Алоўкі Палаце прадстаўнікоў купляе… Кіраўніцтва справамі прэзідэнта

130401_savich_zakupki.mp3

Еўрарадыё заўважыла, што на сайце дзяржзакупак шмат якія міністэрствы нічога не набываюць. Няўжо, напрыклад, Адміністрацыі прэзідэнта нічога і не патрэбна?

У ГГУ “Кіраўніцтва справамі прэзідэнта” тлумачаць, што план закупак ёсць.

“Яны праз нас купляюць, план закупак ёсць, яны проста не абвяшчалі закупак”.

У гадавым плане закупак Адміністрацыі прэзідэнта значацца фуражкі, серверы, гузікі залацістага колеру, свісткі са шнурком і нават наморднікі з нашыйнікамі, 13 тон гароху і 2 тоны часнаку! Усяго болей за 800 пазіцый. 

У тэндарах не заўважаныя Канстытуцыйны і Вярхоўны суды.

Еўрарадыё тлумачаць, што яны сапраўды не купляюць нічога праз сайт дзяржзакупак:

“Канцтавары, алоўкі нейкія купляюць — хіба гэта дзяржзакупкі?” — пытаюцца ў мяне ў Канстытуцыйным судзе і дадаюць, што гэта для ўнутранага карыстання. Таму не варта аб’яўляць і нейкія тэндары! Цікавая рэч!

У планах закупкі Камітэта дзяржкантролю самыя простыя тавары: папера, алоўкі, нейкая мэбля і гэтак далей.

Ад сваіх тэндараў Камітэт дзяржкантролю нават пакутуе, бо гандляры не ведаюць, ці гэта сапраўды патрэбна камітэту, ці, можа, праверка:

“Не хочуць мець з намі справы. У нас гэта ўсё вельмі цяжка праходзіць, усё дасканала правяраецца. А гандляры думаюць, што праверка”.

Тут даюць справаздачу за кожны аловак.

“Выдалі чалавеку аловак — ён павінен распісацца. На нейкія закупкі праходзіць па шэсць дакументаў!”

У прыёмнай Савета Рэспублікі і ў Палаце прадстаўнікоў Нацыянальна сходу на пытанне Еўрарадыё, дзе вашыя закупкі алоўкаў ды камп'ютараў, нечакана адказваюць, што закупляюцца праз… Кіраўніцтва справамі прэзідэнта. Больш за тое, у парламенце кажуць, што папера ім і не асабліва трэба:

“Нам папера не патрэбная — усё на камп'ютары запісваем. А так у нас няма сваёй бухгалтэрыі. Скарачэнне, каб не было разадзьмутага гэтага апарату гаспадарчага...”.

А вось за Міністэрствам жыллёва-камунальнай гаспадаркі на сайце дзяржзакупак больш за сотню тэндараў. Але тут, калі чуюць пра закупкі, адразу кідаюць:

“Міністэрства нічога не купляе. Грошай няма!”.

Насамрэч, як даведалася Еўрарадыё, калі нешта патрэбна міністэрству — закупкамі займаецца падначаленая арганізацыя “Камунальнік”. Чаму такая хітрая схема, тут тлумачаць, што ў міністэрстве няма спецыяльнага аддзелу на гэта. Цягам размовы высвятляецца цікавая акалічнасць: калі прадавец прапаноўвае тавар не беларускай вытворчасці, дык яго прапановы будуць разглядацца ў апошнюю чаргу.

“Канешне, перш за ўсё разглядаюць беларускую прапанову, калі ў заданні не прапісана іншае — да прыкладу, што фасад трэба фарбаваць менавіта такой фарбай”.

І гэтай акалічнасці павінны прытрымлівацца ўсе ведамасныя арганізацыі. Ці будуць тады чыноўнікі замест Toyota купляць беларуска-кітайскія аўтамабілі?

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі