Анархістаў Дзядка, Аліневіча, Францкевіча прызналі палітычнымі вязнямі

Да такой высновы
праваабаронцы прыйшлі пасля аналізу так званай “справы анархістаў”. Як
падставы яны называюць тое, што папярэдняе следства па крымінальнай справе
суправаджалася сур'ёзнымі працэсуальнымі парушэннямі, у тым ліку парушаліся
правы асуджаных. Як сказала Еўрарадыё праваабаронца Наста Лойка, палітычная
скіраванасць справы была бачная адразу:

111005 LoykaS.mp3

Лойка: "Сама
гэтая справа вялася з верасня мінулага года, калі прадстаўнікоў анархічнага
руху проста пачалі масава затрымліваць. І ўжо было зразумела, што імі не проста
так цікавяцца. І было відавочна, што гэта звязана з іх поглядамі. Потым
развіццё падзеяў паказала, што там вельмі шмат непацверджаных фактаў, што
дастаткова дзіўнае само следства і што асноўныя доказы — гэта паказанні тых
людзей, якіх проста запужалі"
.

Лойка кажа, што
адназначна прызнаваць анархістаў палітвязнямі было складана. Але пасля аналізу
матэрыялаў справы, прысуду, пратаколаў судовых паседжанняў у праваабаронцаў
сумневаў не засталося.

Адзначым, што па
справе праходзілі пяць чалавек, але палітвязнямі прызнаныя толькі трое з іх.
Лойка тлумачыць гэта тым, што Максім Веткін і Яўген Сілівончык пайшлі на
супрацу са следствам і агаворвалі іншых:

Лойка:
"Па-першае, гэтыя трое адбываюць пакаранне, у іх пазбаўленне волі,
дастаткова вялікі тэрмін — ад 3 да 8 гадоў. Астатнія двое атрымалі абмежаванне
волі. На судзе яны сябе дастаткова дзіўна паводзілі: яны агаворвалі ў некаторых
момантах астатніх абвінавачаных. Мы будзем асобна вызначаць, ці надаваць ім
такі статус. Яны пайшлі шляхам супрацоўніцтва са следствам і атрымалі за гэта
мяккае пакаранне. А менавіта тыя людзі, якія не прызналі сваю віну ў большасці
эпізодаў, якія ім інкрымінавалі, якія знаходзяцца ў зняволенне беспадстаўна, як
мы лічым, гэта менавіта гэтыя тры асобы"
.

Фота: ria.ru