Акцыя салідарнасці з палітвязнямі "Люблю Беларусь" адбылася у Мінску ў Дзень Святога Валянціна побліз Чырвонага касцёла.
Прадстаўнікі незалежнага грамадства супольна маліліся каля касцёла. Прысутныя ўсклалі знічкі, кветкі, зачыталі ўрыўкі з артыкулу "Любоў" кнігі "Люблю Беларусь" Паўла Севярынца, які на цяперашні момант знаходзіцца пад вартаю ў турме КДБ, паведамляе прэс-служба Маладога Фронту.
Акрамя традыцыйнай малітвы за зняволеных і спеваў беларускага духоўнага гімна "Магутны Божа" удзельнікі акцыі выклалі на снезе сэрца з палаючых свечак. Прычым унутры сэрца была Беларусь.
А яшчэ актывісты пакінулі ля скульптуры арханёла Міхаіла разам са свечкамі 36 адмысловых валянцінак з сэрцайкамі ў форме Беларусі па колькасці палітзняволеных, якія знаходзяцца зараз у СІЗА КДБ, уключна са зняволеным у Жодзіна Змітром Дашкевічам і палітвязнем Мікалаем Аўтуховічам, паведамляе прэс-служба БХД.
фота:прэс-служба МФ