Алесь Міхалевіч: Хто б ні стаў прэзідэнтам, упэўнены, жыць стане горш

У новым відэапраекце Еўрарадыё "Кандыдата ў студыю!" Алесь Міхалевіч прадказаў непазбежнасць рэформ і рост злачыннасці, патлумачыў, чаму бюджэтнікам не хутка павысяць заробкі, і прапанаваў сваё рашэнне жыллёвай праблемы.



— Чаму вы вырашылі, што здольныя стаць прэзідэнтам?

— Я ўпэўнены, што ў мяне дастаткова ведаў, досведу для таго, каб кіраваць краінай, што я разумею, што патрэбна людзям. І я магу зрабіць так, каб людзі атрымалі таго прадстаўніка, якога яны заслугоўваюць. Для мяне прэзідэнт — гэта наёмны работнік, дырэктар, якога наймаюць людзі. І я ўпэўнены, што я буду эфектыўным кіраўніком.

— У свядомасці людзей Лукашэнка атаясамлівае стабільнасць. А што прапануеце людзям вы?

— Я прапаную людзям мадэрнізацыю розных сфераў жыцця з развіццём таго добрага, што ўжо на сённяшні дзень ёсць у Беларусі.

— Алесь Міхалевіч дамогся свайго і стаў прэзідэнтам. Ці ёсць у вас людзі, каб паставіць на месца сённяшніх міністраў, губернатараў, іншых кіраўнікоў? 

— Упэўнены, што ў мяне ёсць людзі, з якіх можна сфармаваць урад. Гэта, у тым ліку асобы, якія сёння дастаткова вядомыя. Некаторыя з іх — гэта маладыя спецыялісты. Што тычыцца губернатараў, то я веру ў мясцовае самакіраванне. Я веру, што кіраўнікі абласцей і кіраўнікі гарадоў павінны выбірацца жыхарамі гэтых гарадоў.

— З вамі прыйдзе цалкам маладая каманда ці нехта з сённяшніх міністраўзастанецца на сваёй пасадзе?

— Будзем глядзець, зыходзячы з прафесійнага ўзроўню тых ці іншых людзей. Але для мяне вельмі важна, каб у Беларусі стварылася сістэма, дзе прыход новага міністра — гэта прыход міністра, яго намеснікаў. І прыход так званага палітычнага кабінета: дарадцаў, якія распрацоўваюць палітыку. Каб кожная замена міністра не мяняла цалкам усю структуру міністэрства, каб не мяняла ўсіх людзей, якія працуюць у гэтым міністэрстве.

 Што рабіць з “Белай Руссю” і БРСМ?

— Кожная грамадская арганізацыя мае права на існаванне. Я за тое, каб людзі маглі сустрэцца і заснаваць грамадскую арганізацыю. Калі гэта грамадская арганізацыя не супярэчыць заканадаўству ў частцы таго, што яна не прапагандуе фашызм, гвалт, ксенафобію і гэтак далей — тады яна права на існаванне, мае права на жыццё. Тое самае будзе з “Белай Руссю” і БРСМ: яны маюць права на існаванне. Іншая гісторыя — ці будуць яны мець дзяржаўную падтрымку. Упэўнены, што дзяржаўная падтрымка грамадскіх арганізацый павінна ажыццяўляцца на конкурснай аснове. І ў мяне няма ўпэўненасці, што “Белая Русь” і БРСМ сёння самыя эфектыўныя арганізацыі, якія робяць самыя эфектыўныя праграмы.

 Колькі мусіць быць супрацоўнікаў праваахоўных органаў на пэўную колькасць насельніцтва? Нашая колькасць міліцыі адпавядае гэтаму ці не? Што будзе з ёй?

— Незалежна ад таго, хто зараз прыйдзе да ўлады, кіраўнікі дзяржавы вымушаны будуць праводзіць сур’ёзныя эканамічныя рэформы. Вядома, што падчас эканамічных пераўтварэнняў злачыннасць расце, злачыннасць вылазіць на паверхню. Таму, на мой погляд, не трэба гаварыць пра неабходнасць скарачэння міліцыі. Іншае пытанне, што ў міліцыі зараз служыць вельмі шмат людзей, якія не нясуць непасрэднай працы па ахове грамадскага правапарадку і па пошуку злачынцаў: гэта розныя прафесійныя службы, экспертныя службы, гэта абсалютна розныя падраздзяленні, якія ходзяць у форме, але непасрэдна міліцэйскай працай не займаюцца. Гэтыя людзі будуць пераведзеныя ў стан звычайных цывільных супрацоўнікаў.

 Як стрымаць штодзённы рост коштаў? Ці трэба ўсё адпусціць і чакаць, пакуль усё “само ўстаканіцца”?

— Я не веру ў дзяржаўнае рэгуляванне цэнаў. Цэны вызначае рынак. Іншае пытанне — вельмі важна зрабіць так, каб людзі мелі адпаведныя даходы, каб людзі шмат зараблялі. І вось на гэта акурат дзяржава непасрэдным чынам уплывае.

 Ці трэба зараз узяць і зачыніць усе нерэнтабельныя прадпрыемствы?

— Калі прадпрыемства вінна грошы іншым суб’ектам гаспадарання, то адзіным сродкам спагнаць гэтыя грошы з'яўляецца працэдура банкруцтва. Таму зразумела, што ў пэўны момант, плаўна, не адразу, спыніцца падтрымка і штучнае ўтрыманне на плыву нерэнтабельных прадпрыемстваў. Гэта абсалютна нармальная сусветная практыка, і нікуды Беларусі ад гэта не сысці. Калі прадпрыемства стратнае — давайце інвестуем тыя грошы, што можна аддаць гэтаму прадпрыемству, на стварэнне новых высокатэхналагічных вытворчасцяў, якія будуць даваць вялікія падаткі і вялікія даходы, у тым ліку і дзяржаве. Гэта адзіны спосаб. Утрымліваць сённяшнюю неэфектыўную сістэму ў сённяшнім беларускім бюджэце грошай няма. Трэба шукаць патэнцыйнага інвестара. Калі ёсць патэнцыйны інвестар, які гатовы ўзяць гэтае прадпрыемства на сябе з утрыманнем значнай часткі супрацоўнікаў — гэта трэба рабіць і такія варыянты шукаць. Зразумела, трэба будзе праводзіць дастаткова вялікую прыватызацыю. Дзяржава не можа адказваць за ўсё. Калі дзяржава адказвае за ўсё, пачынаюцца вельмі дрэнныя працэсы, пачынаецца неэфектыўнасць. Трэба шукаць прыватнага ўласніка. Іншае пытанне — не трэба рабіць гэта сёння на заўтра.

 Ці ёсць ужо праграма, куды падзець людзей, якія страцяць працу?

— Трэба думаць не толькі пра тое, як уратаваць сённяшнія прадпрыемствы. Трэба думаць, як прыцягнуць новыя вытворчасці. Няхай невялікія, няхай вельмі энергаашчадныя, вельмі эфектыўныя. І калі такіх прадпрыемстваў будзе адкрывацца дзясяткі, сотні, то гэта дасць працу тым людзям, якія сыдуць з дзяржаўных прадпрыемстваў.

 Якім чынам вы плануеце змагацца з алкагалізмам?

— На сённяшні дзень абсалютная большасць пладова-ягадных вінаў — гэта так званыя “мацаваныя”. Пладова-ягадныя віны, якія, па вялікім рахунку, не маюць нічога супольнага ні з пладамі, ні з ягадамі, ні з віном. Я прапаную абмежаваць вытворчасць такіх вінаў. Дэ-факта зрабіць так, каб маглі вырабляцца толькі звычайныя пладова-ягадныя віны ў выніку браджэння. Як сідр ці штосьці падобнае, што не ўтрымлівае дадатковага алкаголю. Упэўнены, гэта значна панізіць алкагалізацыю насельніцтва. Плюс да гэтага трэба ўвесці сур’ёзны кантроль над вытворчасцю алкагольных напояў. Апроч співання яшчэ велізарная праблема ў тым, што людзі п’юць няякасную прадукцыю і ў выніку проста паміраюць ад пабочных хваробаў. Яны не дажываюць да цырозу печані, паміраюць ад іншых, нашмат больш хуткіх і сур’ёзных хвароб. Што датычыцца алкагалізацыі, то ёсць універсальнае правіла: там, дзе людзі могуць працаваць на сябе, дзе яны могуць зарабляць грошы, дзе яны могуць пачаць сваю справу, — людзі перастаюць піць.

 Жыллёвая праблема: як яе вырашыць?

—Людзі павінны мець магчымасць на сябе працаваць, павінны мець магчымасць нармальна зарабляць. Ніякія дадатковыя меры дзяржавы не вырашаць гэтае пытанне, калі ў людзей няма грошай для таго, каб будаваць новае жыллё, каб набываць жыллё на другасным рынку. Таму без мадэрнізацыі эканомікі, без прыцягнення інвестыцый пытанне жыллёвага будаўніцтва вырашана не будзе. З іншага боку, дзяржава павінна стварыць усе магчымыя ўмовы дзеля таго, каб працаваў крэдытны рынак. На сённяшні дзень у Беларусі не працуе іпатэка. Гэта калі чалавек хоча ўзяць крэдыт пад залог сваёй нерухомасці. Дэ-факта ён зрабіць гэтага не можа, бо гэтую кватэру немагчыма адабраць. Банк не можа гэтую кватэру забраць, бо ёсць непаўналетнія дзеці, на абароне якіх стаіць дзяржава. І ў выніку людзі не могуць узяць крэдыт, нават калі яны могуць яго аплачваць.Таму я ўпэўнены, што пытанне жыллёвага будаўніцтва — гэта не аўтаномная частка дзяржаўнай палітыкі. Трэба вырашыць пытанне мадэрнізацыі вытворчасці, прыцягнення інвестыцый. І тады, калі людзі будуць мець магчымасць зарабляць сур’ёзныя грошы, яны вырашаць самі: ці ім патрэбна патраціць гэтыя грошы на пабудову новай кватэры, ці на тое, каб 4 разы на год ездзіць адпачываць у цёплыя краіны за вельмі вялікія грошы.

 Ці патрэбнае Беларусі размеркаванне?

— Упэўнены, што прымусовае размеркаванне Беларусі непатрэбнае, і яго трэба як мага хутчэй адмяняць.



 Бывае, чалавек ідзе ва ўладу з лепшымі намерамі, але калі становіцца прэзідэнтам, то пачынае інакш глядзець на рэчы. Ці верыце ў свае сілы, у то, што вашыя погляды не зменяцца?

— Я веру, што мае погляды не зменяцца. Адзін з асноўных пунктаў маёй праграмы называецца “Актыўнае грамадства”. Я хачу зрабіць так, каб людзі маглі самі вырашаць, што ім трэба, каб яны абіралі мясцовых кіраўнікоў, каб яны маглі пачынаць сваю справу ў бізнесе, спакойна ствараць сваю грамадскую арганізацыю, не баяліся ўдзельнічаць у жыцці прафсаюза. “Актыўнае грамадства” — гэта тое, ў што я веру. Толькі тады, калі грамадства будзе кантраляваць дзяржаву, дзяржава будзе працаваць эфектыўна.

 Ці не стане жыццё горш, чым яно ў нас зараз ёсць?

— Скажу непапулярную рэч: незалежна ад таго, каго выберуць прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь 19 снежня 2010 года, упэўнены, што жыць стане горш. Наколькі доўга будзе цягнуцца гэтае пагаршэнне і калі пачнецца паляпшэнне — залежыць ад таго, хто будзе абраны прэзідэнтам Беларусі.

 Ваш адказ прадугледжвае, што калі будзе абраны Аляксандр Рыгоравіч, то будзе тое ж самае?

— Безумоўна. Незалежна ад таго, хто будзе абраны 19 снежня, я ўпэўнены, што жыццё пагоршыцца.

— Мяне хвалююць узаемаадносіны з Расіяй, бо я там працую. Аб’яднаемся мы ў рэшце ці не? Увядзем адзіную валюту ці не?

— З Расіяй мы не аб’яднаемся, адзіную валюту не ўвядзем. Але ўпэўнены, што з Расіяй будуць эфектыўныя гандлёвыя добрасуседскія ўзаемаадносіны.

 Як вы зробіце, каб у людзей быў большы заробак?

— Грошай на павышэнне заробкаў у бюджэце няма. Яны проста не прадугледжаныя. Для таго, каб яны з’явіліся ў бюджэце, іх трэба спачатку ў кагосьці забраць. Таму ў бліжэйшы час пра павышэнне заробку, асабліва бюджэтнікам, вельмі складана казаць, і я гэтага не абяцаю. З другога боку, калі будзе мадэрнізавана прамысловасць, калі беларуская эканоміка будзе развівацца, калі ў нас будзе эканамічны рост, то гэта будзе ўплываць на рост заробкаў. Але для таго, каб пачаўся рэальны рост заробкаў, не проста ў рублёвым эквіваленце, а ў рэальнай пакупніцкай здольнасці, — для гэтага трэба мадэрнізаваць прамысловасць, трэба сур’ёзная мадэрнізацыя ўсяго нашага грамадства.

 Ці рэальны ўезд грамадзян Беларусі ў Еўрасаюз без віз? Наколькі гэта рэальна і калі гэта магчыма?

— Упэўнены, што бязвізавы ўезд у Еўрасаюз — гэта рэальна. Гэта дасягальна цягам адной прэзідэнцкай кадэнцыі. Нагадаю, што прэзідэнцкая кадэнцыя — гэта 5 гадоў. У той жа час не абяцаю ўваходжання ў Еўрапейскі саюз. Уваходжанне ў Еўрасаюз, на мой погляд, у бліжэйшыя 10 год — гэта не рэалістычная мэта, гэта — не рэальная мэта. Калі стану прэзідэнтам, адным з першых рашэнняў будзе адмена беларускіх віз для грамадзян Еўрасаюза. Зразумела, дзяўчатам, якія задалі гэтае пытанне, адразу не дапаможа, але развіццё адносінаў з краінамі Еўропы ў кожным выпадку прывядзе да таго, што будзе ўсё больш лабістаў, якія будуць прапаноўваць у Еўрасаюзе адмяніць візы для грамадзян Беларусі.

 Ці будзеце вы ўцягваць сваіх жонак у вялікую палітыку? І ў якім выглядзе гэта будзеце рабіць?

— Калі я вырашыў балатавацца ў прэзідэнты, мая жонка сказала, што пагодзіцца на гэта пры ўмове, што яна не будзе ніякім чынам ўцягнутая ў палітыку, у выбарчую кампанію. Таму мая жонка і не будзе ўцягнутая ў выбарчую кампанію. Зразумела, калі я буду абраны прэзідэнтам, ёсць пратакольныя мерапрыемствы, на якіх павінна прысутнічаць жонка прэзідэнта. Гэта будзе той мінімум, які, на мой погляд, прыняты ў еўрапейскіх краінах. Без актыўнага ўмяшання жонкі прэзідэнта ў палітыку. Але, з другога боку, з прысутнасцю жонкі на важных пратакольных мерапрыемствах.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі