Калі ж беларускія ўлады не пусцяць спецдакладчыка ў краіну, то нічога не застанецца, як працаваць дыстанцыйна і абапірацца на меркаванні розных экспертаў і арганізацый. Калі б спецдакладчыкам стаў чалавек з Усходу, то мог бы наведваць Беларусь неафіцыйна.

Андрэй Юраў: "Абапірацца на меркаванне грамадзянскіх арганізацый, міжнародных і беларускіх. Усе залежыць ад яго ініцыятывы. Зробіць ён міжнародны скандал і звернецца да дзяржаваў, якія галасавалі за гэтую пасаду, і пачне вялікую дыпламатычную кампанію, ці змірыцца і будзе пісаць сабе маленькі дакладзік".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі