Андрэй Саннікаў атрымаў палітычны прытулак у Вялікабрытаніі

"Для мяне гэта было нялёгкае рашэнне. Але, паверце, іншага выйсця не было. Ці зноў зазнаваць катаванні і здзек у турме, ці сядзець "цішэй за ваду, ніжэй за траву". Я быў і застаюся беларускім палітыкам. Буду працягваць даносіць праўду пра маю краіну і дамагацца таго, каб былі прыняты канкрэтныя меры дапамогі дэмакратычнай Беларусі. Лічу, што маё рашэнне дапаможа рэальнаму вызваленню маёй жонкі і сына, якія знаходзяцца ў закладніках у рэжыму Лукашэнкі", — перадае сайт "Хартыя'97" словы Саннікава.

Дарэчы, гэта другі экс-кандыдат у прэзідэнты Беларусі, які папрасіў прытулку за мяжой. Раней такое ж рашэнне прыняў Алесь Міхалевіч.

Пра тое, што Саннікаў папрасіў прытулку ў Вялікабрытаніі, паведаміла яго жонка, журналістка Ірына Халіп. Калі палітык папрасіў прытулку, яна не ўдакладніла. Па словах Халіп, якія пераказвае БелаПАН, сям'я Саннікава вырашыла пакуль нічога больш не каментаваць.

Нагадаем, што жонка экс-кандыдата ў прэзідэнты знаходзіцца ў Мінску: паводле прысуду суда яна не мае права пакідаць краіну. У гутарцы з "Комсомольской правдой" яна нагадала, што ўлетку 2013 года суд паўторна разгледзіць яе справу. Нагадаем, што па "справе 19 снежня" Халіп была асуджаная на два гады пазбаўлення волі з адтэрміноўкай пакарання на два гады.

Нагадаем, што ў верасні палітычнага прытулку ў Польшчы папрасіў таксама найбліжэйшы паплечнік Саннікава Зміцер Бандарэнка.

Фота — БелаПАН

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі