Аляксандр Глеб: Я ў БАТЭ праз любоў да клуба, грошы ніякай ролі не граюць

Абодва футбалісты трапілі ў БАТЭ праз форс-мажор – адразу некалькі ключавых гульцоў барысаўскай каманды зараз абараняюць колеры алімпійскай зборнай краіны ў Лондане. А БАТЭ трэба неяк граць у Лізе чэмпіёнаў. Трэнер барысаўцаў Віктар Ганчарэнка лічыць, што Глеб і Васілюк заменяць сабой Брэсана і Багу.

120730 Zybluk Bate.mp3
“Прыход моцных гульцоў заўсёды натхняе каманду. А тых гульцоў, якія могуць вырашыць вынік гульні – тым больш. Мы верым, што тыя задачы, якія перад намі стаяць, мы з прыходам Глеба і Васілюка выканаем”.


Галоўны трэнер на пытанні аб нечаканым з’яўленні Аляксандра Глеба ў БАТЭ адказвае каротка і дакладна – бачна, што статус апошняга не да канца зразумелы. Невядома нават, ці будзе Глеб гуляць у матчах чэмпіянату Беларусі – Ганчарэнка так і не адказаў на гэтае пытанне прама, таямніча намякнуўшы на “кантракт, які абавязвае”. Дакладна вядома, што і Глеба, і Васілюка мы ўбачым у складзе барысаўцаў у гульні супраць венгерскага “Дэбрэцэна”. Гэты матч 3-га кваліфікацыйнага раунда Лігі чэмпіёнаў пройдзе на дамашнім стадыёне БАТЭ 1 жніўня.


Што да самога Глеба, то ён на стадыёне ў Барысаве трымаецца абсалютна разняволена – нават ходзіць у жоўтай кашульцы, нібы прымерваючыся да новых клубных колераў. А таксама на “ты” вітаецца з супрацоўнікамі адміністрацыі, жартуе з дзяўчатамі-журналісткамі і заяўляе, што рад пагуляць з тымі, каго даўно і добра ведае.


“Мы даўно адзін аднаго ведаем і добра разумеем. І з таго часу, калі яшчэ гулялі разам, сябруем. Таму я рад трапіць у БАТЭ і пагуляць пад кіраўніцтвам гэтых хлопцаў, разам з імі”


Разам з тым Глеб не хавае, што мае прапановы з еўрапейскіх клубаў. У першую чаргу – з нямецкіх, нават назваў адзін з іх – “Гамбург”. Але пераход на месяц у БАТЭ лічыць крокам наперад у параўнанні з гульнёй за расійскія “Крылы саветаў”. Маўляў, барысаўскі клуб больш вопытны і моцны.


“БАТЭ пастаянна гуляе ў еўрапейскіх турнірах. Гульцы ўжо ў зборных пагулялі не адну гульню. Узровень высокі, вопыт. Я думаю, што БАТЭ па якасці футбалістаў і іх узроўні пераўзыходзіць “Крылы саветаў”.


Раман Васілюк, у адрозненне ад Глеба, больш маўчыць і на ўсе пытанні адказвае літаральна адным словам. Перайсці ў БАТЭ быў рад і пастараецца забіць. Вось і ўсё, што атрымалася выцягнуць з нападаючага ў дзясятка журналістаў. А Глеб (верагодна, ссумаваўшыся па беларускай прэсе) нават сентыментальна заявіў, што у БАТЭ прыйшоў толькі праз любоў да каманды. Маўляў, грошы яго ў дадзеным выпадку не цікавяць.


“Хлопцы, я тут – праз любоў да клуба. Грошы ніякай ролі ўвогуле не граюць”.


Ці не паўторыць Аляксандр Глеб лёсу знакамітага серба Матэа Кежмана, які ў мінулым годзе гэтаксама падрадзіўся дапамагчы БАТЭ ў Лізе чэмпіёнаў, а ў выніку не забіў ніводнага мяча і нават з Ганчарэнка не развітаўся, уцякаючы ў Бялград, убачым неўзабаве. Як мінімум, дзве гульні супраць венгерскага “Дэбрэцэна” Аляксандр згуляе. Першая з іх ужо ў бліжэйшую сераду – 1 жніўня.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі