Аляксандр Памідораў прэзентаваў пачатак праграмы "Чорныя грушкі пагрому"

120912 Malina Pamidor.mp3

Аляксандр Памідораў не можа без сюрпрызаў. То пельменямі накорміць на прэзентацыі альбома, то пачастуе алкаголем прысутных на канцэртах, то запросіць каго для выканання дуэтаў... Вось і днямі на канцэрце гурта Pomidor/OFF у "Графіці" другое аддзяленне Аляксандр зрабіў акустычным. Прычым, на сцэне нечакана з'явіўся журналіст "Еўрарадыё" Павел Свярдлоў, які адразу ж адзначыў, што ён не музыка, і яму сорамна трымаць інструмент "пры жывым Сяргеі Канановічы" (вядомы беларускі гітарыст, а ў праекце Pomidor/OFF басіст — заўв. Еўрарадыё).

"Усё гэта мусіла называцца "Чорныя грушкі пагрому", — тлумачыць Аляксандр Памідораў. — Гэта такія рэфлексіі з нагоды падзеяў якія адбываліся ў нашай краіне пасля 19 снежня, уся гэтая істэрыя, з-за якой ужо было немагчыма дыхаць. Карацей, пачнём мы са спробы зрабіць беларускі шансон, і тут пачуццё гумару мусіць быць у пазіцыі "укл".

І дуэт заспяваў песню пра Наталлю Радзіну, якая ніяк не магла дайсці дамоў, бо яе ўвесь час арыштоўвалі. Публіка рэагавала вельмі станоўча і з разуменнем, хоць трэкі былі абсалютна розныя па настроі: прагучалі нават першыя песні, якія Памідораў напісаў у жыцці.

Агулам жа, выступ дуэта Памідораў-Свярдлоў вельмі нагадваў адраджэнне колішняга праекта Аляксандра "П'яныя госці". Сам жа музыка прызнаўся, што гэты выступ назваць працягам праекта пакуль не можа, хоць цалкам магчыма, што да гэтага дойдзе.

"Аднойчы мы з Паўлам пайгралі разам, і мне гэта нагадала часы самага-самага пачатку "П'яных госцей", — узгадвае дзеючы рок-кароль. — Таму я і прапанаваў Пашы выступіць разам, тым больш, што ёсць песні, якія трэба было выканаць. Карацей, збег акалічнасцяў. Але калі з гэтага атрымаецца працяг які-небудзь, я буду толькі вельмі рады. Нават больш скажу, я паспрабую зрабіць так, каб у гэтага быў працяг".

А вось Паўлік відавочна хваляваўся, нават, каб адцягнуць увагу публікі ад сваёй ігры паспрабаваў напачатку зрэзаць з гітары дзве тоўстыя струны. Але яны не паддаліся нажу журналіста і давялося карыстацца інструментам паўнавартасна.

Праўда, вынікам Свярдлоў застаўся задаволены, маўляў, калі яшчэ пайграеш на сцэне з "Рок-каралём".

"У нас было дзве рэпетыцыі, адна 25 хвілін, другая — 40 хвілін, таму давялося граць у жанры інтуітыўнай імправізацыі, — дзеліцца ўражаннямі журналіст-гітарыст. — Як мне падалося, пяць першых песень я сыйграў лепш, а пяць другіх песень — горш. Але паводле водгукаў публікі, пяць першых песень — я ўвогуле ні пра што, а пяць другіх — усё нармальна. А жонка Памідорава, вядомая піяністка Дар'я Мароз, увогуле сказала, што ўсе дзесяць песень я граў "Хаву нагілу", і цалкам магчыма, што гэта слушна".

Электрычныя ж аддзяленні канцэрта Pomidor/OFF прайшлі роўна, так як і заўсёды: на пачатку выступу Аляксандр ці то з-за хвалявання, ці яшчэ з-за чаго бывае не трапляе ў ноты, але шчаслівыя прыхільнікі гэтага не чуюць. Потым усе губляюцца ва ўласных думках падчас выканання "Крывавага свята". Нарэшце ўсё становіцца на свае месцы і пад канец на месцах сядзяць толькі лайдакі. Праўда, каб не журналісты "Еўрарадыё", якія прыйшлі падтрымаць калегу амаль усёй рэдакцыяй, гэты канцэрт Pomidor/OFF рызыкаваў стаць  першым "сядзячым". Але не стаў!

Відэа: Слава Радзівонаў (ultra-music.com)

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі